Тыраназа́ўр ( — «яшчар-тыран», ад tyrannos () — «тыран» і saurus () — яшчар, яшчарка) — род драпежныхдыназаўраў з групы цэлуразаўраў, падатрада тэраподаў. Від Tyrannosaurus rex ( — «кароль»), назву якога часта скарачаюць да T. rex, здабыў вельмі вялікую вядомасць і заняў трывалае месца ў папулярнай культуры. Ён насяляў Паўночную Амерыку, а дакладней, яе заходнюю частку, якая ў тыя часы была востравам пад назвай Ларамідыя, прычым быў больш распаўсюджаны, чым іншыя тыраназаўрыды. Акамянелыя рэшткі тыраназаўра знаходзяць у розных геалагічных фармацыях, якія датуюцца маастрыхцкім векам познемелавой эпохі, гэта значыць прыкладна 67—65,5 мільёнаў гадоў назад. Гэта быў адзін з апошніх нептушыных дыназаўраў, якія існавалі перад катаклізмам, што паклаў канец эры дыназаўраў (мел-палеагенавым выміраннем).

Як і іншыя тыраназаўрыды, тыраназаўр быў двухногім драпежнікам з масіўным чэрапам, які ўраўнаважваўся доўгім цяжкім хвастом. У параўнанні з вялікімі і магутнымі заднімі канечнасцямі гэтага яшчара яго пярэднія лапы былі зусім невялікімі, але незвычайна магутнымі для свайго памеру і мелі два кіпцюрастыя пальцы. Гэта быў найбуйнейшы дыназаўр свайго сямейства, адзін з найбуйнейшых сярод усіх тэраподаў і адзін з самых вялікіх наземных драпежнікаў за ўсю гісторыю нашай планеты. Самы буйны з вядомых поўных шкілетаў гэтага яшчара мае даўжыню 12,3 метра, вышыню да сцягна 4 метра, а вага гэтай асобіны пры жыцці дасягала 6,8 тон. Як самы вялікі драпежнік у сваёй экасістэме, тыраназаўр, хутчэй за ўсё, быў звышдрапежнікам і паляваў на гадразаўраў, цэратапсаў і, магчыма, нават на заўраподаў. Аднак некаторыя даследчыкі мяркуюць, што харчаваўся ён пераважна падлай. Больш таго, спрэчка аб тым, ці з'яўляўся тыраназаўр усёмагутным паляўнічым і звышдрапежнікам, або проста некрафагам, было адным з самых напружаных і зацяжных у гісторыі палеанталогіі. Цяпер большасць спецыялістаў лічыць, што тыраназаўр быў драпежнікам-апартуністам, гэта значыць мог і паляваць, і харчавацца падлай.

Увогуле было ідэнтыфікавана больш за 30 шкілетаў тыраназаўраў, некаторыя з іх захаваліся амаль цалкам. Прынамсі ў адным з узораў былі выяўлены мяккія тканкі і бялкі. Дастатак матэрыялу дазволіла правесці сур'ёзныя даследаванні шматлікіх аспектаў біялогіі гэтай жывёлы, уключаючы жыццёвую гісторыю і нават біямеханіку. Асаблівасці харчавання, фізіялогія і хуткасць руху — гэта толькі нямногія з прадметаў навуковых спрэчак. Дыскусійная і таксанамія гэтага роду — да прыкладу, некаторыя спецыялісты адносяць да яго толькі адзін від (T. rex), а некаторыя ўключаюць у гэты род і тарбазаўра, вядомага з мелавых адкладаў Манголіі. Часам з тыраназаўрам сінанімізіруюць і некаторыя роды паўночнаамерыканскіх тыраназаўрыдаў.

Літаратура

Спасылкі

Профіль тыраназаўра ў Энцыклапедыі дыназаўраў і выкапнёвых рэптылій. У Кітаі знайшлі тыраназаўра-«Пінокіа» Англамоўны сайт пра дыназаўраў.

Катэгорыя:Дыназаўры мелавага перыяду † Катэгорыя:Дыназаўры Паўночнай Амерыкі Катэгорыя:Тыраназаўры