Касцёл Божага Цела — каталіцкі храм у вёсцы Багушэвічы (Бярэзінскі раён). Помнік дойлідства несапраўднай готыкі.

Касцёл пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. да 1863 г. з цэглы як фамільная пахавальня ўладальнікаў сядзібы Свентаржэцкіх у цэнтры вёскі, на левым беразе ракі Уса (тэрыторыя старажытнага гарадзішча). Уваходзіла ў склад сядзібна-паркавага ансамбля.

Архітэктура Шасцігранны ў плане будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. З заходняга боку да яго прымыкае прамавугольная ў плане апсіда, з усходняга — прытвор (бабінец) з стральчатым уваходным парталам. Па кутах будынку масіўныя контрфорсы, якія завяршаюцца фіяламі. У цэнтры ўзвышаецца шасцігранная шатровая вежа, увянчаная шпілем. Сцены і грані вежы прарэзаныя стральчатымі аконнымі праёмамі і нішамі, апяразаныя аркатурнымі фрызамі. Унутраная прастора капліцы перакрытая зорчатым скляпеннем з ляпнымі нервюрамі. Вузкая лесвіца вядзе на хоры з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё) ва ўсходняй частцы асноўнага аб'ёму. Філёнгавыя ўваходныя дзверы стральчатага абрысу дэкарыраваныя арнаментальнай разьбой з выявамі мудрагеліста сплеценых паміж сабой вензеляў, віньетак, лістоў і галінак. У капліцы была крыпта—пахавальня.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Капліцы-пахавальні Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Катэгорыя:Багушэвічы (Бярэзінскі раён) Катэгорыя:Свентаржэцкія Катэгорыя:Касцёлы Бярэзінскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі