Каба-Вердэ, Рэспубліка Каба-Вердэ (РКВ) (, вымаўляецца ˈrepublika dɨ kabu ˈveɾdɨ) — астраўная дзяржава ў Атлантычным акіяне каля ўзбярэжжа Заходняй Афрыкі. Архіпелаг складаецца з 18 астравоў — 10 буйных (9 заселеных) і 8 дробных. Тэрыторыя краіны — 4,033 тыс. км².

Насельніцтва 485,6 тыс.чал., складаюць мулаты партугала-афрыканскага паходжання (каля 71 %), банту (28 %), еўрапейцы (пераважна партугальцы) — 1 %.

Сталіца — Прая (востраў Сант’ягу), насельніцтва каля 125 тыс. жыхароў.

Нацыянальнае свята — Дзень нацыянальнай незалежнасці — 5 ліпеня. Афіцыйная мова — партугальская, таксама шырока ўжываецца крэольская мова. Асноўную рэлігію — каталіцтва, вызнае каля 90 % насельніцтва. Грашовая адзінка — эскуда (станам на 2006 год, 1 дол. ЗША каля 85 эскуда).

Гісторыя

Адкрыццё Распаўсюджана думка, што астравы Каба-Вердэ былі вядомыя карфагенскім і арабскім мараплаўцам, а таксама сярэднявечным заходнеафрыканскім здабыўцам солі. Аднак прамых доказаў гэтага няма.

Першыя згадкі пра астравы з’явіліся ў XV ст. у працах партугальскіх мараплаўцаў Дыега Гомеша і Дыега Афоншу, венецыянскага даследавальніка Алвісэ Ка'Да Моста, генузскіх мараплаўцаў Антоніа і Барталамеа да Нолі. Незадоўга да гэтага быў распачаты план актыўнай каланізацыі астравоў. У 1456 годзе партугальскі кароль Афонсу V атрымаў паведамленне навігатараў, партугальца Дыега Гомеша і генуэзца Антоніа да Нолі, пра адкрыццё бязлюднага вострава на захад ад афрыканскага ўзбярэжжа. Паводле падання, судна навігатараў пацярпела ад буры, таму, узрадаваныя, яны назвалі востраў Боа-Вішта (Цудоўны Выгляд). У наступныя некалькі гадоў былі даследаваны іншыя астравы. Партугальскія картографы злучылі іх пад адзінай назвай Каба-Вердэ па найменні афрыканскага кантынентальнага мыса на захад ад астравоў.

Каланіяльны перыяд

У 1462 годзе з’явілася першае партугальскае паселішча Рыбейра-Грандэ (зараз Сідадзі-Велья) на востраве Санцьягу. У 1463 годзе астравы Каба-Вердэ афіцыйна абвешчаны ўладаннем Партугальскай Кароны. Улічваючы поспех больш ранняга пасялення на Мадэйры, першыя каланізатары распачалі на астравах вытворчасць цукру. Сухі клімат астравоў менш спрыяльны для гэтага, але з развіццём трансатлантычнага гандлю рабамі значэнне і багацце астравоў пачалі павялічвацца. Пэўны час новыя тэрыторыя былі месцам высылкі непажаданых асоб, у тым ліку арыстакратычнага паходжання. Да пачатку XVI ст. пераважала дробная плантацыйная гаспадарка, заснаваная на жывёлагадоўлі і вырошчванні бавоўны і цукровага трыснягу. Праз недахопу таннай працоўнай сілы з 1466 года плантатары ўвозілі афрыканскіх неграў-рабоў.

Паводле рапарта, у 1513 годзе на астравах жыло 162 чалавекі, у тым ліку 130 еўрапейцаў (партугальцаў, галісійцаў і італьянцаў) і толькі 32 негры. Але пасля адкрыцця Амерыкі і ўзнікнення буйных плантацый на поўдні Бразіліі і Антыльскіх астравах Каба-Вердэ ператварыліся ў транзітную базу для гандляроў чарнаскурымі рабамі. Гандаль рабамі і каланіяльнымі таварамі спрыяў хуткаму асваенню незаселеных зямель.

Ужо ў 1582 годзе насельніцтва складала 16000 чалавек, у тым ліку 14000 неграў. Большасць нявольнікаў паходзіла з Гвінейскага ўзбярэжжа, яны розніліся гендэрам, прававым станам, заняццямі і мовай. Большасць аселых рабоў прымусова працавала на плантацыях, але былі таксама рабы-слугі, пастухі, рыбаловы, падмайстры, якія мелі адносную свабоду, уласнасць і нават зброю.

Каба-Вердэ асабліва славілася сваімі пано-тканінамі, якія складаліся з шасці палос тканіны, вырабленай з бавоўны колеру цёмнага індыга і сатканых на вузкіх ткацкіх станках рабамі Каба-Вердэ; тканіны былі цэннай формай валюты для гандлю рабамі на мацерыку.

Змяніўся і статус астравоў. Яны сталі цэнтрам уладанняў Партугаліі ва ўсёй Заходняй Афрыцы. У 1550 годзе была створана пасада намесніка караля, двор якога знаходзіўся на востраве Сант’ягу.

Багацці партугальскіх пасяленцаў вабілі піратаў. Найбольш вядомыя пірацкія акцыі — рабаванне Рыбейра-Грандэ англійскім капёрам Фрэнсісам Дрэйкам у 1585 годзе і французскае ўварванне на Сант’ягу ў 1712 годзе.

Да пачатку XVIII ст. партугальцы паступова страцілі вызначальную ролю ў трансатлантычным гандлі, што абумовіла адток насельніцтва з астравоў і пераарыентацыю эканомікі на сельскую гаспадарку. Экстэнсіўныя формы земляробства і засухі (падчас засухі 1685—1689 гадоў загінула каля 4000 чалавек, у 1773—1775 гадах ад галода памерла каля 28000 чалавек) прывялі да пераразмеркавання зямлі на карысць буйных землеўладальнікаў. Але класічная буйная плантацыйная гаспадарка з-за складаных кліматычных умоў і неўстойлівых коштаў на бавоўну таксама не прыжылася. Таму землеўладальнікі былі вымушаны перадаваць дробныя надзелы ў карыстанне рабам ці ў арэнду вольным пасяленцам.

У XIX ст. вытворчасць таварных культур (бавоўны, тытуню, цукровага трыснягу) паступова пачала саступаць месца вырошчанню зерневых, бабовых, садавіны і гародніны. Важную ролю адыгрывалі марскі промысел, здабыча пемзы і солі, рамонт і абслугоўванне суднаў. Пасля адмены рабства і дазволу на абслугоўванне брытанскіх караблёў галоўны эканамічны цэнтр на некалькі дзесяцігоддзяў перамясціўся ў порт Міндэлу на востраве Сан-Вісенці, хаця адміністрацыйным цэнтрам з 1770 года была Прая на востраве Сант’ягу.

У 2-й палове XIX — пачатку. ХХ ст. партугальскія ўлады праводзілі рэформы ў сваіх каланіяльных уладаннях, што адбілася на становішчы Каба-Вердэ: з 1863 года развівалася прымусовая эміграцыя ў іншыя афрыканскія калоніі (галоўным чынам на востраў Прынсіпі для працы на плантацыях какавы); у 1878 годзе адменена рабства; у 1879 годзе адменена заходнеафрыканскае намесніцтва, у выніку вылучылася Партугальская Гвінея (цяпер Гвінея-Бісау), а астравы Каба-Вердэ былі падпарадкаваны непасрэдна метраполіі; у 1910-я гады прадпрымаліся меры аднаўлення таварнай гаспадаркі — вырошчання на продаж бананаў, ананасаў, кавы і г. д.

Шлях да незалежнасці

Пасля ўсталявання ў 1926 годзе ў Партугаліі дыктатуры Антоніў ды Алівейры Салазара эканамічнае і прававое становішча астравіцян пагоршылася. Падчас засухі 1945—1949 гадоў ад галоднай смерці памерла каля 30000 чалавек. Каля мястэчка Тарафал на Санцьягу дзейнічаў концлагер, у якім утрымоўваліся палітычныя вязні з Партугаліі і іншых калоній. З-за высокай смяротнасці яго параўноўвалі з падобнымі ўстановамі ў нацысцкай Германіі. У 1951 годзе пад ціскам нацыянальных рухаў у Анголе і Мазамбіку партугальскі ўрад зноў правёў рэформы. Каба-Вердэ атрымала статус заморскай правінцыі з унутраным самакіраваннем. У 1972 годзе яна атрымала ўнутраную аўтаномію.

Нацыянальны рух Каба-Вердэ пачаў дзейнічаць толькі ў другой палове ХХ ст. Гэта тлумачыцца адноснай ізаляванасцю астравоў, нізкім узроўнем пісьменнасці насельніцтва і прысутнасцю моцнага партугальскага ваеннага і паліцэйскага кантынгенту. Пачынальнікамі нацыянальнага руху сталі каба-вердыйцы, працаваўшыя за межамі Каба-Вердэ. У 1960 годзе была створана Афрыканская партыя незалежнасці Гвінеі-Бісау і Каба-Вердэ (PAIGC) на чале выхадца з Каба-Вердэ, Амілкара Кабрала (1924—1973 гг.). Пасля яго забойства партыю ўзначаліў Арыстыдаш Перэйра. З самага пачатку PAIGC арыентавалася на марксісцкую ідэалогію. У праграме абвяшчалася культурная і гістарычная еднасць Гвінеі-Бісау і Каба-Вердэ. PAIGC вяла ўзброеную барацьбу супраць партугальцаў на тэрыторыі Гвінеі-Бісау. Акрамя таго, палітычныя групы эмігрантаў з Каба-Вердэ існавалі ў Сенегале і ЗША.

Пасля звяржэння дыктатуры ў Партугаліі 25 красавіка 1974 года, актывізаваўся палітычны рух на астравах. Адбыліся выступленні ў Прае, Тарафале і Асамадзе. Былі створаныя палітычныя партыі Саюз народаў астравоў Каба-Вердэ і Дэмакратычны саюз астравоў Каба-Вердэ. Члены PAIGC працягвалі дзейнічаць у Каба-Вердэ нелегальна. Але ў сувязі з небяспекай PAIGC на кантыненце партугальскі ўрад вёў перагаворы менавіта з гэтай партыяй. У верасні 1974 года партугальцы фактычна прызналі незалежнасць Гвінеі-Бісау. 19 снежня 1974 года ў Лісабоне была падпісана дамова паміж партугальскім урадам і PAIGC аб стварэнні пераходнага ўрада Каба-Вердэ і падрыхтоўцы выбараў у Нацыянальную народную асамблею. На выбарах 30 чэрвеня 1975 года PAIGC перамагла. Яе кандыдаты занялі ўсе дэпутацкія пасады. 5 ліпеня 1975 года Нацыянальная народная асамблея абвясціла незалежнасць Рэспублікі Каба-Вердэ. Першым прэзідэнтам стаў А. Перэйра.

Перыяд незалежнасці З 1975 года PAIGC была правячай партыяй адначасова ў дзвюх дзяржавах, таму яе палітыка арыентацыі на сацыялізм і ўсталяванне аднапартыйнай сістэмы праводзілася з улікам інтарэсаў урада Гвінеі-Бісау. Але ў 1980 годзе ў выніку ваеннага правароту гвінейская частка PAIGC фактычна перастала ўзгадняць сваю дзейнасць з Каба-Вердэ. У гэтай сувязі астраўная частка PAIGC была ператвораная ў Афрыканскую партыю незалежнасці Каба-Вердэ (PAICV). На І з’ездзе PAICV канстатавалася, што партыя «кіруе і накіроўвае грамадства і дзяржаву». У 1982 годзе Нацыянальная народная асамблея прыняла першы чатырохгадовы план развіцця гаспадаркі.

Пераход да планавай эканомікі меў супярэчлівыя вынікі. Дзякуючы знешняй падтрымцы (у тым ліку з боку ААН і СССР) была пашыраная сетка адукацыйных устаноў, пабудаваны новыя прамысловыя і транспартныя прадпрыемствы. Аднак гэта прывяло да вялізарнай вонкавай запазычанасці (400 млн долараў у 1986 г.), скарачэнню вытворчасці таварных сельскагаспадарчых культур, міграцыі працаздольнага насельніцтва з вёскі ў гарады і, як вынік, павелічэнню рэчаіснага беспрацоўя. У другой палове 1980-ых гг. узровень жыцця значна знізіўся. Пад уплывам пераўтварэнняў у краінах Усходняй Еўропы апаненты ПАІКВ запатрабавалі лібералізацыі.

У 1990 годзе была адменена аднапартыйная сістэма. На выбарах 1991 года перамогу атрымаў апазіцыйны Рух за дэмакратыю. Яго прадстаўнікі здолелі стабілізаваць фінансавую сістэму, прыцягнуць знешнія інвестыцыі, развіць сферы абслугоўвання і турызму. Але ўзровень жыцця застаўся на нізкім узроўні, вырасла колькасць эмігрантаў.

У 2001 годзе PAICV зноў атрымала большасць на выбарах. Яе старшыня і прэзідэнт рэспублікі П. Пераш абяцаў працягваць рэфармаванне эканомікі з улікам вырашэння сацыяльных праблем. У вострым палітычным канфлікце 2002 года з-за паправак у бюджэт паміж урадам і апазіцыяй Вярхоўны суд прыняў бок апазіцыйных палітыкаў.

Прырода і геаграфія

Астравы Архіпелаг Каба-Вердэ мае вулканічнaе паходжанне, размяшчаецца на шырокім падводным вулканічным плато, агульнай плошчай звыш 70 тыс. кв. км. Рэльеф астравоў гарысты. Берагі звілістыя. Глыбіня акіяну каля астравоў часам дасягае 1000 м.

Ён складаецца з 10 адносна буйных і 15 невялікіх астравоў і скал. Агульная працягласць берагавой лініі — 1053 км. У залежнасці ад становішча ў дачыненні да пасатаў астравы падзяляюцца на 2 групы — Барлавенту (Наветраныя) і Сатавенту (Падветраныя).

Буйныя астравы Барлавенту: Санту-Антан, Сан-Вісенці, Санта-Лузія, Сан-Нікалаў, Сал, Боавішта.

Буйныя астравы Сатавенту: Брава, Фогу, Санцьягу, Маю.

Дзякуючы паходжанню і кліматычным умовам кожны буйны востраў мае непаўторны ландшафт, эканамічную інфраструктуру і этнакультурныя асаблівасці.

Клімат Клімат — трапічны пасатны, вельмі сухі і спякотны. Сярэднемесячныя тэмпературы 22 — 27 °C. Штогадовая колькасць ападкаў 100—250 мм.

Кліматычныя ўмовы ў значнай ступені залежаць ад сезонных пануючых ветраў. Паўночна-ўсходнія пасаты прыносяць сухое і халоднае паветра. З кастрычніка па чэрвень з Сахары дзьмуць усходнія спякотныя вятры харматан, якія часам фарміруюць пылавую смугу. Са жніўня па кастрычнік пануюць вільготныя паўднёвыя і паўднёва-заходнія ветры. У жніўні і верасні паветра вельмі душнае, дзённая тэмпература падымаецца да 36 градусаў і вышэй, а ноччу падае да 18 — 20 градусаў. Найбольш халодная пара ў студзені і лютым.

Халодная Канарская плынь таксама моцна ўплывае на мясцовы клімат. Яна астуджае паверхневыя воды акіяна і паветра над астравамі. У чэрвені Канарская плынь адступае на поўнач. Затое з поўдня набліжаецца цёплая Гвінейская плынь. Прыбярэжныя воды награваюцца да 24 — 28 градусаў.