«Пахвала́ Ві́таўту» () — помнік беларускай літаратуры пачатку XV стагоддзя, адзін з першых твораў беларускай свецкай панегірычнай прозы.

Напісаная невядомым аўтарам у Смаленску ў канцы 1420-х. Вядомая ў чатырох рэдакцыях: 1-я (1428) змешчана ў кнізе словаў Ісака Сірына, перапісанай у Смаленску; 2-я, летапісная (каля 1430), захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446 года; 3-я (першая палова XVI стагоддзя) захавалася ў спісах кароткай і пашыранай рэдакцый «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (руская, скарочаная, XVI стагоддзе) ёсць у розных гістарычных зборніках, што існавалі ў Расіі ў XVI—XVIII стагоддзях.

«Пахвала Вітаўту» 1428 — прыватны дзелавы запіс-паслямоўе да кнігі, зроблены прыхільнікам Вітаўта; летапісны — асабісты твор панегірычнага жанру; трэцяя — аб'яднаны скарочаны тэкст летапіснай «Пахвалы Вітаўта» з уступнай часткай (расповед пра каранаванне Вітаўта) Смаленскага летапісу.

Усхваляецца «вялікі і мудры» князь Вітаўт, якому служаць, ці з якім сябруюць валадары Еўропы. Праслаўляецца палітыка аб'яднання ўсходнеславянскіх земляў на чале з Вялікім Княствам Літоўскім.

Напісаная на падставе гістарычных фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем старажытнарускіх літаратурных традыцый, кніжных тыпаў і абаротаў, хоць без рытарычнай шматслоўнасці і інфарматыўна.

Літаратура

Катэгорыя:Літаратурныя творы на старабеларускай мове Катэгорыя:Літаратура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Вітаўт Катэгорыя:XV стагоддзе ў Смаленску Катэгорыя:Літаратура XV стагоддзя Катэгорыя:Панегірыкі Катэгорыя:Беларуская літаратура XV стагоддзя