Перакла́д Гадле́ўскага — чатыры беларускамоўныя Евангеллі і Апостальскія дзеянні, выдадзеныя лацінкай у 1938 годзе ў перакладзе ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.

Перадумовы У 1930 выйшла з друку «Historyja świataja abo Biblijnaja Staroha Zakonu», а праз два гады — «Historyja świataja abo Biblijnaja Nowaha Zakonu», якія з’яўляліся аўтарскай інтэрпрэтацыяй тэкстаў Бібліі. Адным з першых Гадлеўскі паказаў лінгвістычныя магчымасці беларускай мовы ў жанры біблейскай гісторыі. Гэтая праца стала для яго падрыхтоўчай у справе перакладу на беларускую мову Бібліі.

У сувязі з выхадам пратэстанцкага перакладу Новага Запавету (Дзекуць-Малей/Луцкевіч) група каталіцкіх святароў звярнулася да Папы Рымскага Пія XI з мемарандумам пра тое, што «народ можа стаць ахвяраю „сектанцкіх“ уплываў, калі каталіцкія святары ў Беларусі і далей не мецьмуць магчымасці карыстацца роднай мовай». Паводле згадкі Гая Пікарды, Вінцэнт Гадлеўскі пачаў працу над перакладам у 1933 годзе, «каб проціпаставіцца поспеху нядаўна выдадзенага перакладу гэтай кнігі, зробленага метадыстамі, які мае дагматычныя памылкі, а таксама шматлікія недасканаласці ў беларускай мове».

Пераклад Пераклад быў зроблены з лацінскага тэксту Вульгаты, а таксама з нямецкіх, польскіх, французскіх і грэчаскіх тэкстаў. «Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei» былі падрыхтаваны ў 1938 годзе і выдадзеныя лацінкай у 1939. Перакладчык выкарыстоўваў уласцівую для польскай мовы рэлігійную тэрміналогію і карыстаўся польскай тапанімікай.

Гай Пікарда, параўноўваючы гэты пераклад з варыянтам Луцкевіча, называў яго больш дакладным, але ж горшым у літаратурным сэнсе; пазнейшыя ж пераклады Пятра Татарыновіча і Яна Станкевіча, без сумневу, саступалі варыянту Гадлеўскага.

Вінцэнт Гадлеўскі пачаў працу над перакладам і Старога Запавету, аднак загінуў падчас савецка-нямецкай вайны ад рук гестапа. Ягоную працу працягнуў Пётр Татарыновіч, выдаўшы ў 1954 у Рыме каментаваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», а ў 1974 — «Listy Sviatych Apostalau». Аднак яго пераклад, зазнаўшы значны ўплыў выдання Гадлеўскага, таксама моцна насычаны паланізмамі.

Бібліяграфія

Заўвагі

Крыніцы

Спасылкі Чатыры Эванеліі і Апостальскія Дзеянні ў перакладзе кс. Вінцэнта Гадлеўскага Эванэліі і Дзеі ў перакладзе В. Гадлеўскага

Катэгорыя:Каталіцкія пераклады Бібліі