Царква Успення Прасвятой Багародзіцы — праваслаўны храм у в. Бусяж (Івацэвіцкі раён), у паўднёва-заходняй частцы вёскі. Помнік архітэктуры барока.
Гісторыя Пабудавана ў 1773—1779 гг. з цэглы як касцёл манахаў картэзіянцаў. У 1840-я гг. пераабсталяваны пад праваслаўную царкву. У час Вялікай Айчыннай вайны снарадамі пашкоджаны сцены, адбіты тынк.
Архітэктура Вырашана адзіным прамавугольным у плане аб'ёмам пад высокім двухсхільным дахам, тарцы якога закрыты фігурнымі барочнымі франтонамі. Над галоўным фасадам узвышаецца чацверыковая вежачка-званіца з пластычным купалам. Да алтарнай сцяны прыбудавана пазнейшая квадратная ў плане апсіда. Нягледзячы на спрошчанае планіровачнае вырашэнне, архітэктура храма мае пластычны характар — валюты, слаістыя пілястры, тонкапрафіляваныя карнізы і развіты антаблемент, высока ўзнятыя лучковыя аконныя праёмы, конхавыя нішы-экседры са скульптурамі евангелістаў (не захаваліся).
У залу, перакрытую цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, праз арачны прасвет адкрываюцца хоры. Царква мела шанаваны абраз 1797 г. «Пакроў Маці Божай».
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 265.
Спасылкі
Катэгорыя:Бусяж (вёска) Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Івацэвіцкага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1779 годзе Катэгорыя:Колішнія касцёлы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Картэзіянцы Катэгорыя:1779 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Пінскай і Лунінецкай епархіі