Рама́н Алякса́ндравіч Скі́рмунт (; ;  — ) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Мецэнат, значны землеўладальнік, віцэ-старшыня (1907—1917, 1918—?) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі; дэпутат (1910—1911) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні; (намінальна) прэм’ер-міністр БНР (1918) — не быў зацверджаны на пасадзе прэм’ер-міністра; сенатар Польшчы (1930—1935).

Паходжанне і бацькі

Належаў да шляхецкага роду Скірмунтаў гербу «Дуб». Прозвішча ад балцка-літоўскага двухасноўнага імя Skir-mant'as са значэннем "Той, каму наканаваная (ваенная) здабыча", такія імёны мела раннелітоўская пляменная арыстакратыя.

Пра сваё паходжанне Раман Скірмунт пісаў: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. карысталіся беларускай мовай як хатняй»Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта … С. 14..

Нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Пінскага павета ў сям’і Аляксандра Аляксандравіча-Ізідоравіча Скірмунта (1830—1909), члена кіраўніцтва Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і Тэафіліі Зянонаўны Любанскай (1836/7—1928). Быў сёмым дзіцем у сям’і, яшчэ ў Альбрэхтаве нарадзіліся Тэафіла (1857) і Аляксандр (1858), а ў Парэччы — Браніслава (1864), Юзаф (1862), Ванда (1866) і Вацлаў (1867). Пры жыцці Рамана нарадзіліся Алена (1869), Феліцыя (1873) і Зянон (1874), але ў 1872 годзе трагічна загінуў Вацлаў. 30 красавіка Раман быў ахрышчаны ў Пінскім парафіяльным касцёле ксяндзом Вікенціем Свідэрскім, хроснымі бацькамі былі памешчык Казімір Юзафавіч Твардоўскі і ягоная сястра Марыя Скірмунт з Твардоўскіх, жонка Генрыка Скірмунта з Моладава, дзядзькі нованароджанага.

Яго бацька быў сынам значнага маянткоўца Пінскага павета, вядомага прадпрымальніка-фабрыканта і пінскага павятовага маршалка (1829—1835) Аляксандра Шыманавіча Скірмунта (1798—1870), а маці — дачкой Зянона Янавіча Любанскага (каля 1807—1854), вілейскага павятовага маршалка (1835—1841, 1844—1847), ад яго жонкі Марты Ляўковіч.

Адукацыя Атрымаў толькі хатнюю і пачатковую адукацыю.

Скончыў тры класы Рыжскай гарадской гімназііАлесь Смалянчук. Раман Скірмунт. Жыццяпіс грамадзяніна Краю. Мн., 2018. С. 111. . Але не атрымаў дыплому аб сярэдняй адукацыі, бо па волі бацькі Аляксандра, 15-ці гадовага Рамана забралі з гімназіі. Ён мусіў пераняць абавязкі кіравання маёнткам, каб у будучыні забяспечваць фінансава ўсю сям’ю. Ніякіх універсітэтаў не скончыўJurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 481, 489..

Службовая, культурная і гаспадарчая дзейнасць

Быў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), а ў 1904 г. быў выбраны ў члены Рады гэтага таварыства. Раман Скірмунт стаў верным сябрам, паплечнікам і, паводле слоў графа Іпаліта Корвін-Мілеўскага, «любімым вучнем» Эдварда Вайніловіча па гаспадарчай працы ў МТСГ і палітычнай дзейнасціWoyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 47.Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt… С. 241..

У 1905—1911 гг. быў старшынёй Аддзела па справах сельскай гаспадаркі і патрэб Мінскага Палесся (Палескага таварыства сельскай гаспадаркі), што быў структурным аддзяленнем Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Быў віцэ-старшынёй (1907—1917, 1918—?) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і адным з яго лідараў.

20 кастрычніка 1912 г. Раман Скірмунт адзінагалосна быў выбраны пажыццёвым членам Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогііРаюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344..

Палітычная дзейнасць

Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолагаў краёўцаў. У 1904 г. выдаў невялічкую брашурку «Голас мінуўшчыны і патрэба моманту. Становішча шляхты на Літве і Русі», дзе адзначаў кроўныя сувязі і адзінства паходжання шляхты ВКЛ і мясцовага сялянстваСмалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 127..

Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на чале з Эдвардам Вайніловічам даручылі Раману Скірмунту стварыць «краёвую партыю». У лістападзе 1905 г. Раман надрукаваў у газеце «Kurier Litewski» зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабодаў і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і роўнасці нацыянальнасцей Заходняга края, краёвага самакіравання, падкрэслівала прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці. Аднак працэс стварэння «краёвай партыі» зацягнуўся.

У 1906 г. Раман Скірмунт па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча быў абраны дэпутатам (ад Мінскай губерні) у I Дзяржаўную Думы Расійскай Імперыі. У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк»Бородин, А. П. Скирмунт Роман Александрович ; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 466, 480, 481.. У дзяржаўнай Думе Скірмунт увайшоў у склад дэпутатацкай групоўкі «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі», «Група заходніх ускраін»), якая аб’ядналася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (г.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склалі ядро парламенцкай групы «Саюза аўтанамістаў». Газета «Nowy Kurier Litewski» (№ 104, 1917 г.)Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 287. надрукавала, што ў 1906 г. у адной з кулуарных размоў у Думе Раман Скірмунт назваў сябе адзін раз «беларусам».

У I Дзяржаўнай Думе (1906) Раман Скірмунт, як і іншыя члены «Краёвага кола Літвы і Русі», выступаў у абарону права прыватнай уласнасці на зямлю і супраць адчужэння часткі прыватнаўласніцкіх зямель: ён выказаўся, што стварэнне (па прапанове расійскіх кадэтаў) дзяржаўнага фонду зямель не вырашыць справу павелічэння (ці ўмацавання) сялянскага землеўладання, бо фонд будзе толькі прапаноўваць сялянам карыстанне зямлёй, а не валоданне, і ў Заходнім краі, дзе пануе падворнае сялянскае землеўладанне, выкліча толькі непаразуменне і жах; выступіў за продаж фонду дзяржаўных зямель сялянамБусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 104..

У 1906 г. Скірмунт паўтарыў зварот аб стварэнні «краёвай партыі», змяніўшы толькі назву партыі — «Краёвая партыя Белай Русі і Літвы». Ён спланаваў праект «краёвай партыі» як міжнацыянальны блок польскай, беларускай і літоўскай палітычных арганізацый.

З 25 сакавіка 1907 г. Раман Скірмунт уваходзіў у склад Нагляднай рады Польскага таварыства «Асвета» ў МінскуBrzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 185..

17 чэрвеня 1907 г. у Вільні адбыўся з’езд землеўладальнікаў шасці беларуска-літоўскіх губерняў, які нарэшце прыняў рашэнне пра стварэнне даўно аб’яўленай у прэсе «Краёвай партыі Літвы і Беларусі». Аднак сам Скірмунт не ўвайшоў у партыю, яго не задавальняла тое, што «краёвая партыя» ўзнікала як выключна «польская», а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, літоўскую і беларускую. У выніку Краёвую партыю Літвы і Беларусі ўзначаліў сам галоўны лідар краёўцаў-кансерватараў Эдвард Вайніловіч.

З кастрычніка 1910 да студзеня 1911 г. быў сенатарам — дэпутатам Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі ад Мінскай губерні, куды Скірмунт быў выбраны тэрмінам на тры гады ад Мінскай губерні па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча. Уваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі. У афіцыйных анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк» і пазначыў, што скончыў гімназію ў РызеJurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 466, 480, 481.. Аднак пры праверцы Раман Скірмунт не змог дакументальна пацвердзіць сваю заяву, што атрымаў гімназічную адукацыюJurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 481.. А для заняцця пасады дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі трэба было паводле заканадаўства адпавядаць маёмаснаму і адукацыйнаму цэнзу — мінімум мець гімназічную адукацыю. У выніку ў студзені 1911 г. Скірмунт быў вымушаны пакінуць пасаду дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, а замест Рамана Скірмунта ў 1911 г. у Санкт-Пецярбург даслужыць у 1911—1912 гг. трохгадовую кадэнцыю (1910—1912) паехаў Караль Незабытоўскі, які ў 1910 г. на выбарах дэпутатаў ад Мінскай губерні атрымаў другое месца пасля Рамана СкірмунтаJurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 480, 481.Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław… S. 105..

Уваходзіў у склад праўлення Віленскага зямельнага банка. З 1911 г. быў гласным Мінскага губернскага земства. З 1914 г. быў членам Мінскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза, у 1917 г. — загадчыкам Мінскага губернскага харчовага камітэта.

У студзені 1917 г. узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

З 27 сакавіка па 10 ліпеня 1917 г. — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. У красавіку 1917 г. узначаліў беларускую дэлегацыю да Часовага ўрада Расіі (які кантраляваў цэнтральную і ўсходнюю тэрыторыі Беларусі разам з Мінскам) з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі.

Калі ў сувязі з выбарамі ва Устаноўчы сход Расіі быў створаны ў Мінску 8 кастрычніка 1917 г. Галоўны польскі выбарчы камітэт Мінскай акругі, Раман Скірмунт увайшоў у склад гэтага камітэта. Удзельнічаў у Мінску ў выбарах дэпутатаў (ад Мінскай губерні) ва Устаноўчы сход Расіі як першы кандыдат ад спіса «Блок землеўласнікаў» Мінскай губерні (спіс № 3 — куды ўваходзілі разам землеўласнікі-беларусы, палякі і рускія) на мандат дэпутата, але мандата не атрымаў.

У другой палове кастрычніка 1917 г. Раман Скірмунт прыняў удзел у шэрагу нарад па справе каардынацыі дзеянняў і кансалідацыі розных беларускіх палітычных арганізацый і групBrzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 186.. Вынікам нарад было стварэнне Вялікай беларускай рады, куды Раман Скірмунт увайшоў як член кіраўніцтва рады. У лістападзе 1917 г. як член Вялікай Беларускай рады прыняў удзел у Беларускім з’ездзе павятовых рад Мінскай губерні.

Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) у Петраградзе, Раман Скірмунт быў сярод ініцыятараў рэзалюцыі Вялікай беларускай рады ў справе заключэння міру Расіі з Германіяй і злучэння разам усіх беларускіх зямель пад уладай Расіі. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе, які праходзіў 7—18 снежня (ст.ст.) 1917 г. у Мінску і быў выбраны ў склад рады з’езда, а таксама на з’ездзе быў своеасаблівым неафіцыйным прадстаўніком інтарэсаў мясцовых польскіх, беларускіх і рускіх палітычных арганізацый, прадстаўленых галоўным чынам землеўласнікамі і інтэлігенцыяй. Вядома, што Скірмунт не ўвайшоў у склад выканаўчага камітэта рады Першага Усебеларускага з’езда.

У часе германскай акупацыі Менска ў лютым 1918 г., узначальваў «Менскае беларускае прадстаўніцтва», ад якога ў красавіку 1918 г. увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у маі 1918 г. яму даручана фарміраванне новага складу Народнага сакратарыяту Беларусі, з 9 ліпеня 1918 г. — прэм’ер ураду БНР і сакратар міжнародных спраў. Выказваўся за набыццё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу. 21 ліпеня 1918 г. пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўрада.

Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 г. у складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай прызнання незалежнасці Беларусі. У польска-савецкую вайну 1920 г. імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж процілеглымі бакамі.

Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве (1919). Выказваўся, як і Эдвард Вайніловіч, за стварэнне польска-беларускай федэрацыі.