Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у в. Рубель (Столінскі раён). Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока.
Гісторыя
Пабудавана ў 1796 годзе, спалучае традыцыі ўсходнепалескай архітэктуры і рысы стылю барока. У 1989 годзе царква аддадзеная вернікам, зроблены рамонт, дзейнічае. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Архітэктура Трохзрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, васьміграннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтральнага і пяціграннага алтарнага (з рызніцай з поўначы) зрубаў. У XIX ст. да бабінца і бакоў асноўнага зруба прыбудаваны прамавугольныя ў плане тамбуры, што надало збудаванню крыжовы план. Завяршэнні цэнтральнага зрубу двух'яруснае («васьмярык на чацверыку»), бабінца і алтара аднаяруснае васьмерыковае. Кожны верх увянчаны складаным барочным двух'ярусным купалам. Тамбуры накрытыя двухсхільнымі, рызніца — аднасхільным дахамі. Сцены вертыкальна ашаляваныя, прамавугольныя вокны аздобленыя плоскімі ліштвамі з трохвугольнымі франтончыкамі ў завяршэнні.
Інтэр’ер
У інтэр'еры пануе трохсветлавая прастора малітоўнай залы, у якую адкрываецца складаная парусна-бэлечная канструкцыя падтрымкі васьміграннага барабана. Аналагічна вырашана перакрыцце бабінца і апсіды. У бабінцы вылучаны ярус для хораў, якія адкрыты ў залу вялікім праёмам з балюстраднай агароджай. Апсіда вылучана разным іканастасам. Абразы XVIII—XIX стст.: «Маці Божая Адзігітрыя», абраз-таблетка «Маці Божая Адзігітрыя» і «Святы Мікалай Цудатворац», «Хрышчэнне», «Спас Пантакратар»; Евангелле ў абкладзе 1773 г.
Званіца На захад ад царквы размешчаная трох'ярусная званіца (верхні ярус васьмерыковы, ніжнія чацверыковыя), накрытая гранёным купальным дахам.
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
Катэгорыя:Рубель (Столінскі раён) Катэгорыя:Усходнепалеская школа дойлідства Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Столінскага раёна Катэгорыя:1796 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Пінскай і Лунінецкай епархіі