Даўбуцкая мячэць — магаметанскі храм з былой вёскі Даўбучкі (або Даўбуцішкі) на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі, цяпер размешчаны на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнага дойлідства і побыту каля Азярца Мінскага раёна. Пабудавана ў XVIII ст., спалучае дойлідства, уласцівае культавым збудаванням Усходу (цэнтрычнасць асноўнага аб’ёму і сіметрычная кампазіцыя пабудовы), з традыцыямі драўлянага дойлідства. Помнік драўлянага дойлідства.
Гісторыя Пасяленне татар на сучаснай тэрыторыі Беларусі адносіцца да ранніх часоў Вялікага Княства Літоўскага. Вялікія князі Гедымін, а потым Кейстут і Альгерд запрашалі татараў на службу. Асноўным арганізатарам татарскага пасялення лічаць вялікага князя Вітаўт. Вялікія князі Казімір Ягелончык, Аляксандр Ягелончык, Жыгімонт Стары пашыралі татарскае пасяленне, умацоўвалі яго матэрыяльную аснову раздачай зямель. У 1561 і 1568 гадах вялікі князь Жыгімонт Аўгуст даў татарам прывілей на шляхецтва. У месцах кампактнага жыцця татар будаваліся мячэці.
Мячэць, якая захавалася ў Даўбучках, пабудавана ў XVIII ст. у Сяльцы Беніцкай гміны Маладзечанскага павета і перавезена ў Даўбучкі ў пачатку XIX ст. На працягу існавання мячэць не зведала значных перабудоў, змянялася толькі аддзелка (спачатку была пабелена, швы замазаны глінай).
Архітэктура Асноўны прамавугольны ў плане зруб падзелены на дзве часткі з асобнымі ўваходамі і накрыты шатровым дахам, завершаным дванаццацігранным купалам, які быў накрыты дранкай і пафарбаваны ў чырвоны колер (сурыкам). Аснова купала — вертыкальны слуп, які абапіраўся на бэлечную сістэму. На слуп і верхнія бярвёны (абвязку) абапіраліся кроквы. Абвязка ўтварала шматвугольнік з 12 гранямі. Такім чынам, купал быў не функцыянальным элементам, а толькі формай, унутры была плоская суцэльная столь. Уваходы злучаныя арачнай галерэяй на так званых кручаных слупах. Сцены гарызантальна ашаляваныя дошкамі. Вокны прастакутныя.
З паўночна-заходняга боку двух’ярусны чацверыковы мінарэт, завершаны шатровым дахам.
Інтэр'ер Інтэр’ер зальны, з плоскай столлю. Мячэць была падзелена на дзве паловы: мужчынская злева і жаночая справа. Амаль квадратная ў плане зала ва ўсходняй частцы мае пяцігранную нішу — міхраб, звернутай на поўдзень да Меккі, насупраць якой, у мужчынскай палове, размяшчаўся мумібір (хоры) з дзевяццю прыступкамі і навесам-балдахінам упрыгожаны точанымі балясінамі. Мумібір з такой колькасцю прыступак быў надзвычай рэдкай з’явай нават для буйных мячэцяў, што сведчыць пра значнасць помніка.
У сцяне, што падзяляла мужчынскую і жаночую паловы, на вышыні каля метра было вузкае акно, закратаванае точанымі балясінамі. Акно занавешвалася тонкай белай муслінавай вуаллю. На падлозе ў мужчынскай палове ляжалі зялёныя суконныя дарожкі. Паміж імі — невялічкія круглыя чалуны. На сценах віселі мухіры — змешчаныя ў рамках тэксты карана, імёны прарокаў, віды мячэцяў Меккі, Каабы, Медзіны. Акрамя таго, віселі ў рамках літаграфічныя выявы ісламскіх святынь, прывезеныя татарамі з Паволжа, так званыя «друкаваныя Казанскія абразы» 1899, 1909 і 1912 гг. Каля сцен стаялі лавы і табурэты. Над сцяной, што падзяляла мячэць, быў балкон на слупах. Яго сярэдняя частка, месца для муэдзіна, выступала наперад.
У жаночай палове абсталяванне было больш сціплае.
Стыль Наяўнасць квадратнага ў плане зруба з купалам, галерэі, праёмаў з элементамі арак, вуглавое размяшчэнне мінарэта набліжаюць мячэць у Даўбучках да традыцый візантыйскага дойлідства. Купал, блізкі да падковападобнай аркі, разьба на калонах, арачныя раскосы, вырашэнне міхраба і мумібіра ўяўлюць элементы традыцыйнай мусульманскай архітэктуры. Да традыцый беларускага драўлянага дойлідства трэба аднесці мінарэт, падобны на званіцу царквы ці касцёла, канструкцыйныя элементы, запаўненне праёмаў.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:З’явіліся ў XVIII стагоддзі Катэгорыя:Культавыя збудаванні Смаргонскага раёна Катэгорыя:Мячэці Беларусі Катэгорыя:Драўляныя мячэці Беларусі