Сімяонаўская царква — праваслаўны храм у г. Каменец. Пабудавана ў 1912—1914 гг. з цэглы (вул. Гогаля) у цэнтры горада. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.

Архітэктура Мае традыцыйную чатырохчасткавую кампазіцыю, выцягнутую па восі ўсход-захад: трох'ярусная званіца, трапезная, квадратны трохнефны асноўны аб'ём і пяцігранная апсіда. У аб'ёмна-пластычнай структуры храму выкарыстаныя формы маскоўскай архітэктуры XVII ст.: кампазіцыя званіцы (васьмярык на чацверыку), якая завершаная васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асноўнага аб'ёма, пяцікупалле і інш. Асноўны кубападобны аб'ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. Над арачным парталам галоўнага ўваходу зробленая ніша такой самай формы з размалёўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя какошнікі, сухарыкі, броўкі, закамары і інш.

Інтэр'ер Унутры нефы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на папружных арках і сферычным купалам барабану ў цэнтры. Асноўны кампазіцыйны і дэкаратыўны элемент інтэр'еру — трох'ярусны іканастас, які адмяжоўвае акруглую апсіду.

Абразы 19 ст.: «Маці Божая Балезная», «Маці Божая Адзігітрыя», «Увядзенне Багародзіцы ў храм», «Дзева Марыя» (у разным ківоце).

Літаратура С. 555.

Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Каменца Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Камянецкага раёна Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1914 год у Беларусі