Сядзібны дом — будынак у Кобрыне, размешчаны па адрасе вул. Суворава, 16. Помнік архітэктуры класіцызму. У будынку размешчаны ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.
Гісторыя
Пабудаваны да 1794 г. у Кобрыне з дрэва. Аўтар праекта і першы гаспадар дома не вядомы. Верагодна, пасля задушэння паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі дом быў канфіскаваны ў яго гаспадароў, таму што ў канцы 1795 г. ён пуставаў ужо. З 1797 г. у ім жыў А. Сувораў. У 1860 г. у доме жыў адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г. генерал Р. Траўгут. Разбураны ў гады Другой сусветнай вайны. Адноўлены ў 1948 г. і прыстасаваны пад ваенна-гістарычны музей. Рэстаўрыраваны ў 1980 г.
Архітэктура
Прамавугольны ў плане аднапавярховы драўляны будынак накрыты гонтавым вальмавым дахам. Сіметрычна-восевая кампазіцыя галоўнага і дваровага фасадаў вылучаная ў цэнтры ганкамі (на чатырох слупах), завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Сцены атынкаваныя, з прамавугольнымі вокнамі і акаванымі аканіцамі. Планіроўка анфіладная. Абапал галоўнага ўваходу дзве гарматы 1812 г. Перад домам у 1848 г. устаноўлены бронзавы бюст Суворава (скульптар П. Кюферле).
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Славутасці Кобрына Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Кобрына Катэгорыя:З’явіліся ў XVIII стагоддзі Катэгорыя:Аляксандр Васільевіч Сувораў Катэгорыя:Сядзібы Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Кобрына ў стылі класіцызм