Арцём Гамялько (нар. , ) — беларускі футбаліст, брамнік польскага клуба ЛКС з Явішавіцаў.

Клубная кар’ера Выхаванец жодзінскай СДЮШАР «БелАЗ», выступаў за мясцовае «Тарпеда». У студзені 2008 года перайшоў у маскоўскі «Лакаматыў», дзе стаў гуляць за моладзевую каманду.

Сезон 2010 правёў у арэндзе ў наваполацкім «Нафтане», быў асноўным брамнікам наваполацкага клуба. Па заканчэнні сезона 2010 вярнуўся ў «Лакаматыў». 22 чэвреня 2011 года згуляў свой адзіны матч за асноўную каманду чыгуначнікаў, у якім «Лакаматыў» саступіў ЦСКА (1:3).

У другой палове 2011 года выступаў у арэндзе ў жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ». 11 верасня 2011 года ў хатнім матчы з магілёўскім «Дняпро» няўдала прыняў мяч, які сапернікі вярталі па прынцыпе «фэйр-плэй» і пераправіў яго ва ўласную браму (выніковы лік 1:1).

Сезон 2012 правёў у моладзевай камандзе «Лакаматыва». У лютым 2013 года ў якасці свабоднага агента падпісаў кантракт з мікашэвіцкім «Гранітам», які выступаў у Першай лізе. У сезоне 2013 чаргаваўся на пазіцыі брамніка з Радзівонам Сямукам, а ў сезоне 2014 стаў асноўным брамнікам мікашэвіцкай каманды і дапамог ёй перамагчы ў Першай лізе.

У лютым 2015 года падоўжыў кантракт з «Гранітам». Рыхтаваўся з камандай да сезона 2015, але ў сакавіку 2015 года кантракт з мікашэвіцкім клубам быў разарваны (прычынай сталі праблемы са здароўем). У красавіку 2015 далучыўся да «Слоніма» і пачаў у яго складзе сезон 2015.

У снежні 2015 года падпісаў кантракт з «Гарадзеяй», якая выйшла ў Вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі, але ўжо ў наступным месяцы пагадненне з клубам па згодзе бакоў было разарвана. У выніку, Арцём вярнуўся ў склад «Слоніма» і зноў стаў асноўным брамнікам. 2 ліпеня 2016 года забіў гол у браму «Смалявічаў-СТІ», падключыўшыся пры падачы вуглавога.

У лютым 2017 года стала вядома, што Арцём увайшоў у трэнерскі штаб «Смалявічаў-СТІ» ў якасці трэнера брамнікаў. Пры гэтым у сезоне 2017 Арцём двойчы выйшаў на поле ў Першай лізе ў якасці палявога іграка.

У чэрвені 2019 года зноў пачаў з’яўляцца на полі ў якасці брамніка за «Смалявічы», неўзабаве замацаваўся ў якасці іграка асновы. Выхадзіў на поле і ў сезоне 2020, калі клуб вярнуўся ў Вышэйшаую лігу.

У верасні 2020 года перайшоў у армянскі клуб «Лоры». Як асноўны брамнік гуляў за каманду да красавіка 2021 года, калі «Лоры» зняўся з чэмпіянату Арменіі.

У чэрвені 2021 года вярнуўся ў Беларусь, падпісаўшы кантракт са «Слуцкам». Стаў асноўным брамнікам каманды, але з кастрычніка страціў месца ў складзе. У снежні 2021 года кантракт са слуцкім клубам па пагадненні бакоў быў разарваны.

У лютым 2022 года далучыўся да клуба пятага польскага дывізіёна «Спарта» з Казімежы Велькай, а летам перабраўся ў ЛКС з Явішавіцаў.

Міжнародная кар’ера Выступаў за моладзевую зборную Беларусі, двойчы ў яе складзе трапляў на чэмпіянат Еўропы, але ні ў 2009 годзе, ні ў 2011 годзе не з’яўляўся на полі.

У другой палове 2011 года выступаў таксама за алімпійскую зборную, але ў выніку не трапіў на Алімпіяду 2012 у Лондан.

Дасягненні Пераможца Першай лігі чэмпіянату Беларусі: 2014

Крыніцы

Катэгорыя:Футбольныя варатары Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК Лакаматыў Масква Катэгорыя:Ігракі ФК Нафтан Катэгорыя:Ігракі ФК Граніт Мікашэвічы Катэгорыя:Ігракі ФК Слонім-2017 Катэгорыя:Ігракі ФК Смалявічы Катэгорыя:Ігракі ФК Лоры Катэгорыя:Ігракі ФК Слуцк Катэгорыя:Футбалісты паводле клубаў Польшчы Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Беларусі