Манькавіцкая сядзіба — сядзібна-паркавы комплекс, які існаваў у канцы XVIII — першай палове XX ст. у в. Манькавічы (Пастаўскі раён). Належаў Хлявінскай, потым Друцкім-Любецкім. Уключаў гасподу, гаспадарчыя пабудовы, парк, капліцу-пахавальню.
Гаспода — прамавугольны ў плане драўляны аднапавярховы будынак з мезанінам у цэнтры. Стаяў на каменным падмурку. Быў накрыты мансардавым ламаным дахам з круглымі люкарнамі. Меў рысы пераходнай архітэктуры — ад позняга барока да класіцызму. Гарызантальна ашаляваныя звонку сцены прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны фасад вылучаны двух'ярусным чатырохкалонным порцікам (у ніжнім ярусе калоны ў сячэнні круглыя, у верхнім, надбудаваным пазней, — квадратныя) з ажурнай агароджай галерэі ў другім ярусе і разным франтонам у завяршэнні. Планіроўка анфіладная.
Сярод гаспадарчых пабудоў манументальнасцю вылучаўся вырашаны ў стылі ампір мураваны свіран — прамавугольны ў плане на высокім бутавым цокалі цагляны будынак, накрыты двухсхільным дахам. Вуглы сцен аздобленыя рустам, галоўны падоўжаны фасад быў вырашаны галерэяй-каланадай тасканскага ордара.
Захаваліся: капліца-пахавальня ў стылі позняга класіцызму, размешчаная ў лесапаркавым масіве на супрацьлеглым ад гасподы ўзгорыстым беразе става; бутавы свіран; млын.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Славутасці Пастаўскага раёна Катэгорыя:Друцкія-Любецкія Катэгорыя:Манькавічы (Пастаўскі раён)