Стра́ча — рака ў Пастаўскім, Мядзельскім і Астравецкім раёнах Беларусі, правы прыток Віліі.
Даўжыня ракі 59 км. Плошча вадазбору 1140 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,1 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1 ‰.
Назва
Гістарычна зафіксавана «Стряча» («у Свире на Стрячи», 1518 год). На думку К. Бугі, назва балцкага паходжання. Рачная назва зведала эвалюцыю: Страча < Стряча < *Сьряча < *Sirinčia. Адпачатная назва лепш захавалася ў назве вёскі Серанчаны (польск. Sieręczany, рус. Серенчаны)R. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1961. С. 607..
Асноўныя прытокі Справа: Лынтупка, Струна. Злева: Свірыца, Тушчанка. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.
Агульнае
Выцякае на захад з возера Малыя Швакшты Пастаўскага раёна, цячэ па паўднёва-заходніх схілах Свянцянскіх град, упадае ў Вілію за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Міхалішкі (Астравецкі раён). Цячэ праз ландшафтны заказнік Блакітныя азёры. У басейне ракі шмат азёр, з якімі рака злучана рэчкамі, ручаямі, пратокамі (Свір, Вішнеўскае, Вялікія Швакшты і Малыя Швакшты, Балдук, Глубля, Глубелька, Вераб’і, Губіза, Ёдзі, Саранчаны, Тушча і інш.).
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная. Пойма двухбаковая, забалочаная, яе шырыня 50—150 м. Рэчышча моцна звілістае, у верхнім цячэнні камяністае, ёсць парогі. Шырыня рэчышча ў межань у верхнім і сярэднім цячэнні 8—12 м, у ніжнім 15—20 м. Рака каналізаваная на працягу 6,1 км (за 3 км на паўднёвы захад ад вёскі Альшэва да вёскі Селевічы). Каля вёскі Альхоўка (Астравецкі раён) у 1951 годзе на рацэ створана Альхоўскае вадасховішча.
Гісторыя 2 лютага 1944 года над ракой Страчай адбыўся бой паміж польскімі партызанамі 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай і групай з савецкіх партызанаў. Салдаты Арміі Краёвай адступілі праз раку са стратамі: 2 загінуўшых і 6 параненых.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Прытокі Віліі Катэгорыя:Рэкі Пастаўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Мядзельскага раёна Катэгорыя:Рэкі Астравецкага раёна