Да́рдскія мовы — група роднасных моў, якая звычайна класіфікуецца як група ў складзе індаіранскае галіны індаеўрапейскае сям’і моў або падгрупа ў складзе індаарыйскае групы моў індаіранскае галіны; распаўсюджаныя на тэрыторыях паўночнага Пакістана, паўночнай Індыі і паўночна-ўсходняга Афганістана.

Колькасць носьбітаў — звыш 5 млн чал. (ацэнка, 1990-я гг.).

Унутраная класіфікацыя Становішча дардскіх моў сярод індаіранскіх моў дагэтуль з’яўляецца дастаткова дыскусійным. Таксама спрэчнымі з’яўляюцца варыянты ўнутранай класіфікацыі дардскіх моў.

Па найбольш распаўсюджаных варыянтах класіфікацый дардскія мовы ўключаюць у сябе наступныя падгрупы:

Кашмірская. Прадстаўлена адзінай мовай, кашмірскай; Кахістанская. Уключае мовы батэры, катаркалаі, гоўра, кахістані, каламі, тарвалі, тырахі і чылісо, распаўсюджаныя ў асноўным на поўначы Пакістана і Кашміра ў якасці моў параўнальна дробных мясцовых этнічных груп; Кунарская. Гавар-баці, глангалі, дамелі і шумашці, якія, як і кахістанская падгрупа, прадстаўляюць сабою мовы дробных этнічных груп поўначы Пакістана і Кашміра; Пашаі. Уключае адзіную мову пашаі, якая падзяляецца на дыялекты, часам вядомыя як асобныя мовы; распаўсюджаныя на паўночным усходзе Афганістана сярод аднайменнага этнаса; Чытральская. Калашская мова і мова кхавар, распаўсюджаныя ў паўночных рэгіёнах на паграніччы Афганістана і Пакістана; Шына. З’яўляецца найбольш шматлікай з падгруп дардскіх моў па колькасці моў, якія ўваходзяць у яе склад, уключае мовы бракскат, думакі, калкоці, кундал-шагі, пхалура, саві, ушоджы і шына. Распаўсюджаныя поруч з іншымі дардскімі мовамі на поўначы Пакістана і часткова на поўначы Кашміра сярод аднайменных дробных этнічных груп.

Адна з нядаўніх класіфікацый вызначае дардскія мовы як мовы, што дзеляцца на пяць груп:

Кунарская (пэчская). Мовы гавар, глангалі, нінгаламі, шумашці; Пашаі. Адзіная мова пашаі або чатыры асобныя (паўночна-ўсходняя, паўночна-заходняя, паўднёва-ўсходняя, паўднёва-заходняя); Тырахі. Утрымлівае толькі мову тырахі, па адных прыкметах можа збліжацца з кунарскімі, па іншых — з усходнедардскімі; Усходнедардская, падзяляецца на тры падгрупы, якія могуць змяшчаць мікрагрупы: Кахістанская (цэнтральная, кахістані) падгрупа: Свацкая (заходняя) мікрагрупа: Тарвалі, башкарык (гарві, дыры, гаўры, калам-кахістані), катаркалаі (ватапуры, катаркалаі-ватапуры), калкоці; Маянская (усходняя, індская) мікрагрупа: Маян, батэры, чылісо, габара (гоўра); Шына-пхалурская падгрупа: Шына: Бракскат; Пхалура (палола, дангарык): Саві; Кашмірская падгрупа: Кашмірская мова: Каштавары, пагулі (часта разглядаюцца як дыялекты кашмірскай).

Іншыя варыянты класіфікацыі падраздзяляюць дардскія мовы на ўсходнюю і цэнтральную падгрупы. Пры гэтым падыходзе да класіфікацыі дардскіх моў першыя ўключаюць кашмірскую мову, шына, пхалура, гарві, тарвалі, маян, апошнія падзяляюцца на паўночныя (кхавар, калашская) і паўднёвыя (гавар, шумашці, катаркалаі, глангалі, тырахі, дамелі і дыялекты або мовы пашаі). Пашаі могуць уключацца ў кунарскую падгрупу, кашмірская мова можа лічыцца як адна з моў шына. Акрамя таго, паняцце кахістанскі можа абазначаць не толькі ўласна кахістанскую мову, але і рад разнастайных моў на поўначы Пакістана, а іменна маія, каламі і тарвалі. Генетычная пазіцыя мовы дамелі таксама дыскусійная: мова спалучае ў сабе не толькі дардскія (вужэй, кунарскія) рысы, так і нурыстанскія рысы. Мову думакі цяпер адносяць да індаарыйскіх, раней адносілася да шына-пхалурскае падгрупы дардскіх.

Знешняя класіфікацыя Знешняя класіфікацыя дардскіх моў таксама зазнае спрэчкі з прычыны таго, што дардскія мовы могуць лічыцца як самастойным таксонам у складзе індаіранскіх моў, так і ўключацца ў склад індаарыйскае групы гэтых моў праз існаванне шматлікіх структурных паралеляў між гэтымі мовамі. Да дардскіх моў могуць таксама залічвацца нурыстанскія мовы, іншая група моў у складзе індаіранскае галіны, аднак у большай частцы сучаснае лінгвістычнае літаратуры нурыстанскія мовы прадстаўляюцца як асобны таксон, пры гэтым даволі аддалены ад астатніх індаіранскіх. Блізкасць нурыстанскіх да дардскіх, верагодней за ўсё, з’яўляецца выключна тыпалагічнай і ёсць сведчаннем блізкага суседства.

Адзін з першых даследчыкаў у галіне класіфікацыі індаіранскіх моў, Г. Грырсан, засноўваючыся, аднак, на адносна вузкіх звестках, размясціў нурыстанскія мовы ў склад дардскіх, надаўшы апошнім статус асобнага таксону ў складзе індаіранскіх моў. Пазнейшыя лінгвісты ў асноўным прытрымліваліся гэтае класіфікацыі, аднак пазней Г. Маргенст’ернэ вызначыў нурыстанскія мовы як асобную групу індаіранскае мовы і надаў аргументы на карысць уключэння дардскіх моў у склад індаарыйскае групы індаіранскіх моў. Падобны варыянт знешняе класіфікацыі дардскіх моў пераважае сярод сучасных лінгвістаў, асабліва ў заходняй літаратуры. У супрацлегласць гэтаму, уключэнне дардскіх моў у склад індаарыйскіх часта лічыцца памылковым.

Некаторыя даследчыкі аспрэчваюць існаванне дардскіх моў як генэтычнага моўнага аб’яднання, лічачы іх арэальнай сукупнасцю моў. Высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх дардскія мовы не з’яўляюцца генэтычным аб’яднаннем, уваходзячы ў склад цэнтральнае зоны індаарыйскіх моў (разам з такімі мовамі, як, напрыклад, хіндустані). Прапаноўваюцца іншыя варыянты класіфікацыі дардскіх моў адносна іншых індаіранскіх моў.

Урэшце, індаіранскі характар дардскіх моў у сучаснай лінгвістыцы не аспрэчваецца. Агульнапрынята, што дардскія мовы ўваходзяць у склад індаіранскае галіны індаеўрапейскае моўнае сям’і.

Гісторыя На думку фінскага індолага А. Парпала дардскія мовы паходзяць ад рыгведыйскай формы ведыйскае мовы.

За выключэннем кашмірскае мовы, усе дардскія мовы малалікія па колькасці носьбітаў і з’яўляюцца нацыянальнымі мовамі дробных этнасаў, якія пражываюць пераважна ў цяжкадаступных горных рэгіёнах паўночнай Індыі, паўночнага Пакістана і паўночна-ўсходняга Афганістана. Амаль усе дардскія мовы ў той ці іншай ступені маладаследаваныя.

Усе дардскія мовы, у тым ліку адносна значная гістарычна кашмірская мова, зазналі ўплыў іншых геаграфічна блізкіх моў, разам з тым аказаўшы ўласны ўплыў на суседнія мовы.

Дардскі ўплыў назіраецца ў мове панджабі (захад Індыі, усход Пакістана). Некаторыя даследчыкі адшукваюць дардскія сляды далей на ўсходзе Індастана, у прыватнасці, у мове конкані (поўдзень Індыі), сіндхі (поўдзень Пакістана) і мовах пахары, распаўсюджаных на захад ад Непала. Некаторыя лінгвісты выказваюць гіпотэзы, згодна з якімі ў мінулым дардскія мовы былі пашыраныя ад вусця ракі Інд далей на поўнач і ўсход.

На аснове культуралагічных звестак і моўных запазычанняў лічыцца, што на дардскія мовы аказала прыкметны ўплыў неіндаеўрапейская ізаляваная мова бурушаскі, распаўсюджаная, між іншага, на поўначы Пакістана і геаграфічна блізкая дардскім. Тым не менш, дардскія запазычанні прасочваюцца і ва ўласна бурушаскі.

Нягледзячы на ўрыўкавыя старажытныя сведчанні дардскіх моў, даўнюю літаратурную традыцыю мае толькі кашмірская мова. У кашмірскай мове выкарыстоўваецца араба-персідская пісьменнасць і, радзей, розныя варыянты індыйскага пісьма. Дардскія мовы на поўначы Пакістана запісваюцца толькі араба-персідскім пісьмом, набытым значна пазней (кхавар, маян, шына, пашаі), астатнія мовы бяспісьменныя. На кашміры, кхавар, пашаі і шына вядзецца радыётрансляцыя, кашмірская мова — адна з афіцыйных моў індыйскага штата Джаму і Кашмір і адна з федэральна прызнаных моў краіны.

Лінгвістычная характарыстыка Дардскія мовы вылучаюцца сярод іншых індаіранскіх дзякуючы шэрагу агульных характарыстык і інавацый. З падобных рыс адзначаюцца страта прыдыхальных і разбурэнне тыпова індаіранскага парадку слоў.

Фанетыка, фаналогія Практычна ва ўсіх дардскіх мовах адбылася частковая або поўная страта прыдыхальных зычных фанем, якія існуюць, напрыклад, у індаарыйскіх мовах, але амаль адсутнічаюць у іншых індаеўрапейскіх (кховар buúm, але «зямля»; пашаі duum, але хіндзі dhuan, санскр. dhum «дым»; кашм. dod, але хіндзі doodh, санскр. dugdha «малако»). У мовах кховар і пашаі на месцы страчанага развіўся тон (параўн. пашаі buúm, але санскр. bhumi). У некаторых з дардскіх моў прысутнічае трохчленная карэляцыя прыдыхальных тыпу t — tʰ — d, у тарвалі, маян, каштавары — t — tʰ — d — dʰ. Карэляцыя цэрэбральнасці ахоплівае чыстыя змычныя, афрыкаты (амаль усе мовы) і шчылінныя š — ṣ̌, ž — ẓ̌ (у частцы цэнтральных і ўсходніх). У кашмірскай і шына прасочваюцца карэляцыі палаталізацыі і лабіялізацыі. У гавар, катаркалаі, дамэлі, башкарык і шына супрацьпастаўляецца тон (гл. далей).

Працэсы, падобныя дардскай страце прыдыхання, уласцівыя таксама панджабі і мовам пахары (пандж. kar, але хіндзі ghar «дом»).

Сучасныя дардскія мовы, а таксама нешматлікія сляды дардскіх моў у старажытную эпоху, дэманструюць устойлівую тэндэнцыю да метатэзы зычных, пры якой дакансанантнае або посткансанантнае r зрушваецца да папярэдняга склада. Гэта пацвярджаецца памылкамі ў санскрыце ў эдыктах Ашокі, высечаных у ІІІ ст. да н.э. у Гандхары, дзе мелі і маюць дагэтуль хаджэнне дардскія мовы (напрыклад, priyadrashi замест priyadarshi або dhrama замест dharma). Падобныя рысы адлюстроўваюцца пры параўнанні дардскіх лексем з кагнатамі (словамі, якія маюць аднолькавы корань і паходжанне) індаарыйскіх моў: калашск. driga, але санскр. dirgha «доўгі»; пхалура drubalu, але санскр. durbala «слабы»; brhuj, але санскр. bhurja «бяроза». Але падобныя характарыстыкі падзяляюць мовы пахары, сіндхі і заходнепанджабскія дыялекты.

У дардскіх мовах таксама назіраецца з’ява эпентэзы (устаўкі) і змены зычных у пэўных пазіцыях (напрыклад, адпаведнасць індаарыйскіх k, j зычным ch, z адпаведна ў кашмірскай). Падобныя працэсы існуюць таксама ў панджабі і заходніх пахары мовах.

Марфалогія Для марфалогіі дардскіх моў характэрнае змяненне па 2-4 склонах, якое дапаўняецца паслялогамі або, радзей, прыназоўнікамі. Выражэнне ліку звязана са склонавымі маркерамі, але ёсць таксама пазасклонавыя аглюцінатыўныя фарманты множнага ліку. Род (як правіла, мужчынскі і жаночы) звычайна выражаны суаднесенасцю назоўніка з прыметнікам, займеннікам або дзеясловам адпаведнага роду. Існуюць артыклі, якія могуць выражаць катэгорыі пэўнасці—няпэўнасці, якая таксама можа выражацца адрозненнем у склонавым афармленні імені аб’екта. Асоба і адушаўлёнасць адлюстроўваюцца пры дапамозе адрозненняў у склонавай парадыгме імён і суаднесенасцю з рознымі займеннікамі.

Лік вігезімальны (заснаваны на лічбе дваццаць), акрамя кашмірскай, якой уласцівая дзесятковая сістэма злічэння. Першая часта можа прыпісвацца ўплыву бурушаскі.

Асабовыя займеннікі найперш абазначаюць першую і другую асобу, для трэцяй ужываюцца ўказальныя займеннікі. Існуюць энклітычныя займеннікі, якія прымяняюцца постпазіцыйна пры дзеяслове для ўказання на дзейнік або дапаўненне або як паказчыкі прыналежнасці.

Дзеяслоў адрозніваецца ў залежнасці ад падгрупы (напрыклад, можа быць уласцівай флектыўная будова).

Сінтаксіс Парадак слоў у сказе можа будавацца па схеме V2, калі становішча фінітнага дзеяслова імкнецца к канцу сказа, што адрознівае дардскія ад астатніх індаіранскіх. Акрамя гэтага, аднак, існуе парадак слоў SOV (дзейнік-дапаўненне-выказнік), характэрны для індаарыйскіх моў.

Лексіка Лексічны фонд дардскіх моў у асноўным прадстаўлены спрадвечнай дардскай лексікай, аднак гістарычна запазычваюцца лексемы з урду, пушту і фарсі ў залежнасці ад рэгіёна, а таксама санскрыта і англійскай мовы. Лексіка арабскага паходжання засвойваецца найперш дзякуючы пісьмовым крыніцам або мовам-пасрэднікам. Наяўнасць лексем таго ці іншага паходжання абумоўлена гістарычнымі фактарамі (англійскае панаванне ў Брытанскай Індыі, арабская мова як мова богаслужэння ў ісламе, культурная перавага носьбітаў суседніх моў).

Крыніцы

Літаратура

The Comparative study of Urdu and Khowar. Badshah Munir Bukhari National Language Authority Pakistan 2003.

Спасылкі

Дэталізаваная карта паўночнага Пакістана, на якой вылучаныя арэалы некаторых асобных дардскіх моў і дыялектаў, Ethnologue