Царква на дзядзінцы Менска — адна з найраннейшых культавых пабудоў на тэрыторыі Беларусі. Рэшткі храма ў Мінску знаходзяцца паблізу плошчы 8 Сакавіка, за 22 м ад усходняй сцяны Дома фізкультуры Добраахвотнага спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы». У царквы няма аналагаў у старажытна-рускім манументальным дойлідстве, ёсць рысы раманскай архітэктуры.
Рэшткі бажніцы знойдзены ў 1949 годзе падчас раскопак Васілём Тарасенкам ва ўсходняй частцы Мінскага замчышча, на правым беразе Свіслачы. Пытанне часу будаўніцтва застаецца дыскусійным. Паводле Эдуарда Загарульскага, храм пачалі будаваць паміж 1069 і 1073 гадамі. Паводле версіі Леаніда Аляксеева і Георгія Штыхава — у пачатку XII ст. Будаўніцтва пачалі пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца, магчыма, у тым ліку і ранейшую драўляную царкву. На думку Загарульскага і Аляксеева, бажніцу па невядомых прычынах не дабудавалі, бо раскопкі не выявілі слядоў разбурэння і вызначана, што ў XII—XIII ст. на месцы храма фунцыянаваў некропаль, а на пачатку XIII ст. зверху паклалі драўляную маставую.
Загарульскі адзначыў будаўніча-тэхнічныя асаблівасці храма — кладка з бутавага каменя і выкарыстанне вапняковых пліт, даследчык падкрэсліваў, што менскі храм не мае аналогій сярод культавых манументальных пабудоў Старажытнай Русі. Таксама Загарульскі выказаў думку, што дойліды былі знаёмы з архітэктурай заходнеславянскіх земляў і, магчыма, былі запрошаны ў Менск з Польшчы.
Цяпер рэшткі храма знаходзіцца на глыбіні 0,5—2,1 м ад дзённай паверхні. У 1967 годзе за 30 м ад сапраўдных рэштак на дзённай паверхні пабудаваны іх муляж.
Гісторыя
Гісторыя даследаванняў
Рэшткі храма выяўлены ў 1949 годзе Васілём Тарасенкам. Наступныя раскопкі ў 1950 і 1951 гадах, па сутнасці, былі прысвечаны даследаванню храма, але не даведзены да канца — не адкрыты і не прасочаны ў глыбіню падмуркі, не выяўлены падмуркавыя равы, не зроблены адмысловыя разрэзы, не прааналізавана стратыграфічная сувязь будынка з вакольнымі культурнымі напластаваннямі. За ўсе гады складзены толькі адзін профіль, якія паказвае рэшткі храма — заходняя сценка раскопу 1950 года. Асноўная ўвага ў профілі нададзена фіксацыі культурных напластаванняў вышэй храма, а не стратыграфічнаму вывучэнню будынка, чым, мабыць, тлумачыцца адсутнасць у чарцяжы многіх важных дэталяў. Так, не прасочана глыбіня, на якую ўпушчаны ў мацярык падмуркі сцен і слупоў, незразумелым і сумніўным здаецца перададзены ў чарцяжы характар культурных напластаванняў на поўнач ад храма, не адзначаны сляды падмуркавых равоў або катлавана, не прасочаны могільныя ямы ад пахаванняў ўнутры храма.
Апісанне пабудовы, якое дае Тарасенка, стратыграфічна мала што тлумачыць. Тое, што падмурак быў упушчаны ў мацярык на глыбіню да 1,4 м, не пацвярджаюць разрэзы і моцна адрозніваецца ад замераў, зробленых Эдуардам Загарульскім у 1961 годзе на паўднёвай сцяне. Тарасенка апублікаваў тры планы храма, усе яны адрозніваюцца адзін ад другога, маюць разыходжанне ў памерах і ні адзін з іх не фіксуе пабудовы цалкам з контурамі падмурку на ўсім працягу сцен, што стала прычынай некаторых памылковых рэканструкцый плана і несправядлівых абвінавачванняў да дойлідаў і будаўнікоў.
Не вывучаны належным чынам і не ацэнены, помнік прастаяў на адкрытым паветры 10 гадоў і быў засыпаны. У пачатку 1970-х гадоў помнік вывучаў Загарульскі, у 1976 годзе паўторнае даследаванне правёў Георгій Штыхаў, часткова ў 2009 годзе Аляксандр Мядзведзеў.
Спробу вывучыць менскі храм, вызначыць ідэйна-мастацкія задачы, якія стаялі перад дойлідамі і заказчыкамі, зрабіў Леанід Аляксееў (ён называе яго храмам Прасвятой Багародзіцы). Разглядаючы бажніцу ў параўнанні з іншымі помнікамі Русі і найперш з манументальнымі будынкамі Полацкай зямлі, Аляксееў вылучыў арыгінальныя тэхнічныя і ідэйна-мастацкія рысы менскага храма.
Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі і Дзяржаўным музеі Беларусі.
Датаванне Васіль Тарасенка адзначаў, што храм — адно з найраннейшых збудаванняў Мінскага замчышча. Пад яго будаўнічымі рэшткамі ёсць невялікі культурны пласт — 0,12 метры, датаваны Тарасенкам XI ст. Свае высновы пра храналогію храма даследчык зрабіў на падставе апрыёрнага ўяўлення, што «найбольш імаверным будаўніком мінскага храма з’яўляецца князь Глеб», які распачаў будаўніцтва «з мэтай падняць значэнне Менскага княства». Праз тое, што Глеб княжыў у Менску да 1119 года, храм атрымаў дату — пачатак XII ст.
Эдуард Загарульскі звяртае ўвагу, што з часу ўзнікнення Менска і да пачатку будаўніцтва храма сфармавалася ўсяго толькі каля 20 см культурных напластаванняў, перакрытых на вялікай прасторы слядамі будаўніцтва, выкідамі з катлавана або падмуркавых равоў і рэшткамі будаўнічых матэрыялаў. Гарызонт, на якім пачалося будаўніцтва, у наступны час быў перакрыты амаль 5-мятровымі культурнымі напластаваннямі. Толькі культурны пласт XII—XIII стст. меў таўшчыню ад 2 да 3,5 м. І зыходзячы з неабвержных стратыграфічных даных, на думку Загарульскага, будаўніцтва менскага храма можна датаваць часам не пазней за 1071—1085 гады.
Асноўныя аргументы даследчыкаў, якія адносяць час пабудовы храма да XII ст., зводзяцца да наступнага: 1) мінскі храм мае невялікія памеры, якія характерны для культавых пабудоў XII ст.; 2) яго простая чатырохслупавая канструкцыя не характэрна для XI ст.; 3) квадратная ў сячэнні форма слупоў, якую мае мінскі храм, распаўсюджваецца ў старажытнарускіх помніках сярэдзіны і нават 2-й паловы XII ст. Між тым, Загарульскі адзначае, што не толькі мінскі храм, але і шэраг іншых помнікаў другой паловы XI ст. дэманструюць тэндэнцыю да спрашчэння плана і памяншэння аб’ёмаў культавых будынкаў: храм у сядзібе Мастацкага інстытута ў Кіеве, саборы , чатыры малыя храмы ў Пераяслаўлі, ў сяле Старагарадку. Хоць гэтыя пабудовы яшчэ ў большай ступені выяўляюць блізкасць да культавых збудаванняў XII ст., аднак даследчыкі гэтых помнікаў вызначаюць іх дату не на падставе гэтых фактаў, а па характары муру, тыповага для XI ст.
Адзначаючы раманскія рысы мінскага храма (муроўка з бутавага камяню на вапнавым растворы, квадратныя ў сячэнні слупы) і адсутнасць уплыву полацкай архітэктурнай школы, Загарульскі выказвае меркаванне, што будаўніцтва храма праводзілася тады, калі Менск не належаў полацкім князям. Гэта мог быць час, калі пасля паражэння полацкага князя Усяслава Брачыславіча ў 1069 годзе ў Менск, магчыма, быў пасаджаны Яраполк — сын кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. На карысць гэтага сведчыць тое, што пад 1073 годзе летапіс згадвае пра магчымую дамову Ізяслава з Усяславам, і тое, што сын Усяслава — Глеб быў жанаты з дачкой Яраполка — Анастасіяй. Мяркуецца, што гэты кампраміс мог быць замацаваны перадачай Менска ва ўладанне Глебу. Такім чынам, Менск мог знаходзіцца ва ўладанні Яраполка Ізяславіча у 1069—1073 гадах, калі ён быў вымушаны ўцякаць з бацькам і братам Святаполкам у Польшчу. Вядома, што маці Яраполка — Гертруда, дачка польскага караля Мешкі ІІ, родная сястра караля Казіміра. Сувязь Ізяслава з польскім дваром была цесная, а дачыненні прыязныя. Гэтым можа тлумачыць прычыну запрашэння польскіх майстроў да будаўніцтва храма ў горадзе, які атрымаў Яраполк. Калі на самой справе было так, то пачатак будаўніцтва храма можа быць датавана паміж 1069 і 1073 годам, што, як заўважае Э. М. Загарульскі, не супярэчыць стратыграфічным даным.
Леанід Аляксееў паспрабаваў прапанаваць некалькі іншае стратыграфічнае месца мінскага храма ў тоўшчы культурных напластаванняў, прыпадняўшы гарызонт будаўніцтва прыблізна на 40 см: «Чатырохслупныя храмы з’яўляюцца на Русі з сярэдзіны XII ст., відавочна, у сувязі з узнікненнем будаўніцтва гарадоў і неверагодна, каб маленькі Менск у сваёй архітэктуры абагнаў на 50-60 гадоў астатнія гарады Русі». Даследчык адзначае, што квадратныя ў плане слупы, відавочна, з’явіліся на Русі не раней 2-й паловы XII ст. Аднак, ён усё ж прыходзіць да высновы, што будаўніцтва храма варта звязваць менавіта з менскім князем Глебам і адносіць яго да першых двух дзесяцігоддзяў XII ст.. Ён трымлаецца думкі, што ў XI ст. не было яшчэ полацкіх дойлідаў і пагатоў іх традыцый: «Адзіны храм XI ст. — Сафійскі — быў узведзены візантыйскімі дойлідамі», і заўважае, што князь Глеб быў цесна звязаны з Кіевам, у 1108 годзе адбудаваў ў Пячорскім манастыры трапезную, яго ўдава аддала гэтаму манастыру па завяшчанні «все и до повоя». На думку Аляксеева, цалкам імаверна, што Глеб Усяславіч быў звязаны з Кіевам і раней, у пачатку XII ст., калі кіеўскім дойлідствам захапляліся і іншыя Усяславічы, выпісваючы адтуль майстроў. Як падавалася Аляксееву, «ізгойны Глеб» выклікаў архітэктара з Захаду і паказаў яму на храм у сядзібе Мастацкага інстытута як на ўзор, чатырохслупная частка якога задавальняла яго па памерах. Плінфа не была звыклай для заходняга дойліда і ён выкарыстоўваў камень.
Зыходзячы з тыпу пабудовы, XII ст. датуе менскі храм і Георгій Штыхаў, не адмаўляючы, зрэшты, даты, прапанаванай Аляксеевым.
Лёс пабудовы Эдуард Загарульскі адзначае, што раскопкамі не выяўлена слядоў разбурэння храма. Невядома чаму, але будаўніцтва храма далей ніжніх частак сцен не пайшло — няма ні слаёў развалу, ні рэштак іншых матэрыялаў будаўніцтва (акрамя «тварыла» для гашэння вапны), а камяні вакол — без слядоў раствора. Магчыма, майстры не разлічылі свае магчымасці, адбіліся цяжкасці з незвычайным для гэтых месцаў будаўнічым матэрыялам, можа быць, перашкодзіла складаная палітычныя абставіны тых гадоў, адзначаныя бясконцымі міжусобіцамі.
Імаверна, царкву спадзяваліся з часам скончыць. Да сярэдзіны XII ст. узведзеную частку не разбіралі і не засыпалі. Затым у ёй быў некропаль. У 1-й палове XIII ст., відавочна, страціўшы надзею дабудаваць царкву, пачатак яе сцен перакрылі вулічным насцілам, які пазней перамошчавалі чатыры разы.
Можна меркаваць, што старажытная царква была ў іншым месцы дзядзінца. Пісьмовыя крыніцы, пачынаючы з XVI стагоддзя, згадваюць саборную царкву Мінскага замка, называюць яе таксама праваслаўнай Замкавай царквой.
Некропаль
Паводле Аляксеева, хаваць у храме пачалі яшчэ да заканчэння будаўніцтва, што не можа здзіўляць, бо вядома, напрыклад, пахаванне чарнігаўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча ў недабудаваным ім , калі сцены былі выведзены да вышыні «на кони стояще рукою досящи».
Выяўлена 21 пахаванне XIII ст. у дамавінах скрыневага тыпу з вялікіх хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Труны былі прамавугольнай формы, некаторыя вечкі і бакавыя сценкі абгорнуты бяростай. Нябожчыкі пахаваны па славянскім звычаі галавой на захад са скрыжаванымі на грудзях рукамі, без рэчаў. Захаваліся рэшткі шарсцянога адзення і скуранога мяккага абутку (чаравікі, вышытыя ніткамі). Каля аднаго дзіцячага пахавання знойдзены залаты бранзалет вагой 75,5 грам, відаць, пакладзены як ахвярапрынашэнне або схаваны як скарб.
Архітэктура
Паводле плана — кампактны чатырохслуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з трыма паўавальнымі апсідамі. Па будаўніча-тэхнічных асаблівасцях не мае дакладных аналогій сярод культавых манументальных пабудоў Старажытнай Русі. Нават у незавершаным выглядзе ён дэманструе арыгінальную будаўнічую тэхніку, прадуманую арганізацыю будаўнічых прац. Дойлід імкнуўся стварыць невялікую, строгую культавую пабудову, якая адпавядала характару паселішча. Царква павінна была стаць упрыгожаннем і асновай планіроўкі гэтага раёна. Не выключана, што менскі храм адзін з найраннейшых узораў малой культавай пабудовы.
На паўночны ўсход ад царквы выяўленыя яма для прыгатавання вапны плошчай 25 м² і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі, калі вялося будаўніцтва.