Вы́шадкі (, ) — вёска ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Стадолішчанскага сельсавета.
За 20 км ад Гарадка, за 60 км ад Віцебска. На поўдзень ад вёскі знаходзіцца возера Вышадскае і ў яго ўпадае рака Аўсянка.
Гісторыя На паўвостраве, які ўдаецца ў Вышадскае возера, знаходзяцца гарадзішча днепра-дзьвінскай і банцараўскай культур (III—IV стст.) і курганны могільнік крывічоў (Х—ХI стст.)Штыхаў Г. В. Вышадкі // .
У пісьмовых крыніцах згадваецца ў XVI стагоддзі. У 1570 годзе сяло ва Усвяцкай воласці Віцебскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўная ўласнасць. У час Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў Вышадкі былі занятыя рускімі войскамі, з 1582 года зноў у складзе Вялікага Княства Літоўскага. З 1772 года вёска ў складзе Расійскай імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, у склад якога ў 1785 годзе ўваходзілі 42 паселішчы (200 двароў). У гэты ж час у саміх Вышадках было 9 двароў і 79 рэвізскіх душ. Вёска ўваходзіла ў Суражскі павет Полацкай губерні. З 1866 г. маёнтак Вышадкі быў цэнтрам воласці Гарадоцкага павета Віцебскай губерні. У 1885 годзе дзейнічалі царква, народнае вучылішча, праводзіліся кірмашы (3 разы ў год).
У 1920 годзе вёска — цэнтр Вышадскай воласці. З 15 лютага 1923 г. у Віцебскім павеце. З 20 жніўня 1924 г. да 1938 г. Вышадкі — цэнтр Вышадскага сельсавета ў Мяжанскім раёне, з 18 ліпеня 1931 г. у Гарадоцкім раёне.
У час Вялікай Айчыннай вайны, у жніўні 1942 г. акупанты спалілі вёску, загубілі 12 яе жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад Суражскай партызанскай зоны.
З 16 ліпеня 1957 г. вёска ў складзе Бяскатаўскага сельсавета, з 26 сакавіка 1973 г. — у Стадолішчанскім сельсавеце.
Насельніцтва 1785 год — 79 рэвізскіх душ, 9 двароў. 1920 год — 55 жыхароў, 12 двароў. 1941 год — 185 жыхароў, 41 двор. 1959 год — 71 жыхар. 1980 год — 83 жыхары. 1996 год — 79 жыхароў, 41 двор.
Мемарыялы Вайсковыя могілкі, на якіх пахаваны 186 савецкіх воінаў, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны. Прозвішчы 171 з іх вядомыя. Сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза Андрэй Андрэевіч Фядотаў.
Крыніцы
Літаратура — С. 329.
Ліст карты N-36-13. Выданне 1984 г. Стан мясцовасці на 1981 г.
Спасылкі
Катэгорыя:Стадолішчанскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Гарадоцкага раёна