Магілёўская губерня () — губерня Расійскай імперыі.

Гісторыя Створана ў 1772 годзе пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Першапачаткова ў склад Магілёўскай губерні ўваходзілі правінцыі: Магілёўская; Мсціслаўская; Аршанская; Рагачоўская.

У 1777 г. Магілёўская губерня была падзеленая на 12 паветаў: Аршанскі; Бабінавіцкі; Беліцкі; Клімавіцкі; Копыскі; Магілёўскі Мсціслаўскі Рагачоўскі; Сенненскі; Старабыхаўскі; Чавускі; Чэрыкаўскі.

У 1778 годзе губерня перайменавана ў Магілёўскае намесніцтва, якое ў 1796 годзе скасавана, а паветы ўвайшлі ў склад Беларускай губерні; Бабінавіцкі, Клімавіцкі, Копыскі, Старабыхаўскі паветы скасаваныя. У 1802 годзе Магілёўская губерня адноўленая ў складзе ранейшых 12 паветаў. У 1840 годзе Бабінавіцкі павет скасаваны, у 1852 годзе Беліцкі павет перайменаваны ў Гомельскі, Старабыхаўскі — у Быхаўскі, у 1861 годзе Копыскі — у Горацкі павет.

У 1897 годзе тэрыторыя губерні складала 42 134 вярсты², насельніцтва 1708 тыс. чал.

У верасні 1917 года расійскі ўрад уключыў землі губерні ў склад Заходняй вобласці. У Магілёве ў час Першай сусветнай вайны са жніўня 1915 года знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, якую пасля абвяшчэння савецкай улады ў лістападзе 1917 года занялі савецкія войскі. 26 лістапада (9 снежня) ў Мінску створаны вышэйшы заканадаўчы орган Заходняй вобласці і Заходняга фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). 5 сакавіка 1918 года германскія войскі занялі Магілёў, і толькі ва ўсходніх паветах губерні захавалася савецкая ўлада. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Магілёўская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Германскія войскі адышлі пад канец 1918 года. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Магілёўская губерня ўвайшла ў Беларускую ССР, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць яе са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Магілёўскую губерню часткай РСФСР.

11 ліпеня 1919 года Магілёўская губерня была скасаваная, 9 яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губерню, Мсціслаўскі павет перададзены Смаленскай, Сенненскі павет — Віцебскай губерні.

У 1938 годзе з цэнтрам у Магілёве створана Магілёўская вобласць БССР.

Губернатары

Міхаіл Васілевіч Кахоўскі (1773—1779) Пётр Багданавіч Пасек (1779—1781)

Прадстаўнікі дваранства Спіс дваранскіх родаў Магілёўскай губерні

Вядомыя асобы

Міхаіл Сяргеевіч Кацар Філіп Цімафеевіч Шаўцоў Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч Іван Пятровіч Сазановіч Кірыл Фаміч Тамашэвіч Мікалай Канстанцінавіч Гюбенет

Літаратура Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Магілёўскай губерні ў 1772—1863 гг. / А. Р. Раюк, І. М. Рыжанкоў // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац удзельнікаў VIII Міжнародн. навук.-практычн. канф., Магілёў, 26-27 чэрв. 2013 г. / уклад. А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. — Магілёў : УА МДУХ, 2013. — С. 314—319. Раюк, А. Р. Практыка азначэння Магілёўскай губерні ў афіцыйным справаводстве ў 1772—1917 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац удзельнікаў ІХ Мінарод. навук.-практ. канф., Магілёў, 25-26 чэрвен. 2015 г. / уклад. А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. — Магілёў : УА МДУХ, 2015. — С. 53—59.

Спасылкі

«Могилев на Днепре, или История одной губернии» — інтэрнэт-праект Магілёўскай абласной бібліятэкі Карты і спісы населеных месцаў Магілёўскай губерні