Вялі́кія Бо́ртнікі. Сустракаецца таксама варыянт Бальшы́я Бо́ртнікі (, ) — аграгарадок у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Бортнікаўскага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца на рацэ Ала за 25 км на ўсход ад Бабруйска, за 135 км на паўднёвы захад ад Магілёва, пры аўтамабільнай дарозе Р-43 на ўчастку Бабруйск-Рагачоў. Ландшафт мясцовасці ўзгорыста-хвалісты з шыракаліста-яловымі і хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Алаўскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18-18,5 °C. Аршанскі артэзіянскі басейн.
Гісторыя Па дакументальных крыніцах вядомы з 1540 года як сяло Бортнікі, уласнасць Мікалая Радзівіла Рудога. З 1566 года ў складзе Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, 32 дымы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1863 годзе адкрыта школа. Паводле перапісу 1897 года, у складзе Бортнікаўскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, дзейнічаюць 2 крамы, 2 ветракі, крупадзёрка, заезны двор, кузня. Раз на год праводзіўся кірмаш. Прыём хворых у 1877 годзе праводзіць фельчар Пятроўскі. Побач з Бортнікамі знаходзіўся маёнтак, у якім жыло 48 чалавек (у 1917 годзе ў маёнтку 92 жыхары). У жніўні 1905 года ў маёнтку адбылася забастоўка парабкоў.
Апрача земляробства і жывёлагадоўлі, асноўных заняткаў мясцовага насельніцтва, у Бортніках бытавалі такія промыслы, як ткацтва, віццё вяровак з пянькі, пашыў адзення, пляценне лапцей з лыка, кошыкаў з лазы, ракітніку, каранёў хвоі ці елкі, збор ягад і грыбоў, лекавых траў. Частка насельніцтва займалася кавальскімі, сталярнымі, бандарнымі, калёснымі промысламі, нарыхтоўкай лесу, парабкавала ў памешчыкаў. Значнае месца ў жыцці жыхароў займала бортніцтва. З-за беднасці і галечы некаторыя сяляне ішлі на адыходныя промыслы — нарыхтоўку і сплаў лесу па рацэ Бярэзіне.
З лютага па лістапад 1918 года вёска акупавана нямецкімі войскамі. У 1918 годзе жыхары Бортнікаў прымалі актыўны ўдзел у барацьбе супраць польскіх войскаў І. Р. Доўбар-Мусніцкага. Дзейнічаў Бортнікаўскі валасны рэўкам. У 1918 годзе вёска была разгорнута на хутары. У 1922 годзе адкрыты ўрачэбны ўчастак і хата-чытальня, працаваў пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. 13.03.1924 года арганізавана сельскагаспадарчае таварыства, у склад якога ўвайшлі 17 сялянскіх гаспадарак. Паводле перапісу 1926 года — хутары Вялікія Бортнікі (205 хутароў) Бортнікаўскага сельсавета Бабруйскага 1-га раёна Бабруйскай акругі БССР. 03.04.1930 года ў вёсцы арганізаваны калгас «Чырвоны партызан № 1», які ў 1931 годзе аб’ядноўваў 76, у 1939 годзе 233 гаспадаркі. Вясной 1931 года каля вёскі размяшчалася МТС. У 1933 годзе працавала кузня.
У Вялікую Айчынную вайну 124 вяскоўцы загінулі на фронце. На ўшанаванне памяці 351 земляка з вёсак сельсавета ў 1970 годзе пастаўлена стэла з мемарыяльным надпісам.
У 1986 годзе Вялікія Бортнікі — цэнтр калгаса «Гігант». Дзейнічаюць майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, сталярна-цяслярскія майстэрні, лесапільня, Дом культуры, сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, музычная школа, бібліятэка, сталовая, 5 магазінаў, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, урачэбная амбулаторыя, фельчарска-акушэрскі пункт, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленні сувязі і «Беларусбанка».
Валасное праўленне Пасля сялянскай рэформы 1861 года ў Бабруйскім павеце створана Бортнікаўская воласць. У 1877 годзе ў склад Бортнікаўскай воласці ўваходзілі 6 сельскіх грамад — 26 вёсак, 2383 сялян.
Валасны сход выбіраў валаснога старшыну, усіх старастаў, зборшчыкаў падаткаў, 1-2 засядацеляў і пісара, якія складалі валасное праўленне — выканаўчы орган сялянскага саслоўнага кіравання. Фактычна валасныя справы вялі валасны старшыня і пісар. Выбіраўся валасны старшыня на тры гады. Старшыня меў права адмовіцца ад пасады. Ён выконваў агульнапаліцэйскія (аб’яўленне распараджэнняў урада, нагляд за парадкам) і саслоўна-сялянскія абавязкі (скліканне валаснога сходу, нагляд за выкананнем павіннасцей).
Спіс валасных старшынь і пісараў Бортнікаўскага валаснога праўлення ГодСтаршыняПісар1884Павел МазуронакУладзімір Васільеў1888Павел МазуронакСцяпан Кудзін1893Іван МанькоАляксандр Вераскоўскі1900Сцяпан МанькоАляксандр Вераскоўскі1910Рыгор КаралёўАляксандр Вераскоўскі1917Рыгор КаралёўАляксандр Вераскоўскі
Ахвяры палітычных рэпрэсій Сарока Фёдар Апанасавіч, нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Бортнікі. Рэпрэсіраваны 28.03.1930 года, асуджаны 15.04.1930 года. Рэабілітаваны 05.11.1991 года. Хурсан Андрэй Парфёнавіч, нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Бортнікі, рабочы. Рэпрэсіраваны 09.04.1938 года. Расстраляны 10.10.1938 года. Рэабілітаваны 04.08.1958 года. Хурсан Рыгор Арсенцьевіч, нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Бортнікі, настаўнік. Рэпрэсіраваны 12.01.1937 года. Расстраляны 29.11.1938 года. Рэабілітаваны 12.09.1989 года. Хурсан Парфён Іванавіч, нарадзіўся ў 1860 годзе ў вёсцы Бортнікі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 08.02.1933 года, асуджаны 21.04.1933 года на 5 гадоў з высылкай у Башкірыю. Рэабілітаваны 22.08.1989 года. Хурсан Тарас Кірылавіч, нарадзіўся ў 1877 годзе ў вёсцы Бортнікі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 08.02.1933 года, асуджаны 21.04.1933 года на 5 гадоў з высылкай у Башкірыю. Рэабілітаваны 22.08.1989 года. Шапялевіч Марк Валянцінавіч, нарадзіўся ў 1878 годзе ў вёсцы Бортнікі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 18.02.1933 года, асуджаны 21.04.1933 года на 5 гадоў з высылкай у Башкірыю. Рэабілітаваны 22.08.1989 года. Шчаглоў Сямён Сямёнавіч, нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Бортнікі, чырвонаармеец. Рэпрэсіраваны 17.12.1944 года, асуджаны 29.12.1944 года на 10 гадоў. Рэабілітаваны 16.09.1992 года.
СВК Гігант У аграгарадку Вялікія Бортнікі знаходзіцца цэнтральная сядзіба СВК «Гігант». На тэрыторыі гаспадарчых зямель кааператыва 11 населеных пунктаў. Асноўнай гаспадарчай дзейнасцю СВК з’яўляецца вытворчасць малака, мяса буйной рагатай жывёлы і свіней, а таксама вытворчасць зерневых і зернебабовых культур, бульбы, рапсу, кармавых культур, аказанне паслуг насельніцтву.
У 2011 годзе ў структуры пасяўных плошчаў зерневыя і зернебабовыя займалі 45,6 %, кукурузы на зерне — 10 %. У гаспадарцы працуе 2 вытворчых участкі ў раслінаводстве, 8 ферм і адзін малочна-таварны комплекс у жывёлагадоўлі. У СВК працуе каля 300 чалавек.
Адукацыя
У 1863 годзе ў Бортніках адкрыта аднакласнае земскае народнае вучылішча, у якім у 1894 годзе навучаліся 71 хлопчык і 2 дзяўчынкі. У 1875 годзе настаўнікам школы працуе выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Аляксандр Каваль. На ўтрыманне школы з дзяржаўнага казначэйства выдаткавана 200 рублёў. У 1877 годзе пры школе дзейнічае рамесніцкі клас, у якім 7 хлопчыкаў навучаюцца рымарскаму і шавецкаму рамяству.
У даваенны час і пасля вайны дырэктарам школы працаваў Матвеенка. Пад яго кіраўніцтвам пачалося будаўніцтва новага мураванага будынка пад школу. Паводле праекту, апроч класных пакояў, у школе былі запраектаваны бібліятэка, памяшканне для ацяпляльнага абсталявання. Адкрыццё новай школы павінна была адбыцца ўвосень 1941 года. У час вайны будынак школы выкарыстоўваўся немцамі пад гаспадарчыя патрэбы.
Сучасны будынак школы ўзведзены ў 1986 годзе за сродкі калгаса «Гігант». У школе на грамадскіх пачатках дзейнічалі гурткі «Юны токар» і «Юны механізатар».
Спіс настаўнікаў Бортнікаўскага народнага вучылішча канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў ГодНастаўнік1875Аляксандр Каваль1884Міхаіл Іванавіч Халевінскі1893Аляксандр Андрэевіч Стасевіч1900Антон Аляксеевіч Крайко1905Наталля Фамінічна Кляеўская1910Якаў Пятроў1917Клаўдзія і Ксенія Свенціцкія
Культура Бортнікаўскі ансамбль народнай песні існуе з 1963 года. Стваральнік і першы яго кіраўнік — Г. Б. Балыка. Кіраўнік ансамбля — салістка, аўтар і выканаўца сваіх песень «Званы Чарнобыля», «Матуліна гора», «Песня пра Беларусь» і іншыя. Ветэраны ансамбля — Т. Д. Котава, В. М. Сарока, З. А. Сарока, В. А. Шчаглова. Салістка ансамбля Ганна Зубрыкава — пераможца раённых фэстаў, абласнога фестывалю «Аўсянка-93» і IV фестывалю народнай музыкі «Дружба-93».
Звання народнага ансамбль удастоены ў 1993 годзе. Ансамбль прымаў удзел у культурнай праграме ВДНГ СССР, выступаў на розных пляцоўках у Мінску, Брэсце, Гродне, Магілёве, Горках, Шклове і іншых населеных пунктах Беларусі. У 1970 годзе салісты ансамбля здымаліся ў музычным фільме «Ой, рэчанька, рэчанька». Удзельнік міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў адзначаны многімі дыпломамі, Ганаровымі граматамі і памятнымі сувенірамі.
Насельніцтва 1834 — 350 жыхароў, 35 двароў 1885 — 342 жыхары, 47 двароў 1897 — 858 жыхароў, 93 двары 1907 — 951 жыхар, 144 двары 1917 — 1038 жыхароў, 167 двароў 1926 — 1050 жыхароў, 205 двароў 1986 — 996 жыхароў, 309 двароў 1996 — 880 жыхароў, 392 двары 2007 — 837 жыхароў, 379 двароў
Планіроўка Планіроўка вуліц квартальная, уздоўж аўтамабільных дарог, з пераважна драўлянай забудовай сядзібнага тыпу. У 1990-я гады ўзведзены двухпавярховыя блакіраваныя і секцыйныя дамы.
Літаратура
Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II — Мн.: БелЭн, 2004 Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008 Памяць. Бабруйскі раён. Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998 Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах. Том 2. — Мн.: Белкартаграфія, 2013. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986
Спасылкі Большие и Малые Бортники // Сайт Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта
Катэгорыя:Бортнікаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Бабруйскага раёна