Мінскі абраз Маці Божай, Мінская Адзігітрыя — адна з хрысціянскіх святынь на Беларусі. Іншыя назвы: Мінская ікона Прасвятой Багародзіцы, Мінскі абраз Божай Маці, Мінская Адзігітрыя. Размяшчаецца ў ківоце паўночнага нефа ў саборы Сашэсця Святога Духа. Намаляваны тэмперай па ляўкасе на драўлянай аснове з каўчэгам, яго памер 140x105 см. Паводле іканаграфіі, Мінская Адзігітрыя набліжаная да Цэсарскай. У сучасным выглядзе першапачатковы жывапіс знаходзіцца пад запісамі розных часоў. У 1990-я г. абраз адрэстаўрыраваны Пятром Журбеем, зняты найбольш грубыя запісы.
Адмыслова святкуецца дзень з’яўлення абраза ў Мінску 13 жніўня 1500 года паводле старога стылю (26 жніўня). Гэтае свята ўваходзіць у Святочную мінею.
Гісторыя
У 2-м кандаку акафіста Мінскаму абразу Багародзіцы згадваецца: «Убачыўшы святы абраз Твой, Прачыстая, святым Лукой першапісаны, мовіла так: „Хай застанецца з гэтым абразом Мая мілата і сіла“». Кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч прывёз абраз Багародзіцы з Корсуні (Візантыйская імперыя) ў Крыме. Ад часу хрышчэння Русі ў 988 годзе абраз знаходзіўся ў Дзесяціннай царкве Кіева. У 1482 годзе падчас крымчацкага набегу на Кіеў (Вялікае Княства Літоўскае) вайскоўцы хана Менглі-Гірэя знялі з абраза́ Багародзіцы каштоўныя аздобы і кінулі яго ў Дняпро. 13 жніўня 1500 года абраз з’явіўся на Свіслачы насупраць Менскага замка. Менчукі заўважылі абраз па зіхатлівым святле і ўрачысна перанеслі яго ў сабор Нараджэння Багародзіцы. У выніку на пакланенне да абраза́ ў Менск сталі прыяжджаць праваслаўныя хрысціяне з усіх ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага. Так ушаноўвалі толькі яшчэ 3 абразы́ Багародзіцы ў ВКЛ — Віленскі, Смаленскі і Эфескі. 12 студзеня 1591 года Менск атрымаў герб, які паказваў Багародзіцу на блакітным небе ў асяроддзі анёлаў.
Пасля прыняцца Брэсцкай уніі (1596) вакол царквы і абраза вялася барацьба паміж менскім магістратам і мітрапалітам М. Рагозам. 18 кастрычніка 1616 года ў дзень памяці апостала Лукі ўніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі загадаў перанесці абраз у перабудаваны з драўлянага праваслаўнага ў мураваны храм базыльянскага манастыра Святога Духа, які ў 1795 годзе пераўтварылі ў праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Менскія мяшчане прасілі дазволу пабудаваць новую царкву ў замку і перанесці ў яе цудатворны абраз. Дазвол на будаўніцтва Руцкі даў, але абраз пакінуў «на вечныя часы» ў царкве св. Духа, дзе ён і знаходзіўся пад апекай базыльян больш за два стагоддзі.
У 1733 годзе ўніяцкі архімандрыт Аўгусцін Любянецкі ахвяраваў 1000 талераў, на якія ў храме Святога Духа змясцілі капэлу для спеваў перад Менскім абразом Багародзіцы падчас набажэнства. Таксама зранку і ўвечары ў храме гралі гімны «Радуйся, Каралева» і «О, слаўная Спадарыня», якімі праслаўлялі Дзеву Марыю. У 1852 годзе жонка мінскага губернатара Фядота Шкларэвіча Кацярына Іванаўна ЧэраповаЧэрапава? ахвяравала на аздобу абраза сярэбраную пазалочаную рызу з каштоўнымі камянямі і надпісам унізе, а над галовамі, аздобленую каронай з брыльянтамі. Напярэдадні Раства сярэбраную рызу абраза асвяціў мінскі епіскап Міхаіл Галубовіч. Таксама ў гонар Мінскага абраза Багародзіцы асвяцілі правую прыбудову Петрапаўлаўскага сабора, а перад абразом сталі служыць малебны. У скарбонку каля абраза прыхаджане сталі класці ахвяраванні і лісты падзякі за вылячэнне. У1878 годзе «Апісанне цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі» змяшчала наступную згадку Мінскага абраза Багародзіцы: «Вышыня 2 аршыны, шырынёй аршын і 5 з 1/2 вяршкоў, старажытнага візантыйскага пісьма, пісаны на драўлянай дошцы, пакрыты вычаканенаю з срэбра 84-й пробы паліраванай шатай; над абліччамі знаходзяцца сярэбраныя ж, пазалочаныя кароны; у кароне Маці Божай знаходзіцца 6, а ў кароне Прадвечнага Дзіцяткі 4 невялікіх дыяманты; ўся шата і кароны ў розных месцах упрыгожаныя рознакаляровымі стразамі».
У жніўні 1900 года на святкаванне 400-гадовага юбілею здабыцця Мінскага абраза Багародзіцы прыбылі хросныя хады з Кацярынінскага сабора, Казанскай царквы, манастыроў Святога Духа і Святога Ператварэння. На плошчы перад Петрапаўлаўскім саборам мінскі епіскап Міхаіл Цёмнарусаў здзейсніў святочны малебен перад некалькімі тысячамі прыхаджанаў. З 1912 года пры епіскапе Мітрафане Краснапольскім абраз сталі выносіць з сабору і ставіць на аналой для малебну 13 (26) жніўня. 22 кастрычніка 1914 года расійскі імператар Мікалай II наведаў Петрапаўлаўскі сабор у Мінску, дзе пакланіўся Мінскаму абразу Багародзіцы. Увесну 1922 года бальшавіцкі ўрад канфіскаваў каштоўную рызу з абраза. 10 жніўня 1927 года пры Мінскім абразе Багародзіцы зачыталі адозву Сабору Беларускай праваслаўнай царквы пра абвяшчэнне аўтакефаліі. У 1935 годзе савецкі ўрад перадаў Петрапаўлаўскі сабор ад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы на карысць Рускай праваслаўнай царквы абнаўленцаў. У выніку Мінскі абраз Багародзіцы перадалі ў краязнаўчы музей каля Дому афіцэраў. Уначы летам 1936 года бальшавіцкія ўлады падарвалі Петрапаўлаўскі сабор, абраз перададзены ў музей. Улетку 1941 года кіраўнік Мінскага гістарычнага музея Антон Шукелойць вярнуў абраз БАПЦ праз магілёўскага архіепіскапа Філафея. Яго рэстаўраваў іканапісец Гаўрыла Віер. Абраз перанеслі ў сабор святой Кацярыны на Нямізе, які пераасвяцілі ў гонар святых Пятра і Паўла. У 1945 годзе абраз перанеслі ў сабор Сашэсця Святога Духа па закрыцці царквы на Нямізе, дзе ён і знаходзіцца ў ківоце ў паўночным нефе. У 1990-я гады Пётр Журбей адрэстаўраваў жывапіс Мінскага абраза Багародзіцы.
Ушанаванне
Трапар і кандак На свята з’яўлення Мінскага абраза Багародзіцы 26 (13 па ст.ст.) жніўня выконваюць адмысловы трапар і кандак.
Малітва Перад Мінскім абразом Багародзіцы чытаюць адмысловую малітву.
Храмы У Смалявічах (Мінская вобласць) дзейнічаў прыход храма Мінскай іконы Божай Маці. У Мінску таксама існаваў храм Мінскай іконы Божай Маці, настаяцелем якога быў протаіерэй Аляксандр Страха.
Штосераду ў храме Кірылы Тураўскага ў Цэнтральным раёне Мінска (мікрараён Высокі Рынак) здзяйсняецца акафістны спеў Мінскаму абразу Багародзіцы. 26 жніўня 2020 года барысаўскі епіскап Веніямін здзейсніў сваё першае пасля абрання беларускім экзархам набажэнства ў смалявіцкім храме Мінскай іконы Божай Маці.
Нумізматыка 27 снежня 2010 года Нацыянальны банк Беларусі выпусціў срэбную памятную манету «Ікона Прасвятой Багародзіцы „Мінская“» наміналам 20 рублёў. Дызайн манеты распрацаваў С. Заскевіч. 19 снежня 2013 года Нацыянальны банк Беларусі выпусціў яшчэ 3 памятныя манеты "Ікона Прасвятой Багародзіцы «Мінская» серыі «Праваслаўныя цудатворныя іконы». У золаце манета мела намінал 1000 рублёў, 999-ю пробу стопка, вагу 100 грам і тыраж 200 асобнікаў. Меншая залатая манета мела намінал 50 рублёў, 999-ю пробу стопка, вагу 5 грам і тыраж 4000 асобнікаў. Срэбраная манета мела намінал 500 рублёў, 925-ю пробу стопка, вагу 500 грам і тыраж 500 асобнікаў. Пасярод пярэднага боку манеты размяшчаўся арнамент вінаграднай лазы, які абазначаў Багародзіцу. Пасярод арнамента знаходзіўся памятны крыж на Заслаўскім замчышчы (Мінскі раён) ў гонар 1000-годдзя Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Пасярод адваротнага боку (рэверса) манеты быў Мінскі абраз Прасвятой Багародзіцы. На сярэбранай манеце выявы німбаў Багародзіцы і Ісуса Хрыста, зоркі на вопратцы Багародзіцы і арнамент выканалі золатам. манеты адчаканілі з якасцю пруф на мынцы ў Германіі (Карлсфельд, зямля Баварыя).
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Абразы Беларусі Катэгорыя:Славутасці Мінска Катэгорыя:Цудатворныя абразы Багародзіцы