Я́драная Слабада́ (, ) — вёска ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Доўгаўскага сельсавета. Размешчана за 51 км на паўночны ўсход ад Клічаў, за 41 км ад Магілёў, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Друць на лініі Магілёў—Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на поўдні мяжуе з лесам. На ўсходзе цячэ рака Друць (прыток ракі Дняпро). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Новая Слабада, Веснік, Доўгае, Свёкрава, Малінне і далей па шашы Клічаў—Чачэвічы.
Гісторыя За 2 км на поўдзень ад вёскі знаходзіцца група Курганных магільнікаў. На тэрыторыі сучаснай вёскі знойдзены руіны старажытных печаў (гут) і выяўлены рэшткі палівальнай посуды, сляды каліраванага шкла. Гэтыя помнікі археалогіі сведчаць аб засяленні тутэйшых месцаў у далёкай старажытнасці.
XVIII стагоддзе Першае згадванне адносіцца да XVIII стагоддзя.
XIX стагоддзе У 1848 годзе ў Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні налічвалася 25 двароў. У 1858 годзе ў вёсцы было 133 жыхары мужчынскага полу, яна з’яўлялася ўласнасцю памешчыка. Меліся млын, карчма. Частка вяскоўцаў займалася калёсным, сталярным, бандарным і адыходнымі промысламі. У 1880 годзе — 61 двор, 434 жыхары. У 1897 годзе ў Гарадзішчанскай воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні было 74 двары, 473 жыхары. Меліся вадзяны млын, школа граматы, хлебазапасны магазін, піцейны дом.
XX стагоддзе У 1909 годзе — 77 двароў, 534 жыхары. У 1910 годзе адкрыта земская школа. Сяляне наймаліся на працу да купцоў, нарыхтоўвалі лес і сплаўлялі яго па Друці. У 1924 годзе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут быў створаны сельсавет. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Перамога». У 1933 годзе на базе пачатковай школы створана 7-гадовая школа. У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 7 двароў. Восенню 1941 года вёска знаходзілася пад кантролем партызан, дзейнічаў сельсавет (старшыня П. С. Манянок). У 1942 годзе карнікі знішчылі 7 сямей і 2 двары, загінулі 7 чалавек. 29 чэрвеня 1944 года вызвалена войскамі 50-й арміі 2-га Беларускага фронту. У 1950 годзе ўступіла ў калгас, далучана да калгаса «Доўгаўскі». У 1990 годзе — 96 гаспадарак, 198 жыхароў. У пасляваенны час у вёсцы меліся клуб, 6-гадовая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін.
Насельніцтва XIX стагоддзе: * 1858 год — 133 жыхары мужчынскага полу * 1880 год — 434 жыхары * 1897 год — 473 жыхары XX стагоддзе: * 1909 год — 534 жыхары * 1990 год — 198 жыхароў XXI стагоддзе: * 2007 год — 82 жыхары
Планіроўка Планіроўка складаецца з працяглай, плаўна выгнутай вуліцы амаль мерыдыянальнай арыентацыі, забудаванай двухбакова, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары Адам Андрэевіч Бірукоў (1918—1941) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсамольска-маладзёжнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Гомельскай і Пінскай абласцей у Вялікую Айчынную вайну.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Доўгаўскі сельсавет (Клічаўскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Клічаўскага раёна