Ё́сіп (Іосіп) Броз Ці́та (; ; , Кумравец, Каралеўства Харватыя і Славонія, Аўстра-Венгрыя — , Любляна, Сацыялістычная Рэспубліка Славенія, СФРЮ) — югаслаўскі дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч, кіраўнік Югаславіі ў 1945—1980 гадах. Узначальваў камуністычны партызанскі рух падчас Другой сусветнай вайны, атрымаў званне маршала Югаславіі ў 1943 годзе. Адзін з ініцыятараў стварэння Руху недалучэння.Ціта, Броз Ціта Іосіп // .

Псеўданім Ціта Броз пачаў ужываць у падпольнай партыйнай дзейнасці ў 1930-я гады. Пазней ён стаў неад’емнай часткай імя, пад якім палітык быў вядомы ў Югаславіі і за яе межамі.

Раннія гады

Ёсіп Броз нарадзіўся ў вёсцы Кумравец у Харвацкім Загор’і. Яго бацька Франьё Броз быў харватам, а маці Марыя Явэршэк — славенкай. Ёсіп быў адным з пятнаццаці дзяцей у сялянскай сям’і. У 1907 годзе скончыў пачатковую школу, пасля чаго навучаўся слясарнаму рамяству ў Сісаку. З 1910 года працаваў металістам у Заграбе і ўступіў у Сацыял-дэмакратычную партыю Харватыі і Славоніі. У 1911—1913 гадах працаваў на прадпрыемствах у Славеніі, Чэхіі, Германіі і Аўстрыі.

У 1913 годзе яго прызвалі ў аўстра-венгерскую армію. Падчас Першай сусветнай вайны служыў на Сербскім, а пазней на Усходнім фронце. У сакавіку 1915 года быў цяжка паранены і трапіў у расійскі палон. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года пакінуў лагер ваеннапалонных, апынуўся ў Петраградзе, а затым у Сібіры. У Омску далучыўся да чырвонагвардзейцаў. Пазней у афіцыйнай югаслаўскай біяграфіі сцвярджалася, што ён удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі, аднак дакладны характар яго ўдзелу застаецца не высветленым.

У Расіі Броз пазнаёміўся з Пелагеяй Белавусавай, з якой узяў шлюб. У 1920 годзе яны пераехалі ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У тым жа годзе Броз уступіў у Камуністычную партыю Югаславіі.

Партыйная дзейнасць

Пасля забароны Камуністычнай партыі Югаславіі Броз працягваў падпольную дзейнасць. Працаваў на прадпрыемствах у розных гарадах, удзельнічаў у прафсаюзным руху і арганізоўваў забастоўкі. У 1928 годзе ён сіаў палітычным сакратаром заграбскай арганізацыі кампартыі. У жніўні 1928 года яго арыштавалі, а ў лістападзе асудзілі на пяць гадоў зняволення.

Пасля вызвалення ў 1934 годзе Броз увайшоў у кіраўніцтва КПЮ і пачаў карыстацца псеўданімам Ціта. У 1935—1936 гадах працаваў у Маскве ў апараце Камуністычнага інтэрнацыянала, дзе быў вядомы таксама пад псеўданімам Вальтэр. Ён захаваў сваё становішча падчас рэпрэсій, якія закранулі значную частку югаслаўскага камуністычнага кіраўніцтва. Пасля арышту і расстрэлу ў СССР генеральнага сакратара КПЮ Мілана Горкіча Броз паступова ўзначаліў партыю. У 1939 годзе Камінтэрн зацвердзіў яго генеральным сакратаром КПЮ.

Другая сусветная вайна

У красавіку 1941 года дзяржавы Восі напалі на Югаславію і падзялілі яе тэрыторыю. Пасля нападу Германіі на СССР Камуністычная партыя Югаславіі заклікала да ўзброенага паўстання. Ціта ўзначаліў Галоўны штаб народна-вызваленчых партызанскіх атрадаў, пазней пераўтвораны ў Вярхоўны штаб Народна-вызваленчай арміі і партызанскіх атрадаў Югаславіі.

У адрозненне ад сербскіх манархічных чэтнікаў і харвацкіх усташоў, камуністычны рух дэклараваў супольную барацьбу ўсіх народаў Югаславіі супраць акупантаў і калабарацыяністаў. Партызанскія сілы вялі адначасова вайну супраць акупацыйных войскаў і грамадзянскую вайну з іншымі ўзброенымі фарміраваннямі. Да канца вайны яны кантралявалі значную частку краіны і сталі галоўнай унутранай ваенна-палітычнай сілай Югаславіі.

У лістападзе 1942 года было створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (АВНАЮ). На яго другой сесіі ў Яйцэ ў лістападзе 1943 года было абвешчана пра стварэнне федэратыўнай Югаславіі, а Ціта атрымаў званне маршала. У канцы 1943 года заходнія саюзнікі прызналі яго партызанскі рух галоўнай сілай супраціву ў Югаславіі. Паводле пагаднення Ціта — Шубашыча было прадугледжана стварэнне супольнага ўрада з прадстаўнікамі партызанскага руху і каралеўскага ўрада ў выгнанні.

Увосень 1944 года Народна-вызваленчая армія сумесна з Чырвонай арміяй удзельнічала ў вызваленні Бялграда. Значную частку тэрыторыі краіны югаслаўскія партызаны занялі самастойна. Партызаны Ціта таксама дапамагалі камуністычнаму руху супраціву ў суседняй Албаніі.

Кіраўнік Югаславіі

Усталяванне новага ладу

7 сакавіка 1945 года Ціта ўзначаліў Часовы ўрад Дэмакратычнай Федэратыўнай Югаславіі. У лістападзе 1945 года на выбарах удзельнічаў толькі кантраляваны камуністамі Народны фронт. Новая скупшчына ліквідавала манархію і абвясціла Федэратыўную Народную Рэспубліку Югаславія. Ціта застаўся кіраўніком урада і адначасова займаў пасаду міністра абароны.

У першыя пасляваенныя гады ў краіне была ўсталявана аднапартыйная сістэма, нацыяналізавана прамысловасць і распачата калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Улады пераследавалі палітычных праціўнікаў, прадстаўнікоў разгромленых ваенных фарміраванняў і частку духавенства. Падчас і непасрэдна пасля заканчэння вайны адбыліся масавыя забойствы ваеннапалонных і цывільных асоб, якіх новыя ўлады лічылі калабарацыяністамі або ворагамі рэжыму. Як кіраўнік партыі, урада і ўзброеных сіл Ціта нёс палітычную адказнасць за дзейнасць створанай сістэмы.

Канфлікт з СССР

Першапачаткова Югаславія арыентавалася на савецкую мадэль развіцця, але яе кіраўніцтва праводзіла больш самастойную палітыку на Балканах. Рознагалоссі датычыліся, сярод іншага, югаслаўскай прысутнасці ў Албаніі, дапамогі грэчаскім камуністам і планаў стварэння федэрацыі Югаславіі з Балгарыяй. У чэрвені 1948 года Камінфарм асудзіў кіраўніцтва КПЮ, пасля чаго Югаславія апынулася ў палітычнай і эканамічнай ізаляцыі ад СССР і яго саюзнікаў.

Камуністаў і іншых грамадзян Югаславіі, якіх абвінавачвалі ў падтрымцы савецкай пазіцыі, арыштоўвалі і адпраўлялі ў турмы і лагеры. Найбольш вядомым месцам зняволення стаў лагер на востраве Галі-Отак, адкрыты ў 1949 годзе. Праз сістэму лагераў для прыхільнікаў Камінфарма і асоб, залічаных да іх, прайшлі тысячы чалавек. Вязняў прымушалі да цяжкай працы, унутры лагера падтрымлівалася сістэма ўзаемнага сачэння, даносаў і гвалту. У 1956 годзе Галі-Отак перастаў быць спецыяльным лагерам для прыхільнікаў Камінфарма і быў пераўтвораны ў турму, у якой пазней утрымлівалі таксама іншых палітычных апанентаў і асуджаных за крымінальныя злачынствы. Установа дзейнічала да 1988 года.

Разрыў з СССР прымусіў Югаславію шукаць эканамічную і ваенную дапамогу ў заходніх дзяржаў. Пры гэтым краіна захавала сацыялістычны лад і аднапартыйную сістэму. У 1950 годзе была распачата рэформа рабочага самакіравання: дзяржаўныя прадпрыемствы фармальна перадаваліся пад кіраванне выбарных рабочых саветаў. Адначасова паступова адмовіліся ад суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі, пашырылі магчымасці дробнай прыватнай гаспадаркі і ўвялі элементы рынку.

Пасля смерці Іосіфа Сталіна адносіны з СССР пачалі паляпшацца. У 1955 годзе савецкая дэлегацыя на чале з Мікітам Хрушчовым наведала Бялград. Бакі прызналі права кожнай сацыялістычнай краіны самастойна вызначаць шлях развіцця. Аднак Югаславія не вярнулася ў савецкі блок і не ўступіла ў Арганізацыю Варшаўскага дагавора.

Прэзідэнцтва і ўнутраная палітыка

14 студзеня 1953 года Ціта быў абраны прэзідэнтам Югаславіі. У 1963 годзе новая канстытуцыя перайменавала дзяржаву ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславія і дазволіла яму заставацца прэзідэнтам без абмежавання колькасці тэрмінаў. Канстытуцыя 1974 года надала Ціта статус пажыццёвага прэзідэнта і адначасова пашырыла паўнамоцтвы саюзных рэспублік і аўтаномных краёў.

Югаслаўскі лад адрозніваўся ад сістэм іншых еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў большай эканамічнай самастойнасцю прадпрыемстваў, магчымасцю для грамадзян выязджаць на працу за мяжу і адносна шырокімі культурнымі кантактамі з Захадам. Палітычная ўлада, аднак, заставалася ў руках Саюза камуністаў, а адкрытая апазіцыйная дзейнасць абмяжоўвалася. У 1954 годзе быў адхілены ад улады Мілаван Джылас, які выступаў за далейшую дэмакратызацыю. У 1966 годзе пасля Брыёнскага пленума сваіх пасад пазбавіўся кіраўнік службаў бяспекі Аляксандр Ранкавіч.

У 1971—1972 гадах партыйнае кіраўніцтва спыніла рэфарматарскія рухі ў Харватыі, Сербіі і Славеніі. Удзельнікаў Харвацкай вясны, якія патрабавалі большай самастойнасці рэспублікі, звальнялі з пасад, выключалі з партыі і ў асобных выпадках асуджалі да зняволення. Адначасова Канстытуцыя 1974 года значна дэцэнтралізавала федэрацыю, стварыўшы сістэму калектыўнага кіраўніцтва, якая павінна была дзейнічаць пасля смерці Ціта.

Знешняя палітыка

Ціта імкнуўся захоўваць самастойнасць Югаславіі адносна абодвух ваенна-палітычных блокаў. Ён падтрымліваў адносіны як з СССР і іншымі сацыялістычнымі краінамі, так і з ЗША і дзяржавамі Заходняй Еўропы. Югаславія асудзіла увод войскаў краін Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію ў 1968 годзе. Пазіцыя Ціта падчас венгерскіх падзей 1956 года была больш складанай: першапачаткова ён пагаджаўся з неабходнасцю змены венгерскага кіраўніцтва, але пазней крытыкаваў савецкае ўмяшанне і пакаранне смерцю Імрэ Надзя.

Разам з прэм’ер-міністрам Індыі Джавахарлалам Неру і прэзідэнтам Егіпта Гамалем Абдэлем Насэрам Ціта выступіў адным з галоўных ініцыятараў супрацоўніцтва дзяржаў, якія не жадалі далучацца ні да НАТА, ні да савецкага блока. У верасні 1961 года ў Бялградзе адбылася першая канферэнцыя кіраўнікоў 25 дзяржаў. Яе ўдзельнікі выступілі за недалучэнне да ваенных блокаў, падтрымку нацыянальна-вызваленчых рухаў, мірнае суіснаванне і раззбраенне.

Ціта наведаў шматлікія краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і ўдзельнічаў ва ўсіх канферэнцыях Руху недалучэння, якія прайшлі пры яго жыцці. Дзякуючы гэтай палітыцы Югаславія мела міжнародны ўплыў, большы за яе эканамічны і ваенны патэнцыял.

Асабістае жыццё

Ціта некалькі разоў быў жанаты. Ад шлюбу з Пелагеяй Белавусавай меў сына Жарку. Падчас Другой сусветнай вайны яго фактычнай жонкай была Давор’янка Паўнавіч. У 1952 годзе ён узяў шлюб з Ёванкай Будзісаўлевіч, якая суправаджала яго падчас афіцыйных паездак. У другой палове 1970-х гадоў сужэнцы жылі асобна, хоць афіцыйна не развяліся.

У Югаславіі склаўся культ асобы Ціта. Яго афіцыйны дзень нараджэння 25 мая адзначаўся як Дзень моладзі; кульмінацыяй свята было ўручэнне Ціта сімвалічнай эстафетнай палачкі. Яго партрэты размяшчаліся ў дзяржаўных установах, школах і на прадпрыемствах, яго імя прысвойвалі гарадам, вуліцам і арганізацыям.

Смерць і пахаванне

У пачатку 1980 года стан здароўя Ціта рэзка пагоршыўся з прычыны парушэння кровазвароту ў левай назе. Пасля няўдалых спроб лячэння нагу ампутавалі. Ён памёр 4 мая 1980 года ў клінічным цэнтры ў Любляне, не дажыўшы трох дзён да 88-годдзя.

Пахаванне адбылося 8 мая ў Бялградзе. На ім прысутнічалі прадстаўнікі больш як ста дзяржаў, у тым ліку дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Ціта пахавалі ў зімовым садзе яго рэзідэнцыі, які пазней атрымаў назву Дом кветак.

Пасля яго смерці пасада кіраўніка дзяржавы перайшла да калектыўнага Прэзідыума СФРЮ, старшыні якога змяняліся штогод. На працягу 1980-х гадоў абвастрыліся эканамічны крызіс, супярэчнасці паміж рэспублікамі і нацыянальныя канфлікты. У 1991—1992 гадах большая частка рэспублік выйшла са складу федэрацыі, што суправаджалася войнамі.

Сувязі з Беларуссю

У чэрвені 1965 года падчас паездкі па Савецкім Саюзе Ціта наведаў Беларускую ССР. Ён пабываў у Мінску і Брэсцкай крэпасці. Гэта быў адзіны яго візіт у Беларусь.

Ацэнкі і памяць

Ацэнкі дзейнасці Ціта істотна адрозніваюцца. З яго кіраўніцтвам звязваюць перамогу югаслаўскага партызанскага руху, захаванне незалежнасці краіны ад СССР, стварэнне адмысловай мадэлі сацыялістычнага самакіравання і значную ролю Югаславіі ў Руху недалучэння. Адначасова яго ўлада грунтавалася на манаполіі Саюза камуністаў, дзейнасці палітычнай паліцыі, цэнзуры і пераследзе сапраўдных або меркаваных праціўнікаў рэжыму.