Баро́вая (, ) — вёска ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вепрынскага сельсавета.

Гісторыя Вядома па пісьмовых крыніцах з 1547 года пад назвай АбароўНГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, адз. зах. 30. Арк. 154 адв.. У 1762 годзе сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве, шляхецкая ўласнасць, меліся карчма і млын. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, 31 двор, 150 жыхароў. У 1825 годзе заснавана прыгонніцкая мануфактура, якая давала да 900 аршынаў палатна ў год. У 1848 годзе 46 двароў, у 1858 годзе 142 жыхары мужчынскага полу, меўся заезны дом. У 1889 годзе адкрыта земская школа, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне. У 1897 годзе ў Дубравіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 89 двароў, 645 жыхароў. Непадалёку быў аднайменны фальварак, 4 двары, 18 жыхароў. У 1909 годзе у вёсцы 111 двароў, 730 жыхароў; у маёнтку 2 двары, 4 жыхары; дзейнічаў вінакурны завод (у 1913 годзе 7 рабочых).

Пасля 1917 года на базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа першай ступені, у якой у 1925 годзе было 47 вучняў. З 17 ліпеня 1924 года ў Чэрыкаўскім раёне Калінінскай акругі. У 1926 годзе 170 двароў, 1023 жыхары. З 9 чэрвеня 1927 года да 26 ліпеня 1930 года Магілёўскай акругі, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 30 верасня 1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У баях супраць ворага ўдзельнічала 89 жыхароў, 24 з іх загінулі. У пасляваенны час у складзе саўгаса «Сцяг» (цэнтр — вёска Малінаўка). У 1948 годзе радыёфікавана, у 1963 годзе электрыфікавана. З 16 верасня 1959 года ў Крычаўскім, з 30 ліпеня 1966 года ў Чэрыкаўскім раёнах. У 1989 годзе 94 гаспадаркі, 224 жыхары, ферма буйной рагатай жывёлы, магазін, клуб са стацыянарнай кінаўстаноўкай, бібліятэка.

У 2007 годзе дзейнічалі ферма буйной рагатай жывёлы, дом сацыяльных паслуг. Планіровачна складаецца з дзвюх прамалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, падзеленых ракой і злучаных дзвюма кароткімі вуліцамі. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На паўднёвым захадзе і паўночным усходзе гаспадарчы сектар.

У сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС вёска Баровая, паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 75 ад 8 лютага 2021 года, адносіцца да зоны з правам на адсяленне. Паводле папярэдняй пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 9 ад 11 студзеня 2016 года, вёска адносілася да той жа зоны.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Вепрынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Чэрыкаўскага раёна