Ручаё́ўка (, ) — аграгарадок у Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Цэнтр Ручаёўскага сельсавета. Месціцца за 25 км на паўднёвы захад ад Лоева, за 63 км ад чыгуначнай станцыі Рэчыца, за 117 (111) км ад Гомеля, на аўтамабільнай дарозе Брагін — Лоеў. На поўдзень месціцца сетка меліярацыйных каналаў, на ўсходзе рака Пясочанка, якая ўпадае ў возера Лутаўскае, што ў пойме ракі Дняпро.
Геаграфія Планіровачна складаецца з амаль просталінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да якой з поўначы далучаецца кароткая вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Паблізу ёсць залежы гліны і торфу.
Гісторыя У пісьмовых крыніцах згадваецца ў пачатку XIX стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. У 1834 годзе 23 двары, у 1850 годзе 27 двароў, уладанне памешчыцы Быкоўскай. У 1872 годзе пабудаваная драўляная пяцікупальная Вазнясенская царква, у якой сярод кніг былі служэбнік, выдадзены ў Кіеве ў 1791 годзе, і маскоўскія евангеліі 1805 і 1863 гадоў. У 1885 годзе 67 двароў, цэнтр Ручаёўскай воласці, у якую ўваходзілі 12 селішчаў з 438 дварамі. У 1897 годзе 533 жыхары, ёсць народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма. У 1916 годзе пачаў дзейнічаць тэлеграф. У 1908 годзе 104 двары.
У пачатку сакавіка 1918 года Ручаёўку занялі германскія войскіЕрмакоў, І. Р., Крупейчанка, В. П. Устанаўленне Савецкай улады / І. Р. Ермакоў, В. П. Крупейчанка // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна / [укладальнікі: В. П. Крупейчанка, Л. В. Календа; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.; Мастак Э. Э. Жакевіч]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2000. — 588 с.: іл., табл. — С. 62—65. — ISBN 985-11-0176-1.. Савецкая ўлада была ліквідавана, а павет па дамоўленасці паміж урадамі Германскай імперыі і Украінскай Народнай Рэспублікі далучаны да апошняй. Неўзабаве 25 сакавіка гэтага ж года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Рэчыцкі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі дзейнасць з прычыны агульнай неарганізаванасці сярод структур БНР і адмоўнага стаўлення нямецкага франтавога камандавання да ўтварэння БНР. Разам з тым, на фоне Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і адклікання нямецкіх войск з Усходняга фронту, Ручаёўка зноў апынулася пад савецкай уладай у складзе Заходняй камуны РСФСР.
З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Ручаёўка ўвайшла ў склад БССР. З 16 студзеня Ручаёўка была ўключана ў склад РСФСР, дзе належала да Рэчыцкага павета Гомельскай губерні.
У сакавіку 1920 года пачалося наступленне польскай арміі. 12 сакавіка польскі атрад захапіў Ручаёўку, але на наступны дзень быў разбіты РСЧАКраўцоў, І. Я. Трывожная вясна 1920 года / І. Я. Краўцоў // Памяць… — С. 65—67..
У выніку пагрому, які 7 лютага 1921 года ўчыніла банда Галакі, загінулі 40 жыхароў. 9 мая 1923 года воласць была ліквідавана, а тэрыторыя ўключана ў Лоеўскую і Холмецкую воласці.
З 8 снежня 1926 года ў складзе БССР, цэнтр Ручаёўскага сельсавета Лоеўскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага, з 30 ліпеня 1966 года Лоеўскага раёнаў Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе 69 двароў, ёсць пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя СНК БССР, працавала кузня. У 1940 годзе ў вёсцы 103 двары.
У Другую сусветную вайну нямецкія ўлады размясцілі ў вёсцы свой гарнізон, які 8 верасня 1942 года быў разгромлены партызанамі. У 1943 годзе нацысцкія войскі спалілі 93 двары, загубілі 8 жыхароў.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1885—469 чалавек 1897—533 чалавекі XX стагоддзе: 1908—602 чалавекі 1930—399 чалавек 1940—496 чалавек 1959—420 чалавек 1999—375 чалавек XXI стагоддзе: 2001—366 жыхароў, 132 двары 2010—329 чалавекДзяржкартгеацэнтр
Памятныя мясціны Брацкая магіла савецкіх воінаў —
Страчаная спадчына Царква Ушэсця Гасподняга (1872 г.), узарваная ў 1942 годзе.
Інфраструктура Цэнтр саўгаса «Зара». Ёсць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, шавецкая майстэрня, яслі-сад.
Вядомыя асобы Пётр Сяргеевіч Лямешчанка (нар. 1953) — беларускі эканаміст, аналітык, педагог. Сяргей Дзмітрыевіч Лямешчанка (1910—1998) — заслужаны заатэхнік БССР Юрый Іванавіч Кулажанка (1964—2024) — беларускі матэматык, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (2016—2024).
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Ручаёўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Лоеўскага раёна