Папе́рня () — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Ваверскага сельсавета.

Гісторыя Некалі рэчка Вавёрка ўпадала ў Лебяду насупраць Бешанкаў. Перад Лебядой мелася вялікая грэбля, якая стварала вялікі стаў. У гэтым месцы здаўна знаходзіўся маёнтак Малая Ваверка, якім у XVIII ст. валодалі князі Вішнявецкія. Інвентар Дзітвянскага ключа, да якога належала Малая Ваверка, напісаны ў 1653 г., паведамляе: «Пад тым фальваркам вялікі стаў, на якім паперня і млын, выплачана за іх паўтараста злотых». Так атрымаў назву двор і вёска Паперня.

Каля сярэдзіны XVIII ст. Паперня ад князёў Вішнявецкіх перайшла да Кастравіцкіх герба «Байбуза». Першым з Кастравіцкіх, які валодаў Паперняй, быў гродскі пісар, а потым лідскі лоўчы Самуэль Кастравіцкі, жанаты з Барбарай Сяклюцкай. Згодна з вопісам парафій Лідскага дэканата ў 1784 годзе, Паперня — двор і вёска Дылеўскай парафіі, уласнасць пані Кастравіцкай, пісаравай гродскай лідскайpawet.net. Пасля Паперня належала іх сыну Ігнату, каралеўскаму генерал-ад’ютанту, удзельніку кампаніі Напалеона.

Тракт публічны вёў праз Паперню з Гродна на Вільню, злучаючы два каралеўскія гарады Рэчы Паспалітай.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. Самуэль Кастравіцкі пабудаваў тут канюшню з порцікам і каланадай, меўся табун чыстакроўных арабскіх коней. Праз нейкі час у Паперні жыў сын Самуэля Люцыян Кастравіцкі, каля 1860 г. ён прадаў Паперню Слізням.

За падтрымку паўстання 1863 г. Слізняў прымусілі прадаць Паперню расійцам Петуховым. У 1910-х гг. уладальнік Паперні калежскі дарадца Аляксандр Віктаравіч Петухоў. На пачатку Першай сусветнай вайны Петуховы прадалі маёмасць нейкаму Клімовічу.

У 1915 годзе акупавана Германіяй, з 1921 года ў складзе Польшчы, з 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.

Насельніцтва

Страчаная спадчына Да Першай сусветнай вайны ў Паперні стаяў палац у стылі класіцызму. Ён меў форму прастакутніка, у цэнтральнай частцы быў двухпавярховы, а па краях аднапавярховы. Да цэнтральнай, двухпавярховай часткі, прылягаў порцік на чатырох іанічных калонах. На трыкутным шчыце порціка, сярод упрыгожання з тынкоўкі ў выглядзе расліннага арнаменту, вылучаўся герб «Байбуза». Акрамя гэтага, шчыт порціка ўпрыгожвалі дзве каменныя вазы, устаноўленыя сувосева з крайнімі калонамі. Над галоўнымі ўваходнымі дзвярыма быў невялікі балкон. Палац меў вялікія прастакутныя вокны, упрыгожаныя аблямаваннем і трыкутнымі вальмамі. З боку парку, сіметрычна ўваходнаму порціку, меўся рызаліт з тэрасай.

За ўваходнымі дзвярыма ў палац знаходзіўся хол-салон з падлогай з керамічнай кафлі. З салона ўлева і ўправа багата дэкараваныя дзверы вялі ў жылыя пакоі з ляпнінай на столі і падлогамі з каштоўнага дрэва. Чвэрць салона месцілася ў рызаліце і была аддзелена ад астатняга хола двума іанічнымі калонамі. Сцены салона ўнізе былі пакрыты драўлянымі панелямі, вышэй панелей мелася ўпрыгожванне з стукі (штучнага мармуру). Шырокі фрыз абягаў салон каля столі, падзеленай на кесоны. Вельмі цікава выглядалі дзве круглыя печкі з ліловай кафлі, увенчаныя шырокімі белымі вазамі, падобнымі на тыя, якія стаялі на порціку. З салона праз зашклёныя дзверы можна было выйсці на тэрасу, за якой рос прыгожы парк.

Парк займаў некалькі дзесяткаў гектараў, быў агароджаны плотам з ажурнай цэглы з высокімі, мураванымі і атынкаванымі слупамі. Да ўязной брамы вяла алея са старых клёнаў. Перад палацам — паміж брамай і стайняй — меўся вялікі, на некалькі гектараў, траўнік, які паступова паніжаўся да вялікага става (30-40 га). Паміж палацам і ставам раслі бярозы, яны не перашкаджалі бачыць з палаца супрацьлеглы бераг става і лес за ім. Над ставам стаяў дастаткова вялікі мураваны млын. На гэтым месцы калісьці была фабрыка паперы, ад якой і атрымала назву мясцовасць.

Крыніцы

Спасылкі

Лаўрэш Леанід. Маёнткі Касцянёва і Паперня // Наша Слова. № 39 (1554), 30 верасня 2021.; № 40 (1555), 7 кастрычніка 2021.; № 41 (1556), 14 кастрычніка 2021.; № 42 (1557), 21 кастрычніка 2021. // на pawet.net

Катэгорыя:Ваверскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Лідскага раёна