Ла́ўрышава (, ) — вёска ў Шчорсаўскім сельсавеце Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Вядомасць звязана са Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыром, адным з самых старадаўніх у Беларусі.

Геаграфічныя звесткі Размешчана па абодва бакі ракі Валоўкі, паблізу яе ўпадзення ў Нёман; за 27 км на ўсход ад Навагрудка, 55 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лініі Баранавічы-Палескія — Ліда). Транспартныя сувязі па аўтамабільнай дарозе з Навагрудкам.

Назва, магчыма, паходзіць ад слова «лаўра» або ад імя Лаўрыш (Лаўрэнцій), якое магло быць манаскім імем аднаго з заснавальнікаў манастыра — князя Войшалка. Сустракаюцца немясцовыя варыянты: Ла́ўрашава, Ла́ўрушава.

Гісторыя

Старажытнасць Вынікі археалагічных раскопак паказваюць, што першае пасяленне людзей на месцы вёскі існавала ў першабытнаабшчынным часе, задоўга да ўтварэння Лаўрышава. На беразе Валоўкі ў вёсцы знойдзены сляды паселішча, якое адносіцца да сярэдняга перыяду каменнага веку — мезаліту (9-е — 5-е тысячагоддзі да н.э.)Маслюкоў, Т. В. Ад каменнага нажа да шахматнай фігуры: новыя раскопкі ў Лаўрышаве // gomelcivil.org. — 2015. — 15 жніўня..

У Сярэднявеччы У XII ст. у Панямонні ўтварылася Навагрудскае княства, у яго ўваходзіла і мясцовасць, дзе размешчана Лаўрышава. У сярэдзіне XIII ст., калі для славян і балтаў узнікла пагроза з боку Лівонскага ордэну і мангола-татарскага нашэсця, княства стала часткай зямель, з якіх склалася новая цэнтралізаваная дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае, у далейшым яно аб’яднала ўсе княствы Беларусі і Літвы.

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, каля 1260 года сын першага вялікага князя літоўскага Міндоўга — Войшалк (вялікі князь літоўскі ў 1264—1267) — заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»Пераклад са старажытнарускай мовы паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net. — 2008. — 27 чэрвеня.. Згодна царкоўнаму паданню, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем.

Лаўрышаўскі манастыр з’яўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння ВКЛ. Не пазней 1329 года для манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XIV ст.

Каля 1350 года ў манастыры пабудавана царква св. Мікалая, на сродкі князя навагрудскага Міхаіла-Карыята Гедзімінавіча, пасля яго вяртання з ардынска-маскоўскага палону. З мэтай вывучэння манастырскага селішча ў вёсцы праводзіліся археалагічныя даследаванні, якія ў 2011—2015 гадах вялі Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі. У ходзе раскопак была выяўлена, у прыватнасці, частка каменна-цаглянага падмурку пабудовы XIV ст., якая суаднесена з гэтай царквойРассадин, С. Е. О предполагаемой постройке Михаила-Кориата Гедеминовича в Лавришевском монастыре / С. Е. Рассадин // Наукові записки [Кіровоградського державного педагогічного університету ім. Володимира Винниченка]. — Серія: Історичні науки. — Выпуск 22. — Кіровоград, 2015. — С. 31—36..

У «Вопісу дакументаў, якія адносяцца да Лаўрышаўскага манастыра» (захоўваецца ў Інстытуце рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. І. Вернадскага), запісана, што ўжо ў неўзабаве па заснаванні манастыра яму належала сяло Лаўрышава, якое сфарміравалася з сялян, што паступова пасяліліся каля манастыра. Дакумент, які пацвярджае ўтварэнне вёскі, не захаваўсяКотельников, А. Вклады в Лавришевский монастырь от основания (ок. 1250 г.) до принятия унии в 1596 г. // bogoslov.ru. — 2012. — 23 ноября. .

У 1413 годзе мясцовасць увайшла ва ўтворанае Новагародскае намесніцтва Троцкага ваяводства.

Лаўрышава згадваецца ў «Абмежаванні спрэчных зямель Лаўрышаўскага манастыра, якое выканана намеснікам навагародскім Петрашам Мантыгірдавічам па загадзе вялікага князя Вітаўта». У дакуменце пазначана, што ён «писанъ у Лавришовое»Обмежевание спорных земель Лавришовского монастыря, произведенное Новгородским наместником Петрашем Монтигирдовичем, по приказанию великого князя Витовта // Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 11. — Вильна: Типография А. В. Сырнина, 1880. — С. 3—4. . Арыгінал дакумента не захаваўся, у копіі 1711 года пададзена дата 15 чэрвеня 1398 года, аднак гісторыкі лічаць яе памылковай з-за разыходжання з іншымі звесткамі ў дакуменце. Таму дакумент можа быць датаваны прыблізна канцом XIV — пачаткам XV ст., пасля 1392 года, пачатку вялікага княжання Вітаўта. Даследчыкі мяркуюць, што найбольш верагодны год складання дакумента — 1424Гудмантас, К. «Натыфікацыя пра Лаўрышаўскі манастыр, выпісаная са старой летапіснай хронікі» Дзяметрыя Занкевіча. Даследаванне і публікацыя крыніцы / К. Гудмантас, А. Рычкоў // Архэ. Пачатак. — 2016. — № 2. — С. 329—349..

У 1506 г. вёска ўвайшла ў Новагародскі павет, які быў утвораны ў складзе Новагародскага ваяводства (вылучана з Троцкага).

У Новы час

У 1775 г. пабудавана манастырская царква Успення прасвятой Багародзіцы, яна дзейнічае і зараз.

З 1795 г., у выніку ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай — у Расійскай імперыі. У 1885 вёска Нягневіцкай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні; меліся школа, царква, капліца.

У 1836 г. манастыр быў зачынены (а ў 1913—1915 і затым у 2007 г. адноўлены ля суседняй в. Гнесічы).

З 25 сакавіка 1918 года Лаўрышава — у абвешчанай БНР.

У Найноўшы час

З 1 студзеня 1919 — у ССРБ, з 27 лютага 1919 — у ЛБССР. Пасля савецка-польскай вайны паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. — у Польшчы, вёска Нягневіцкай гміны Навагрудскага павета. У 1938 г. пабудавана 1-павярховая школа, будынак захаваўся да нашага часу.

З 1939 г. у БССР, з 1940 цэнтр Лаўрышаўскага сельсавета Любчанскага, з 1956 — Навагрудскага раёнаў. З 1959 у Шчорсаўскім сельсавеце. У складзе калгаса «Звязда» імя 50-годдзя СССР. У 1968 г. пабудавана няпоўная сярэдняя школа (дзейнічала да 2011). Працавалі таксама дзіцячы сад, дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.

Насельніцтва

1601 — 19 двароў. 1885—460 жыхароў, 52 двары. 1908 — 513 жых., 77 дв. 1921—214 жых., 38 дв. 1999—228 жых. 2008—179 жых., 91 дв. 2010—146 жых.

Сучасныя звесткі У вёсцы дзейнічаюць (2016 г.): машынны двор сельскагаспадарчага прадпрыемства «Шчорсы» аддзяленне паштовай сувязі фельчарска-акушэрскі пункт дом сумеснага самастойнага пражывання для грамадзян сталага ўзросту сельская бібліятэка падвор’е Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра царква Успення прасвятой Багародзіцы (Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра) Маюцца аўтобусныя прыпынкі на маршрутах Навагрудак — Гнесічы, Гнесічы — Навагрудак (нештодзённыя рэйсы).

Помнікі Свята-Успенская царква — помнік драўлянага дойлідства канца XVIII ст., у цэнтры вёскі; дзяржаўны шыфр 413Г000748. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (катэгорыя 3) нададзены Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 02.08.2016 № 607Пералік матэрыяльных аб’ектаў, якім надаюцца статус і катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Дадатак 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 02.08.2016 № 607. // Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.. Помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму (1996), у двары царквы. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну — скульптура воіна і партызанкі з аўтаматам і сцягам у руках, у цэнтры вёскі.

Вядомыя асобы Кастусь (Канстанцін Іванавіч) Качан (нар. 1950) — беларускі мастак-пейзажыст, сябра Беларускага саюза мастакоў. Мікалай Фёдаравіч Марозік (1852— пасля 1913) — народны паэт-самавук. Сямён Георгіевіч Шарэцкі (нар. 1936) — беларускі дзяржаўны дзеяч, трэці старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:З’явіліся ў 1424 годзе