Во́лма — рака ў Мінскай вобласці Беларусі, левы прыток Свіслачы (басейн Дняпра).

Назва Да дзвюх Волмаў, што цяпер на тэрыторыі Беларусі (адна нёманскага басейна, другая дняпроўскага), Ул. Тапароў дадаваў яшчэ назву рэчкі Волма на поўначы (на ўсходзе ад воз. Ільмень). Далей прапаноўваў дзве магчымасці вытлумачэння: параўноўваў з прускай назвай вёскі Wolmen ("Волмы"), або з прускай назвой возера Almoyn (= Alm-ain-). У другім выпадку да літоўскага almėti, elmėti «сачыцца», «струменіцца» і літоўскіх гідронімаў Almajà, Almajas, ElmėТопоров В. Н. О северо-западнорусском локусе балтийской гидронимии (из цикла «По окраинам Древней Балтии») // Res Balticae. — 1995. — С. 21..

Паводле М. Фасмера, назва ракі Волма роднасная ст.-інд. ūrmís «хваля», авест. varəmi- «хваля», ст.-в.-н. walm «гарачыня», англас. wielm «кіпенне, хваля, цячэнне»Фасмер М.. Этимологический словарь русского языка. Т. 1. Москва, 1986. С. 339..

Паводле Э. Мурзаева, назва ад беларускага народнага геаграфічнага тэрміна волма «упадзіна», «паглыбленне», волміна «катлавіна», «вільготная ўпадзіна, якая паросла травой»Мурзаев Э. М.. Словарь народных географических терминов. Москва, 1984. С. 126..

Паводле В. Жучкевіча, назва паходзіць ад тэрміна волма «упадзіна ў пойме ракі», «пераўвільготненая прытэрасная паласа»Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 56..

Паводле І. Яшкіна, назва вёскі Волма тлумачыцца ад тэрміна волміна «катлавіна, мокрая ўпадзіна з травой»Яшкін І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. Мінск, 1971. С. 37..

Паводле А. Рогалева, назва ракі паходзіць ад народнага геаграфічнага тэрміна волма, волміна «катлавіна, вільготная нізіна, якая заросла травой»Рогалев А. Ф. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 192..

Па іншы бок нёманска-дняпроўскага водападзелу другая Волма, прыток нёманскай Іслачы. Па розныя бакі гэтага водападзелу таксама разнесеныя рэкі з назвамі Уса, Уша, Свіслач.

Гідраграфія Даўжыня ракі складае 103 кіламетры. Вадазбор — 1150 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці — 6,7 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,5 ‰.

Пачынаецца меліярацыйным каналам каля паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі Каралёў Стан Мінскага раёна, цячэ па Мінскім узвышшы і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі раёны. Вусце за 1 кіламетр на ўсход ад вёскі Стары Двор Пухавіцкага раёна. Даліна трапецападобная, шырынёй 0,4—0,6 км, месцамі больш за 3 кіламетры. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вялікім працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі.

Асноўныя прытокі: Слоўст (справа), Вожа, Гаць, Ігуменка (злева).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Прытокі Свіслачы (прыток Бярэзіны) Катэгорыя:Рэкі Мінскага раёна Катэгорыя:Рэкі Смалявіцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Чэрвеньскага раёна Катэгорыя:Рэкі Пухавіцкага раёна