Уша́ () — аграгарадок у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Бярэзінскага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца за 21 км на паўночны ўсход ад Беразіно, побач цячэ рака Уша (прыток Бярэзіны), а праз вёску меліярацыйны канал, злучаны з ракой. Транспартныя сувязі па шашы Барысаў—Беразіно, якая праходзіць праз вёску.

Складаецца з адасобленых заходняй (ад шашы адыходзяць на поўнач і паўднёвы ўсход 2 вуліцы, былая в. Новая Уша) і ўсходняй (працяглая крывалінейная вуліца, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, уздоўж ракі) частак, злучаных прасёлачнай дарогай. Забудавана двухбакова, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На паўночным захадзе вёскі пабудаваны аднапавярховыя мураваныя дамы. Грамадскія будынкі размешчаны сярод жылой забудовы.

Гісторыя За 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, за 0,5 км ад р. Уша, ва ўрочышчы Каза размешчана гарадзішча I—V і VI—VIII ст. н.э., якія сведчаць аб засяленні гэтых мясцін у далёкай старажытнасці.

Згадваецца ў 1668 годзе як цэнтр маёнтка ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства ЛітоўскагаНГАБ, ф. 1875, воп. 1, спр. 5.

У 1795 г. сяло і гасподскі двор, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі, уласнасць памешчыка Мушынскага. У 1800 г. вёска, 14 гаспадарак, каля 100 жыхароў, драўляная ўніяцкая капліца, сядзібны дом з рэгулярным садам, 2 вадзяныя млыны. Размяшчалася вёска па абодва бакі канала, праведзенага з балота і злучанага з р. Уша.

У 1812 г. каля вёскі рускія войскі разбілі атрад французаў.

У 1823 г. ў памешчыка В. Юрэвіча маёнтак Уша купіў памешчык Р. Рагоўскі. У той час у маёнтку налічвалася 107 жыхароў, у карыстанні сялян знаходзілася 19 коней, 24 валы, 19 кароў, 30 свіней. Паводле інвентару 1846 г. 11 цяглых гаспадарак, 18 дваровых людзей. У 1858 г. вёска і маёнтак, памешчыцкая ўласнасць. У 1886 г. адкрыта школа граматы, у якой у 1890 г. навучалася 17 хлопчыкаў. Паводле перапісу 1897 г. ў Белічанскай воласці, у вёсцы 22 двары, 180 жыхароў, хлебазапасны магазін, у маёнтку б двароў, 26 жыхароў. У 1917 г. ў вёсцы 25 двароў, 190 жыхароў, у маёнтку 60 жыхароў.

З 1919 года ў БССР. Восенню 1919 г. была адкрыта пачатковая школа (раніцай вучыліся дзеці, а вечарам — дарослыя). У перыяд калектывізацыі школа стала цэнтрам агітацыйна-масавай работы. З 20 жніўня 1924 года ў Машчаніцкім сельсавеце Бярэзінскага раёна Барысаўскай, з 9 жніўня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г. Мінскай акруг. У 1926 г. 25 двароў, 190 жыхароў, у маёнтку 60 жыхароў. У канцы 1920-х г. Старая Уша і Новая Уша (былы маёнтак) разам з в. Калюжыца ўвайшлі ў калгас імя Чкалава. У 1929 г. пачатковая школа пераўтворана ў 7-гадовую (першы выпуск у 1932 г.). З 1935 г. на базе школы кожнае лета дзейнічаў піянерскі лагер. З 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 г. да 1 ліпеня 1944 г. акупіравана нацыстамі. У баях каля вёскі загінулі 9 савецкіх воінаў, якія пахаваны ў брацкай магіле каля школы. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 12 вяскоўцаў, у памяць аб якіх у 1994 г. пастаўлена стэла. Дырэктарам школы ў пасляваенны перыяд працаваў былы камандзір партызанскага атрада Дзяруга.

З 20 верасня 1944 года ў Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. Машчаніцкі сельсавет перайменаваны ва Ушанскі і вёска Новая Уша стала яго цэнтрам. У 1960 годзе ў в. Старая Уша 188 жыхароў, у в. Новая Уша 92 жыхары. З 25 снежня 1962 года ў Чэрвеньскім, з 6 студзеня 1965 года ў Бярэзінскім раёнах. У 1966 г. вёскі былі аб’яднаны ў адну — Уша. У 1980-я гады ў саўгасе «Уша» (цэнтр — в. Котава). Дзейнічалі школа (з 1960 г. 8-гадовая, з 1965 г. сярэдняя, з 1987 г. ў новым будынку), клуб (з 1960 г.), дзіцячы сад, комплексны прыёмны пункт, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, бібліятэка, магазін, лясніцтва.

З 1991 года ў незалежнай Беларусі. У 2003 годзе 104 гаспадаркі. Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Ушанскага сельсавета«Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 .

Насельніцтва

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Бярэзінскі сельсавет (Бярэзінскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Бярэзінскага раёна