Функцыянальнае праграмаванне — парадыгма праграмавання, якая разглядае вылічэнні як разлікі матэматычных функцый, і пазбягае станаў і зменных даных. Адносіцца да дэкларатыўнай парадыгмы праграмавання, гэта азначае, што праграмы складаюцца з выразаў. У функцыянальным кодзе выхадное значэнне залежыць толькі ад аргументаў на ўваходзе функцыі, таму пры выкліку функцыі f двойчы з тым жа значэннем аргумента х будзе атрыманы той жа вынік f(x) кожны раз. Ліквідацыя пабочных эфектаў, г.зн. змен стану, якія не залежаць ад параметраў функцыі, можа зрабіць нашмат лягчэйшым разуменне і прадказанне паводзін праграмы, што з'яўляецца адным з ключавых матываў для развіцця функцыянальнага праграмавання.

Функцыянальнае праграмаванне мае свае карані ў лямбда-злічэнні, фармальнай сістэме, распрацаванай у 1930-я гады для даследаванняў вылічальнасці, праблемы развязвальнасці, вызначэння функцый, прымянення функцый, і рэкурсіі.

У асноўным увагу на функцыянальныя мовы праграмавання, асабліва «чыста функцыянальныя», звяртаюць акадэмічныя даследчыкі, а не распрацоўшчыкі камерцыйнага праграмнага забеспячэння. Тым не менш, функцыянальны стыль праграмавання падтрымліваецца спецыялізаванымі мовамі, сярод якіх Erlang (паралельныя праграмы) , R (статыстыка), Mathematica (сімвальныя вылічэнні), J і K (фінансавы аналіз), і інш.

Праграмаванне ў функцыянальным стылі таксама магчымае ў мовах, якія не прызначаны спецыяльна для функцыянальнага праграмавання. Напрыклад, імператыўная мова праграмавання Perl з'яўляецца прадметам кнігі, якая апісвае, як прымяніць канцэпцыі функцыянальнага праграмавання. C# 3.0 і Java 8 дадалі канструкцыі, якія робяць праграмаванне ў функцыянальным стылі больш натуральным.

Літаратура Савіцкі М. Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы: / Мікола Савіцкі. Мн.: Энцыклапедыкс. 2009. ISBN 978-985-6742-83-8

Катэгорыя:Парадыгмы праграмавання