Вугале́ц (, ) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Волма. Уваходзіць у склад Турынскага сельсавета.
Назва Назва паходзіць ад слова вугал. Назвы такога кшталту шырока распаўсюджаны на Беларусі (Вуглы, Вугалок, Вугольнікі і да т. п.) С. 382.
Гісторыя У 1584 годзе ў складзе маёнтка Балоча, уласнасць І. Лядскага, ст.-бел. Уголец С. 200.. Уваходзіла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XVIII стагоддзя ў складзе маёнтка Турын, уласнасць Валадковічаў С. 199..
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У XIX стагоддзі пэўны час належала Ратынскім. Перад скасаваннем прыгоннага права ў складзе маёнтка Новыя Увалокі, уласнасць Каржанеўскіх. Пасля 1861 года ў Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета. У другой палове XIX стагоддзя быў хлебазапасны магазін. У 1912 годзе адкрыта народнае вучылішча.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Народнае вучылішча пераўтворана ў школу 1-й ступені, у 1922 годзе было 2 настаўнікі і 70 вучняў. У 1930-я гады праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Чырвоны Сцяг», была кузня.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 2 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі, каля вёскі базіраваліся Пухавіцкі падпольны раённы камітэт КП(б)Б, партызанскія брыгады «Полымя» і 1-я Мінская. У ходзе карных аперацый нямецкіх войскаў у жніўні 1943 года і сакавіку—красавіку 1944 года былі спалены 124 дамы (усе) і забіта 322 чалавекі. Пасля вайны вёска была адноўлена.
Насельніцтва 1800 год — 22 двары, 191 жыхар сяр. XIX ст. — 70 двароў, 464 жыхары 1897 год — 69 двароў, 458 жыхароў 1908 год — 77 двароў, 502 жыхары, усе беларусы 1917 год — 90 двароў, 534 жыхары 1999 год — 75 жыхароў 2010 год — 48 жыхароў 2019 год — 37 жыхароў
Вядомыя асобы Мікалай Ашэйчык (нар. 1940) — Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь.
Мемарыялы Брацкая магіла савецкіх салдат, якія загінулі ў Другую сусветную вайну.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Турынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пухавіцкага раёна Катэгорыя:Ратынскія Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі