Хуры́ты  — старажытныя плямёны, па сваёй мове роднасныя урартам.

Хурыты вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Паўночнай Месапатаміі і на левых прытоках ракі Тыгр, у 2-м тыс. да н.э. таксама ў верхнім і сярэднім цячэнні ракі Еўфрат, у Сірыі, у гарах Таўра, месцамі ў Палесціне і інш. Xурытаў звязваюць з кура-аракскай культурай. Лічыцца, што цэнтрам іх распаўсюджання было Закаўказзе. У Сірыі і Месапатаміі жылі ўперамежку з семітамі.

У XVI—XIII ст. да н.э. хурыты заснавалі ў Паўночна-Заходняй Месапатаміі дзяржаву Мітані і паўплывалі на Хецкае царства. У 1-м тыс. да н.э. жылі разарванымі арэаламі па заходніх, паўночных і ўсходніх ускраінах Армянскага нагор’я.

Паходжанне Першыя даследчыкі Мітані прынялі хурытаў за індаеўрапейцаў, паколькі ў тэкстах гэтай дзяржавы сустракаліся індаарыйскія імёны людзей і багоў. Аднак далейшыя даследаванні паказалі, што хурыцкая мова была звязана з урарцкай, але не з індаеўрапейскімі, а індаарыйскія імёны сустракаюцца толькі сярод вышэйшых колаў Мітані.

У нашы дні разглядаюцца тры асноўныя версіі паходжання хурытаў і ўрартаў: Продкі хурытаў і ўрартаў мігрыравалі з Месапатаміі. Дадзеная версія засноўвалася на быццам бы антрапалагічным падабенстве хурытаў і шумераў, але не знайшла пацверджанняў. Продкі хурытаў і ўрартаў мігрыравалі з Каўказа. Ігар Дзьяканаў знаходзіў падабенствы ў хурыцкай і нахскіх мовах. Меркаваная прарадзіма — Кура-аракская культура. Хурыты з’яўляюцца прамымі нашчадкамі неалітычнага насельніцтва Блізкага Усходу.

Мова

Матэрыялы для вывучэння хурыцкай мовы: надпіс хурыцкай жрыцы Цішары з Уркіша (3-е тыс. да н.э.), рэлігійныя тэксты з Мары і Вавілоніі, акадска-хурыцкія білінгвы (двухмоўныя тэксты) і фрагменты шумерска-хурыцкага слоўніка з Угарыта, рэлігійна-літаратурныя тэксты з Хатусаса (гл. Багазкёй; 2-е тыс. да н.э.) і інш.

У сваёй пісьменнасці карысталіся рознымі відамі клінапісу.

Рэлігія Рэлігія хурытаў была політэістычнай, заснаванай на веры ў шматлікіх багоў.

Міфалогія, культы і рытуалы хурытаў не з’яўляліся чымсьці аднастайным, не было адзінай сістэмы. Хурыты актыўна пераймалі ў свой пантэон багоў іншых народаў або атаяснялі іх з ужо наяўнымі. Асабліва актыўна яны ўзаемадзейнічалі з месапатамскім пантэонам.

Існавалі агульнапрызнаныя ва ўсіх хурытаў божаствы, напрыклад Тэшуп (бог буры і цар астатніх багоў). Самая галоўная багіня хурытаў — Шавушка. У яе падпарадкаванні былі пытанні цялеснага кахання і войны. Што характэрна, у Царстве Мітані яе наогул шанавалі як вярхоўную багіню. Богам Сонца і Месяца быў Шыміке. Да найстаражытнейшых запазычаных багоў адносіцца Нерыгал.

Да дахурыцкіх, аднак шанаваных хурытамі багоў можна аднесці бога вайны Аштабі. Існавалі ў хурыцкім пантэоне і так званыя падземныя багі.

Найбольш важныя багі: Кумарбі — вышэйшы бог, заступнік Уркеша. Хепат — багіня жыцця, звязаная з культам мацярынства. Тэшуб — бог надвор’я, блізкі па функцыях да ўрарцкага бога Тэйшэба. Шаушка — багіня ўрадлівасці. Культ Шаушкі блізкі да культу Іштар. Шымегі — бог сонца.

У дзяржаве Мітані вышэйшыя колы таксама шанавалі індаарыйскіх багоў.

Міфалогія Магчымасці вывучэння хурыцкай міфалогіі абмежаваныя крыніцамі з Хатусы. Большасць хурыцкіх міфаў дайшла да нас на хецкай мове.

У цэнтры даступнай нам хурыцкай міфалогіі стаіць уяўленне пра чаргаванне пакаленняў багоў і іх спадчыннасць. Цікавым прадстаўніком хурыцкай міфалогіі з’яўляецца «Песня пра царства ў нябёсах», якая апавядае пра ўсталяванне панавання бога буры.

З аднаго боку, хурыты запазычылі сюжэты месапатамскай міфалогіі. З другога, яны аказвалі ўплыў на вераванні іншых народаў Блізкага Усходу.

Літаратура

Wilhelm, G. The Hurrians / Gernot Wilhelm. — Warminster, 1989. ISBN 0856684422

Спасылкі

The Hurrians Hurrians and subarians Robert Antonio, The Hurrians. The Rise of the Hurrians Hurrian Empire of Mitanni (Naharina / Hanigalbat)

Катэгорыя:Старажытны Блізкі Усход Катэгорыя:Зніклыя народы Пярэдняй Азіі Катэгорыя:Месапатамія