Засце́нак — тып сельскага паселішча на Беларусі ў XVI—XX стст.
Узнік у сярэдзіне XVI ст. падчас правядзення валочнай памеры. Паводле Уставы на валокі 1557 года, ворныя землі феадальных маёнткаў падзяляліся на 3 часткі, кожная з іх мела межы («сценкі»). Землі, што засталіся па-за гэтымі межамі, называліся засценкам; іх арандавалі дробная шляхта (адсюль засцянковая шляхта) і часткова заможныя сяляне. Засценкам называлася і паселішча на гэтых землях. Засценкі былі пры большасці сёл. Спачатку ў засценках было 1—4 дварыМолчанова Л. А. Очерки материальной культуры Белорусов XVI—XVIII вв. — Мн., 1981. — 112 с.: ил. — С. 15.. З часам колькасць двароў у засценках павялічвалася. Асабліва шмат засценкаў было ў цэнтральнай і заходняй Беларусі. У Койданаўскім графстве ў 1811 годзе было 50 засценкаў, у канцы XVIII — пачатку XIX ст. засценкі складаліся тут з 12—18 і нават 30 двароўШаблюк В. У. Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння: XIV—XVIII стст. — Мн., 1996. — 119 с.: іл. — С. 20.. У 1866 годзе ў Мінскім павеце было 245 засценкаў з 1506 дварамі. Забудова засценка была нерэгулярная, складалася з жылога дома і гаспадарчых будынкаў. У XVIII—XIX стст. у многіх засценках з’явіліся лазні і бровары, у некаторых конныя млыны. Называліся засценкі звычайна ад прозвішчаў арандатараў (Акінчыцы, Галавачы, Гарбузы, Зуі і іншыя). Малыя засценкі адрозніваліся ад хутароў толькі гістарычна-эканамічным паходжаннем і саслоўнай належнасцю жыхароў, вялікія — нагадвалі вёску.
У 1930—1940-я гады частка засценкаў сселена, частка перайменавана ў вёскі.
Крыніцы
Літаратура Засценак // С. 6. Молчанова Л. А. Очерки материальной культуры Белорусов XVI—XVIII вв. / Л. А. Молчанова; АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора. — Мн.: Наука и техника, 1981. — 112 с.: ил. Шаблюк В. У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV—XVIII стст. / В. У. Шаблюк; АН Беларусі, Ін-т гісторыі; Пад рэд. Я. Г. Звяругі. — Мн.: Беларуская навука, 1996. — 119 с.: іл. — ISBN 5-343-01529-8 Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю / П. М. Шпилевский. — Мн.: Полымя, 1992. — 252 с. — (Литературные памятники Белоруссии). — С. 100—101.
Спасылкі Застенок // Плужников В. И. Термины российского архитектурного наследия от А до Я, а также Термины геральдики, Древнерусские религиозные монограммы, Расшифровки дат: Словарь-глоссарий — М.: «Искусство», 1995.
Катэгорыя:Гістарычная геаграфія Польшчы Катэгорыя:Гістарычная геаграфія Беларусі Катэгорыя:Эканоміка Вялікага Княства Літоўскага