Стары горад, або Старое места — найбольш старажытная частка горада Слуцка з Верхнім і Ніжнім замкамі на правым беразе Случы, вакол якой быў вал. З Новым горадам злучаўся мостам, на якім размяшчаліся млыны.
Спачатку горад развіваўся ва ўсходнім напрамку. Паміж пасадам і замкам знаходзілася гандлёвая плошча, у 1419 г. тут пабудаваны фарны касцёл. У канцы XV ст. Слуцк пачаў расці ў заходнім напрамку, расшыраўся і на поўнач, фармаваўся як горад з радыяльна-кальцавой планіроўкай.
У 1579 г. Слуцк быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. Стары горад з Верхнім і Ніжнім замкамі атрымаў Юрый Юр'евіч. У 1592 г. усе часткі горада і Слуцкае княства былі зноў аб'яднаны і перайшлі да апошняй князёўны з роду Алелькавічаў — Соф'і Юр'еўны, а праз яе — да Радзівілаў.
У 1696 г. на тэрыторыі Старога горада, непадалёку ад Востраўскай брамы езуіты пабудавалі драўляную капліцу і кляштарны корпус. У пачатку XVIII ст., паводле праекту дойліда-манаха Я. Клауса, пабудаваныя новы драўляны кляштар, касцёл Святога Духа, да якога прымыкаў сад.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Гістарычныя раёны Слуцка