Пі́нкавічы (, ) — вёска ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці на левым беразе Піны. Уваходзіць у склад Пінкавіцкага сельсавета. Станам на 2005 год чацвёрты па велічыні сельскі населены пункт у Брэсцкай вобласці.
Гісторыя Летапіс вёскі Пінкавічы пачынаецца з XV стагоддзя. Дакладная дата заснавання паселішча невядомая, але меркавана Пінкавічы на некалькі дзесяцігоддзяў, а мо і стагоддзяў старэйшыя за вядомы год першай згадкі.
У Вялікім Княстве Літоўскім 1499 год — Пінкавічы згадваюцца, як зямля манаскага каталіцкага ордэна францысканцаў. Зямля ўваходзіла ў Пінскае княства, якое ў 1556 годзе Жыгімонт II Аўгуст ператварыў у староства. XVI—XVIII стагоддзе — зямлёй валодалі князі Курцэвічы, Сапегі, шляхціч , граф Бжастоўскі і род Скірмунтаў. 1648 год — у ходзе казацка-сялянскай вайны праз вёску з Пінска адыходзіў казацкі атрад на чале з Антонам Нябабам. 25 верасня 1655 года — у Пінкавічах з суднаў высадзіўся маскоўкі атрад ваяводы Дзмітрыя Валконскага, які адсюль штурмаваў Пінск і потым рабаваў горад. 1762 год — згодна з перапісам арганізаваным Адамам Бжастоўскім у Пінкавічах налічвалася 117 дамоў у якіх пражывала каля 700 сялян. Налічвалася 17 коней і 131 валоў. Хаты сялян стаялі ўздоўж ракі, побач з імі іх надзелы. 1793 год — у выніку ІІ падзела Рэчы Паспалітай Пінкавічы ў складзе Расійскай імперыі.
У Расійскай імперыі ХІХ — пач. ХХ стагоддзя — Пінкавічы цэнтр воласці Пінскага павета ў складзе 20 вёсак з насельніцтвам 1470 чалавек. 1830 год — лічыцца афіцыйнай датай пабудовы Свята-Пакроўскай царквы. 1863 год — пастаўлена школа (Пінкавіцкае народнае вучылішча)Гісторыя школы. Падмурак захаваўся, а сам дом некалькі разоў быў капітальна адрамантаваны. Цяпер тут літаратурна-краязнаўчы музей імя Якуба Коласа. 1870-1880-я гады — пабудова царквы святога прарока Іллі. У 1960-я гады знішчана савецкай уладай. 1887—1888 гады — у Пінкавіцкім народным вучылішчы было тры аддзяленні: малодшае, сярэдняе і старэйшае. Ва ўсіх аддзяленнях налічвалася 30 хлопчыкаў і адна дзяўчынка, дачка святара. Выкладаў у тым навучальным годзе настаўнік Васіль Емяльянавіч Буры. На ўтрыманне вучылішча выдаткоўвалася: 175 рублёў з дзяржаўнага бюджэту і 95 рублёў ад тутэйшых сялян. 1904—1906 гады — у Пінкавічах быў настаўнікам Якуб Колас. 23 лістапада 1905 года — Якуб Колас па просьбе пінкавіцкіх сялян, ад іх імя, напісаў прашэнне ўладальніку м. Альбрэхтова Зыгмунту Скірмунту з патрабаваннем палепшыць стан пінкаўцоў. За гэты ўчынак у лютым 1906 года малады настаўнік высланы з сялаЯкуб Колас на Пінскім Палессі. Цікавыя гісторыі .
Першая Сусветная і Грамадзянская вайна 1915—1918 гады — Пінкавічы занятыя нямецкімі войскамі, масавае бежанства. Карэнная жыхарка Пінкавічаў Марыя Хіхлюк (1909—1999) успамінала:
1917—1920 гады — сяло ў складзе Пінскага павета Дрыгавіцкай зямлі, а затым Палескай акругі Украінскай Народнай Рэспублікі.
За польскім часам 1921—1939 гады — Пінкавічы ў складзе міжваеннай Польшчы. Цэнтр гміны Пінскага павета. У вёсцы знаходзілася ўправа лясной гаспадаркі і школа. 1926 год — Пінкавічы ў выніку экспедыцыі па беларускім Палессі наведаў Язэп Драздовіч. Мастак замаляваў пінкавіцкія святыні. 1928 год і 1938 год — тэрыторыя Пінкавіцкай гміны пашырылася за кошт ліквідацыі Ставоцкай гміны. Кастрычнік 1934 года — Пінкавічы наведала знаная амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд.
У савецкай Беларусі 1939—1941 гады — у складзе Пінскага раёна Пінскай вобласці БССР. 1941—1944 гады — нацысцкая акупацыя. Вёска ў складзе Рэйхскамісарыята Украіна. 1944—1957 гады — вёска ў складзе Пінкавіцкага сельсавета. 1957—1989 гады — вёска ў складзе Аснежыцкага сельсавета Пінскага раёна. 1953 год — Пінкавіцкай сярэдняй школе надалі імя Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, а ў 1954 годзе паставілі новую школу. Цяпер Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа працуе ў будынку ўзведзеным у 1987 годзе. 1957 год — у гонар салдат, якія загінулі пры вызваленні ад нацыстаў, на месцы пахавання 197 воінаў пастаўлена скульптура салдата. 1962 год — адкрыццё мемарыяльнай дошкі Я. Коласу. 1986 год — утвораны Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Крыніцы», які праводзіць унікальны абрад «Проводна нэділя». 1989 год — створаны Пінкавіцкі сельсавет з цэнтрам у Пінкавічах. Лістапад 1990 года — адкрыццё літаратурна-краязнаўчага музея імя Я. Коласа.
Незалежная Беларусь 1991 год — пасля станаўлення незалежнай Беларусі Пінкавічы цэнтр сельсавета ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. 1998 год — створаны Пінкавіцкі сельсавет з цэнтрам у Пінкавічах, дагэтуль вёска ўваходзіла ў склад Аснежыцкага сельсавета. 1 студзеня 1999 года — у Пінкавічах створаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна. 2000 год — у вёсцы налічвалася 1186 двароў і 3376 жыхароў. 2005 год — насельніцтва: 4036 жыхароў (1274 двароў), такім чынам Пінкавічы былі чацвёртым па велічыні сельскім населеным пунктам Брэсцкай вобласці. 2008 год — праведзеныя маштабныя працы па добраўпарадкаванні Пінкавічаў: рамонт камунікацый і пешаходнай зоны. Снежань 2009 года — на доме, дзе жыла Любоў Тарасюк, за кошт яе бацькі Канстанціна Міхайлавіча Тарасюка, размешчана мемарыяльная шыльдаЛюбовь Тарасюк. Мой берег родной… Полесье. Лістапад 2012 года — завершаная рэканструкцыя музея і ўрачыста адсвяткаванае 130-годдзя Якуба КоласаПіншчына адсвяткавала 130-годдзе Якуба Коласа . Снежань 2013 года — урачыстыя падзеі і літаратурна-музычныя вечары з нагоды 60-годдзя вядомай зямлячкі Любові Канстанцінаўны Тарасюк На Піншчыне адзначаюць 60-годдзе Любові Тарасюк. Кастрычнік 2014 года — усталяваны шматметровы металічны праваслаўны крыж на гранітным пастаменцеВ Пинковичах установили православный символ — многометровый металлический крест . Снежань 2015 года — на базе літаратурна-краязнаўчага музея імя Я. Коласа адбылася прэзентацыя дакументальнай стужкі і фотаальбома «Палессе Луізы Бойд». Кастрычнік 2016 года — на тэрыторыі літаратурна-краязнаўчага музея імя Я. Коласа ўсталяваны мемарыяльны знак у гонар экспедыцыі Луізы Арнер Бойд.Мемарыяльны знак у гонар экспедыцыі . Май 2017 года — у Пінкавічах размясціўся офіс Брэсцкага абласнога Гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Садружнасць Палесся»Кантакт . Жнівень 2017 года — у Пінкавічах у межах праекта «Захаваем крыніцы Пінскага Палесся», які рэалізавала Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся», з’явіўся ўнікальны прыродны аб’ект «Калодзеж Якуба Коласа» Пинщины — здоровье и вековая связь поколений.
Насельніцтва
Культура Вясновыя карагоды ў Пінкавічах — традыцыйны каляндарна-абрадавы комплекс, які выконваюць жыхары вёскі. Абрад прымеркаваны да велікоднага перыяду і ўключае карагодныя шэсці, абрадавыя гульні і песні, якія сімвалізуюць сустрэчу вясны і развітанне з зімою.
Славутасці Свята-Пакроўская царква (1830) — . Афіцыйная дата пабудовы царквы ў Пінкавічах — 1830 год, але яшчэ ў 1806 годзе мясцовыя жыхары падарылі ў храм вялікі абраз «Узвіжанне Святога Крыжа». Святыня дагэтуль захоўваецца ў царкве з дакладнай датай і подпісам ад удзячных пінкаўцоў. Вынікае, што Свята-Пакроўская царква ў Пінкавічах пастаўлена раней. Капліца. Будынак былой школы, дзе ў 1904—1906 гадах працаваў Якуб Колас. Ад 1990 года тут літаратурна-краязнаўчы музей імя Якуба Коласа. Вялікі праваслаўны крыж каля шашы Пінск-Лунінец. Памятны знак (валун) у гонар экспедыцыі Луізы Арнер Бойд, якая адбылася ўвосень 1934 года. Пры ўездзе ў вёску з Пінскага боку знаходзіцца помнік салдату на брацкай магіле, дзе пахаваны 197 воінаў 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту і партызаны. Яны загінулі ў ліпені 1944 года ў баях за вызваленне ад нацыстаў. На ўсходнім ускрайку — старажытныя могілкі, першыя пахаванні датуюцца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя. Тут знайшла адвечны спачын Любоў Тарасюк і кумы (Аляксандр і Людміла Лой) Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Страчаная спадчына Ільінская царква. Капліца. Будынак управы Пінкавіцкай гміны Пінскага павета, а ў апошнія гады тут размяшчалася Пінкавіцкая дзіцячая бібліятэка.
Вядомыя асобы Эдуард Мікалаевіч Севярын (нар. 1976) — беларускі палітолаг, дэпутат. Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (1953—2006) — беларуская паэтэса, літаратуразнавец. Іван Іосіфавіч Калоша (1929—2010) — краязнавец, заснавальнік літаратурна-краязнаўчага музея Я. Коласа ў в. Пінкавічы.
Арганізацыі і прадпрыемствы Пінкавіцкі сельскі выканаўчы камітэт і сельскі Савет дэпутатаў Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Я.Коласа і дзіцячы садок Пінкавіцкая сельская бібліятэка Фельчарска-акушэрскі пункт Пінскі неўралагічны інтэрнат Перасоўная Механізаваная Калона № 58 ААТ «Пінскводбуд» Фізкультурна-спартыўная ўстанова «Элада-Спорт» Пінскае вытворчае аб’яднанне «Медтэхніка» Прыродаахоўчы заказнік рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Прастыр» Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна Літаратурна-этнаграфічны музей Я. Коласа
Крыніцы
Спасылкі
Гілевіч і Быкаў выхавалі «палескую разумніцу» Палескае сяло ў Рэчы Паспалітай Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» На 130-годдзе Якуба Коласа — у Пінкавічы Вось яны — Пінкавічы, вось гэты дом… Пінкавічы: Якуб Колас у глыбіні Палесься Ганна Краснюк з вёсцы Пінкавічы — таленавітая майстрыха У Пінкавічы да Коласа Ролік пра крыніцы Пінскага раёна Дакументальная стужка «Палессе Луізы Бойд»
Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння» «Сярэдняя Прыпяць» і «Прастыр»
Катэгорыя:Пінкавіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пінскага раёна