Вялі́кабрыта́нія (), Злу́чанае Карале́ўства Вялі́кабрыта́ніі і Паўно́чнай Ірла́ндыі () — астраўная дзяржава на паўночным захадзе Еўропы. Плошча 242,5 тыс.кв.км. Размешчана на востраве Вялікабрытанія, паўночным усходзе Ірландыі і шэрагу меншых астравоў і архіпелагаў. Мяжуе па сушы з Ірландыяй. Пралівам Ла-Манш аддзяляецца ад Францыі, з якой мае марскую мяжу. Геаграфічна адносіцца да рэгіёну Паўночнай Еўропы, таксама лічыцца часткай Заходняй Еўропы. Сталіца — горад Лондан — глабальны горад і фінансавы цэнтр. Афіцыйныя мовы: англійская (дэ-факта), ва Уэльсе — валійская.
Вялікабрытанія — унітарная парламенцкая дэмакратыя, канстытуцыйная манархія. Брытанскі кароль Карл III уладарыцы з 2022 года. Злучанае Каралеўства складаецца з чатырох гістарычных абласцей, што маюць свае ўрады і карыстаюцца шырокай аўтаноміяй: Англія, Шатландыя, Уэльс і Паўночная Ірландыя са сталіцамі ў Лондане, Эдынбургу, Кардыфе і Белфасце адпаведна. Востраў Мэн і Нармандскія астравы фармальна не ўваходзяць у склад Злучанага Каралеўства, з’яўляючыся «Кароннымі землямі». 14 раскіданых па ўсім свеце заморскіх тэрыторый — рэшткі Брытанскай каланіяльнай імперыі, што калісьці займала чвэрць населенай сушы.
Адзінае Англійскае каралеўства сфарміравалася ў ІХ стагоддзі, у выніку аб’яднання дробных дзяржаў англасаксаў. Каралеўства Вялікабрытанія ўтварылася ў 1707 годзе ў выніку палітычнага аб’яднання Англіі (уключаючы Уэльс) і Шатландыі. Яшчэ раней, у 1603 годзе, кароль Шатландыі Якаў VI (James VI) атрымаў у спадчыну троны Англіі і Ірландыі ў рэжыме дынастыйнай уніі, дэ-факта аб’яднаўшы пад сваёй уладай усе 3 краіны. У 1800 годзе Каралеўства Вялікабрытанія і Каралеўства Ірландыя аб’ядналіся, утварыўшы Злучанай Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі, якое пасля аддзялення ад яго Ірландскай Вольнай дзяржавы ў 1922 займела сённяшнюю назву.
З насельніцтвам у 66 млн чалавек у 2017 Вялікабрытанія займала 22 месца ў спісе самых населеных краін свету. Каралеўства мае адзін з самых высокіх у ЕС паказчыкаў натуральнага прыросту насельніцтва. Пераважная большасць вернікаў — англікане. Адносіцца да найбольш густанаселеных краін свету. У агламерацыі Лондана пражывае 10,3 млн чалавек. Іншыя буйныя гарадскія раёны ўключаюць Манчэстэр, Бірмінгем, Лідс, Глазга і Ліверпуль.
Вялікабрытанія — высокаразвітая постіндустрыяльная дзяржава з пятым у свеце намінальным ВУП і дзявятым па парытэце пакупніцкай здольнасці. Мае высокі даход паводле класіфікацыі Сусветнага банка і вельмі высокі ўзровень ІЧР. Краіна з’яўляецца магутным прамысловым вытворцам, фінансавым цэнтрам, экспарцёрам паслуг. Да таго ж Вялікабрытанія, у адрозненні ад большасці развітых краін свету, выдатна забяспечана паліўнымі рэсурсамі.
У XVIII стагоддзі — першая краіна, закранутая Прамысловай рэвалюцыяй, у XIX стагоддзі — самая магутная дзяржава свету, Вялікабрытанія і сёння застаецца сусветным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам. Гэта ядзерная дзяржава з 1952 года (прызнаная ў адпаведнасці з Дагаворам аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі 1968 года), сталы член Савета Бяспекі ААН. З’яўляецца членам Вялікай Сямёркі, АЭСР. Як былая метраполія Брытанскай імперыі сёння ачольвае Садружнасць нацый. У 1973 увайшла ў склад ЕС, у 2016 вырашыла пакінуць арганізацыю, што мае канчаткова адбыцца ў 2020. Як паказала гісторыя, працэдура Брэксіту аказалася складанай і пакутлівай.
Этымалогія Акт аб Уніі 1707 года злучыў Англію і Шатландыю ў «адзінае Каралеўства Вялікабрытанія». Акт аб Уніі 1800 года паяднаў каралеўствы Вялікабрытанія і Ірландыя ў «Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі». У 1922 годзе на большай частцы вострава Ірландыя была ўтворана незалежная Ірландыя, што адбілася і на назве Злучанага Каралеўства: з таго часу «Ірландыя» ў ёй ператварылася ў «Паўночную Ірландыю». Назвы «Вялікабрытанія» і «Брытанія» могуць ужывацца як у дачыненні да вострава Вялікабрытанія, так і да ўсяго Злучанага Каралеўства. Афіцыйныя інстытуты адаюць перавагу форме «Злучанае Каралеўства» (або скарочана U.K.). Прыметнік «брытанскі» ўжываецца ў дачыненні да ўсяго, што звязана са Злучаным Каралеўствам.
Само слова Брытанія з’явілася яшчэ ў антычныя часы і яго этымалогія застаецца няяснай: хутчэй за ўсё яно паходзіць ад кельцкага *Pretani, што можа азначаць або «расфарбаваны (татуяваны) люд», або ўтворана ад кораня *prit, што значыць «форма, абрыс».
Таксама Вялікабрытанію называюць Альбіёнам. Папулярная ў І тыс.н.э., гэтая назва затым страціла геаграфічнае ды палітычнае значэнне і ўжываецца ў асноўным у мастацкай літаратуры і публіцыстыцы як прыгожая метафара.
Геаграфічнае становішча
Плошча Вялікабрытаніі: 242,495 тыс. км² з якіх на водныя аб’екты прыходзіцца 1,34 %. Вялікабрытанія знаходзіцца на паўночным захадзе Еўропы і займае Брытанскія астравы — (востраў Вялікабрытанія і паўночна-ўсходнюю частку вострава Ірландыя. Злучанаму Каралеўству належыць вялікая колькасць дробных астравоў і архіпелагаў (Мэн, Нармандскія астравы і інш). Усё гэта абмываецца Атлантычным акіянам і яго морамі: Паўночным на ўсходзе, Ірландкім і Кельцкім — на захадзе. Паўднёва-ўсходняе ўбярэжжа размяшчаецца ўсяго ў 35 кіламетрах ад паўночнага берага Францыі, дзве краіны раздзеленыя пралівам Ла-Манш. Вялікабрытанія мае вельмі моцна зрэзаную берагавую лінію, 12-ую па даўжыні ў свеце.
Вялікабрытанія размешчана паміж 49° і 61° паўночнай шыраты і паміж 9° заходняй даўгаты і 2° усходняй даўгаты. Праз Грынвіцкую абсерваторыю ў Лондане праходзіць нулявы мерыдыян.
Прырода
На поўначы і захадзе пераважае горны рэльеф — сярэдневышынныя Паўночна-Шатландскае нагор’е і Грампіянскія горы вышынёй да 1344 м (гара Бэн-Нэвіс), нізкія (300—800 м) Пенінскія і Кембрыйскія горы. Горы рассечаны старажытным зледзяненнем і месцамі перакрыты лававымі покрывамі. На поўдні і паўднёвым усходзе размясціліся ўзгорыстыя раўніны, складзеныя вапнякамі і мелавымі тоўшчамі, якія на ўзбярэжжах утвараюць 60-метровыя грады-ўступы. Самая нізкая кропка краіны — Фенланд (-4 м).
Вялікабрытанія выдзяляецца запасамі каменнага вугалю і жалезных руд. Ёй таксама належаць нафта і прыродны газ на шэльфе Паўночнага мора.
У клімаце Брытанскіх астравоў праяўляецца ўплыў цёплага Паўночна-Атлантычнага цячэння і заходняга пераносу. Клімат умераны марскі, вільготны: з цёплымі зімамі (на захадзе — вышэй за +4 °C, на ўсходзе — ніжэй), халаднаватым летам (ад +12 °C — на поўначы, да +17 °C — на поўдні). Ападкаў да 3000 мм у год на захадзе і 600—750 мм на паўднёвым усходзе.
Рэкі галоўнага вострава кароткія і шматводныя. Асноўныя артэрыі Вялікабрытаніі: Тэмза — 334 км, Северн — 310 км, Трэнт, Мерсі — 109 км, Клайд — 170 км. Рэкі злучаны сістэмай каналаў. На поўначы Англіі, у Шатландыі і Паўночнай Ірландыі шмат азёр, пераважная большасць з якіх мае ледавіковае паходжанне. Найбуйнейшыя азёры: Лох-Нес (56 км²) у Шатландыі, і Лох-Ней (Lough Neagh, 396 км²) у Паўночнай Ірландыі.
У Старажытнасці і Сярэдневякоўі Вялікабрытанія, за выключэннем гарыстай Шатландыі і рэгіёнаў, у якіх мноства багнаў і балот, была пакрытая ліставымі лясамі з буку і дубу. Аднак праз дзейнасць чалавека сёння лясы займаюць толькі каля 1/10 часткі тэрыторыі краіны. Найбуйнейшыя лясныя масівы знаходзяцца ў Нартумберлэндзе (Northumberland), Сасексе (Sussex), Норфалку (Norfolk), Уэльсе і паўночна-ўсходняй Шатландыі. Дзе-нідзе захаваліся старажытныя рэлтіктавыя лясы, такія як Пазлвуд.
Прыкладна чвэрць плошчы Вялікабрытаніі занята верасоўнікамі і пусткамі, дзе растуць пераважна верас, чарніцы і сфагнум. На нагор’ях таксама расце сівец, у высакагорных раёнах — пераважна арктаальпійскія віды раслін. Падобная расліннасць таксама характэрная для ўсходу Паўночнай Ірландыі і Морны.
У Вялікабратыніі амаль не засталося буйных драпежнікаў: ваўкі, дзікі і бурыя мядзведзі былі цалкам знішчаныя. Зубры зніклі яшчэ ў Сярэдневякоўі. Найбуйнейшы сысун, які жыве ва ўмовах дзікай прыроды — высакародны алень. З драпежнікаў засталіся толькі невялікія: выдры, лісы, барсукі, гарнастаі. Размяшчэннем астравоў на шляху сезонных птушыных міграцый тлумаыцца вялікая разнастайеасць птушак (каля 200 відаў), самыя звычайныя з якіх — вераб’і, дразды, берасцянкі, курапаткі, галубы.
Сёння ў цэнтральнай частцы краіны вучоныя імкнуцца аднавіць папуляцыі буйных жывёл, завозячы звяроў з кантынентальнай Еўропы. Асушэнне балот прывяло да таго, што папуляцыі птушак сталі скарачацца, таму эколагі імкнуцца спыніць гэты працэс, ствараючы запаведнікі.
Гісторыя
Першабытная гісторыя Засяленне Брытанскіх астравоў людзьмі сучаснага тыпу (краманьёнцамі) пачалося каля 30 000 гадоў назад і адбывалася хвалямі. Лічыцца, што ў канцы дагістарычнага перыяду насельніцтва належала пераважна да культуры астраўных кельтаў (брытаў на востраве Брытанія і гэлаў на востраве Ірландыя).
Старажытнасць
Рымскае заваяванне Брытаніі пачалося ў 43 годзе да н. э. і правяло да 400-гадовага рымскага кіравання амаль на ўсім востраве (акрамя Шатландыі). Пасля заняпаду Рымскай Імперыі амаль увесь востраў (акрамя Шатландыі і Уэльса) занялі англы, саксы і юты — плямёны германскай моўна-культурнай групы. Яны асіміляваліся з кельтамі.
Сярэдневякоўе У X стагоддзі дробныя англа-саксонскія каралеўствы аб’ядналіся, утварыўшы Каралеўства Англія, у той час калі гэлы, якія, меркавана, мігрыравалі з паўночна-заходняй Ірландыі ў V стагоддзі, аб’ядналіся з піктамі і ўтварылі ў IX ст. Шатландскае каралеўства.
У 1066 годзе нармандцы ўварваліся ў Англію на чале з герцагам Вільгельмам, падпарадкавалі сабе ўсю краіну, а затым Уэльс, а пазней і пераважную частку Ірландыі. Яны прынеслі на астравы феадалізм паўночна-французскага ўзору і нарманда-французскую культуру.
Наступныя каралі Англіі няўдала спрабавалі анексаваць Шатландыю. Вольналюбівая Шатландыя сцякала крывёю, але захоўвала сваю незалежнасць. Наследаванне значных французскіх тэрыторый і прэтэнзіі на французскі трон бясконца ўцягвалі англійскіх манархаў у канфлікты з Францыяй, найбольш значным з якіх стала Стагадовая вайнаKeen, Maurice. The Hundred Years War («Столетняя Война»). BBC History..
Новы час (да 1707 года)
У 1536 годзе парламент Англіі у аднабаковым парадку анексаваў Уэльс , а Ірландыя з 1542 года апынулася ў асабовай уніі з Англійскай каронай. На тэрыторыях, якія пазней сталі Паўночнай Ірландыяй, землі каталіцкага гэльскага дваранства былі канфіскаваныя і перайшлі да пратэстанцкіх каланістаў з Англіі і Шатландыі.
У XVI стагоддзі ў краінах, якія сёння складаюць Вялікабрытанію, адбыліся працэсы Рэфармацыі, што прывяло да ўтварэння пратэстанцкіх дзяржаўных рэлігій у кожнай з іхРеформация в Англии и Шотландии і Ирландия периода Реформации: Период Реформации и Ирландия при Елизавете I, Encyclopedia Britannica онлайн., у прыватнасці, у Англіі (Рэфармацыя ў Англіі) і Шатландыі (Рэфармацыя ў Шатландыі).
У 1603 годзе каралеўствы Англіі, Шатландыі і Ірландыі былі аб’яднаныя ў парадку асабовай уніі, калі кароль Шатландыі Якаў VI атрымаў у спадчыну кароны Англіі і Ірландыі і перавёў свой двор з Эдынбурга ў Лондан. Тым не менш, кожная краіна захавала сваю палітычную ідэнтычнасць і свае палітычныя інстытутыRoss, D. (2002). «Хронология Шотландской Истории». Глазго: Geddes & Grosset. с. 56. ISBN 1-85534-380-0Hearn, J. (2002). Требуя Шотландию: Национальная сущность и либеральная культура. Edinburgh University Press. с. 104. ISBN 1-902930-16-9.
У сярэдзіне XVII стагоддзя ўсе тры каралеўствы былі ўцягнутыя ў серыю ваенных канфліктаў (уключаючы грамадзянскую вайну), якія прывялі да звяржэння манархіі ў 1649 годзе і кароткатэрміновага ўсталявання ўнітарнай Англійскай рэспублікіАнглийские Гражданские Войны. Encyclopedia Britannica Онлайн. Хаця манархія была адноўлена ў 1660 годзе, у выніку Славутай рэвалюцыі 1688 года стала зразумелым, што, у адрозненне ад астатняй Еўропы, абсалютная манархія не мае будучыні. Палітычнае ўладкаванне склалася на базе канстытуцыйнай манархіі і парламенцкай сістэмы. У гэты перыяд, асабліва ў Англіі, развіццё флоту прывяло да ператварэння краіны ў магутную марскую дзяржаву і каланіяльную імперыю.
Пасля Акта аб Уніі (1707—1921 гг)