Лінейныя караблі тыпу «Дзюнкерк» — тып лінкараў французскага флоту часоў Другой сусветнай вайны. Пабудавана два караблі: «Дзюнкерк» () і «Страсбур» ().

Караблі гэтага тыпу, пабудаваныя ў 1930-х гадах, сталі першымі хуткаходнымі лінкарамі. «Дзюнкерк», спраектаваны для барацьбы з нямецкімі «кішэннымі лінкарамі» тыпу «Дойчланд», будаваўся ва ўмовах абмежаванняў Вашынгтонскага пагаднення і жорсткай эканоміі сродкаў. У сувязі з гэтым стандартнае водазмяшчэнне «Дзюнкерка» склала 26 500 т, што менш за ліміт у 35 000 доўгіх тон, усталяванага Вашынгтонскім дагаворам. Асаблівасцю «Дзюнкерка» было арыгінальнае размяшчэнне артылерыі галоўнага калібра — восем 330-мм гармат былі размешчаны ў дзвюх чатырохгарматных вежах, устаноўленых у насавым ускрайку.

Пасля зробленай Італіяй заявы аб будаўніцтве лінкараў тыпу «Літорыа» са стандартным водазмяшчэннем 35 000 т, парламент Францыі вылучыў сродкі на будаўніцтва другога лінкара — «Страсбура». Браніраванне «Страсбура» было ўзмоцнена для супрацьстаяння больш магутным гарматам новых італьянскіх лінкараў.

З пачаткам Другой сусветнай вайны «Дзюнкерк» і «Страсбур» разам з караблямі Брытанскага Каралеўскага флоту ахоўвалі марскія шляхі ў Атлантыку ад нямецкіх рэйдараў. Пасля капітуляцыі Францыі лінкары знаходзіліся ў Мерс-эль-Кебіры. Брытанцы асцерагаліся, што новыя французскія караблі могуць патрапіць у рукі нацысцкай Германіі ці Італіі, што змяніла б баланс сіл на Міжземным моры. Да Мерс-эль-Кебіра была выслана моцная брытанская эскадра з ультыматумам. Спроба прымусіць французаў перайсці порты, якія кантраляваліся саюзнікамі, ці затапіць караблі была няўдалай, і брытанцы адкрылі агонь па караблях Французскага флоту, якія стаялі ў порце. «Страсбур» прарваў блакаду і перайшоў у Тулон. «Дзюнкерк» не змог прарвацца, быў пашкоджаны артылерыйскім агнём і сеў на грунт, але пасля рамонту таксама быў пераведзены ў Тулон. Там у лістападзе 1942 года абодва лінкары і былі затоплены французскімі экіпажамі каб пазбегнуць захопу немцамі.

Спецыялістамі лінкары тыпу «Дзюнкерк» ацэньваюцца вельмі неадназначна. Гэтыя караблі добра глядзеліся на фоне лінкараў часоў Першай сусветнай вайны, але пры параўнанні з пазнейшымі хуткаходнымі лінкарамі, такімі як «Літорыа», «Бісмарк» і «Аёва», лінкары тыпу «Дзюнкерк» валодалі занадта малым калібрам гармат і слабым браніраваннем. Некаторыя спецыялісты адзначаюць, што, дзякуючы высокай хуткасці і параўнальна магутнаму ўзбраенню, паводле канцэпцыі іх хутчэй можна аднесці да лінейных крэйсераў.

Заўвагі

Літаратура На рускай мове

На англійскай мове

Campbell, John. Naval Weapons of World War Two. — London: Conway Maritime Press, 2002. — 403 p. — ISBN 0-87021-459-4. Jordan, John. Dumas, Robert. French Battleships 1922-1956. — Barnsley, Yorkshire: Seaforth Publishing, 2009. — 224 p. — ISBN 978-1848320345.

На французскай мове

Катэгорыя:Ваенныя караблі Францыі Катэгорыя:Лінкары