Свята-Іаана-Прадцечанская царква — праваслаўны храм у вёсцы Сакалова, Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Гісторыя Пабудавана на могілках у 1820 г. з дрэва як каталіцкая капліца, якая ў 1864 г. пераасвячона ў праваслаўную царкву.

Архітэктура Помнік народнага дойлідства. Адназрубны аб'ём накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай сцяной. У кампазіцыі храма вылучаецца нетрадыцыйна асіметрычна размешчаная ва ўсходняй алтарнай сцяне нізкая рызніца пад вальмавым дахам. Дах над галоўным фасадам прарэзаны васьмігранным барабанам з шатровым верхам і макаўкай у завяршэнні, над алтарнай часткай — такі ж барабан з цыбулепадобнай галоўкай. Фасады вертыкальна ашаляваны, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах і вертыкальнымі сцяжкамі ў прасценках. Рытм галоўнага фасада ствараюць трохвугольныя франтоны галоўнага аб'ёму і прамавугольнага ў плане прытвора.

Інтэр'ер У інтэр'еры алтарная частка вылучана драўляным іканастасам, выкананым у 1865 г. Абразы 18 — 19 ст.: «Святы Георгій», «Маці Божая Адзігітрыя», «Укрыжаванне з прадстаячымі», «Ісус Хрыстос», «Архангел Міхаіл», «Аляксандр Неўскі», «Тайная вячэра», «Маці Божая Знаменне», абраз-таблетка «Маці Божая Адзігітрыя і Мікалай Цудатворац».

Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі

Катэгорыя:Сакалова (Бярозаўскі раён) Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Бярозаўскага раёна Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1820 год у Беларусі