Ві́цебск (, ) — горад абласнога падпарадкавання ў Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Віцебскага раёна і Віцебскай вобласці. Стаіць на рацэ Дзвіне пры ўпадзенні ў яе рэк Віцьбы і Лучосы. Вузел чыгунак на Маскву, Санкт-Пецярбург, Оршу і Полацк і аўтамабільных дарог / і . Ёсць порт на Дзвіне, аэрапорт (пункт пропуску праз дзяржаўную мяжу). Адлегласць ад Віцебска да Мінска — 300 км, да мяжы з Расіяй — 53 км.

Назва Назва Віцебска паходзіць ад ракі Віцьбы, каля ўтоку якой у Дзвіну горад размешчаны.

Назва ўтворана суфіксам-утваральнікам -ск, які ў айканіміі беларускіх зямель адзначаецца з ІХ ст. да старажытнейшых гарадоў. Болей за палову гарадоў з назвамі на -ск, згаданых летапісамі ХІ ст., знаходзяцца менавіта на зоне фармавання беларускага этнаму, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі — кожны трэці беларускі горад, што згаданы «Спіс рускіх гарадоў» канца ХIV ст., утвораны суфіксам -ск, гэта глыбока традыцыйная рэліктавая з’ява — С. 21.. Зусім рэльефна словабудова ад Віцьбы бачна ў раннім летапісным запісе «Видбеск». Засведчаны таксама формы Видебск, Витепеск, Витьбеск, у нямецкіх крыніцах — Вітэнбеке (). У гаворках Віцебшчыны сустракаюцца варыянты Віцемск, Вітэбск, Вытэбск, Віцімськ.

Гісторыя

Археалагічныя звесткі

Першае пасяленне чалавека на тэрыторыі сучаснага Віцебска можна аднесці да эпохі каменнага веку. Яно размяшчалася ўздоўж левага берага Віцьбы, недалёка ад вусця, на тэрыторыі колішняга Верхняга замка. Падчас археалагічных раскопак тут знойдзены каменная сякера тыпу «пальштаб» з закраінамі і каменная сякера са свідраванай адтулінай, а таксама ножападобныя крамянёвыя пласціны — рэшткі крэмнеапрацоўчай вытворчасці. Гэтыя матэрыялы адносяцца да неаліту, або ранняга перыяду бронзавага веку.

У раннім жалезным веку рэльеф Віцебска быў зусім іншы, чым цяпер. Ён уяўляў сабой некалькі ўзвышшаў, якія знаходзіліся ў забалочанай даліне Віцьбы. На адным з такіх узвышшаў на левым беразе Віцьбы, за 100—150 м ад яе вусця, узнікла гарадзішча ранняга жалезнага веку т. зв. днепрадзвінскай археалагічнай культуры. У пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя гэтая гара з-за стромкасці схілаў вядома пад назвай Ламіха (пазней Замкавая гара). Гарадзішча ўяўляла сабой гару ў выглядзе ўсечанай піраміды з роўнай пляцоўкай зверху. Памеры пляцоўкі 60 х 130 м (0,7 га). У 1928 годзе вядомы беларускі археолаг Аляксандр Ляўданскі даследаваў культурны пласт паселішча. У культурным слоі, таўшчыня якога дасягала 1 м, знойдзены рэшткі ляпнога посуду культуры штрыхаванай керамікі і тыпу сярэдняга пласта Тушамлі, ткацкі грузік.

У Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве захоўваецца бронзавая ручка скіфскага мяча, якая была знойдзена ў Віцебску на гарадзішчы. Гэта яшчэ адзін доказ, што на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Віцебска існавала паселішча ранняга жалезнага веку (не пазней III стагоддзя н. э.).

У VI—VIII стагоддзях на Замкавай гары і на Дзвінскім узвышшы, якое размешчана на левым беразе Дзвіны, паміж вусцем Віцьбы і Пілатавым ручаём існуюць паселішчы носьбітаў культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны. Ад гэтай пары знойдзены фрагменты посуду, гліняныя грузікі, праселкі.

На паўночнай ускраіне Віцебска за 3 км ад Ніжняга замка (за 1 км ад левага берага Дзвіны) у мясцовасці Пескавацік, каля сучасных Мазурынскіх могілак, ёсць невялікае гарадзішча. З паўднёвага і ўсходняга бакоў яно акружана балотам. Некалі тут былі возера і рака. Пляцоўка гарадзішча ўтварае круг дыяметрам 35 м. Уваход на гарадзішча знаходзіцца з паўночнага боку. Вышыня гары 15 м. Амаль уся пляцоўка гарадзішча пашкоджана траншэямі. У 1972 годзе на гарадзішчы праводзіліся раскопкі. Было даследавана 16 м² культурнага слоя. Яго таўшчыня складала 0,5—0,6 м. Пласт чорнага колеру, бедны на знаходкі. Знойдзена некалькі кавалкаў ляпной керамікі днепра-дзвінскай культуры, косці жывёлы і клык мядзведзя.

Для вывучэння гісторыі насельніцтва важнае значэнне маюць раскопкі курганных могільнікаў. У наваколлі Віцебска каля вёскі Лятохі ў лесе ўздоўж дарогі захаваўся могільнік, які налічвае 14 курганоў вышынёй 1,5—2,5 м, дыяметрам 12—14 м. Адзін курган валападобны, мае даўжыню 70 м, шырыню 8—9 м. Каля асновы насыпу захаваліся глыбокія вузкія раўкі. Адсюль бралі грунт для насыпання кургана. У 1924 годзе 2 курганы каля вёскі Лятохі даследаваў А. К. Супінскі. Выяўлены рэшткі напалавіну спаленага нябожчыка. У 1965 і 1972 гадах былі даследаваны яшчэ 3 курганы. Адзін з іх быў пусты, у другіх пад насыпам знойдзена трупаспаленне. У трэцім, падоўжаным кургане, пад насыпам было выяўлена вогнішча і ляпны гаршчок банцараўскай культуры. Гэты курган датуецца VI—VIII стст.

Пісьмовы перыяд

Паводле падання з Віцебскага летапісу, заснаваны вялікай княгіняй Вольгай у 974 годзе, але Вольга памерла 11 ліпеня 969 года. Калі заснаванне Віцебска звязана з дзейнасцю Вольгі, то паводле «Аповесці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Дзвіны і Дняпра і заснавала тут пагосты для збору даніны, у т. л. на рэках Мста і Луга, магчыма тады быў заснаваны пагост і на Віцьбе — Віцебск. Гэта не выключана, бо заснаванне пагостаў Вольгай было яе агульнадзяржаўнай праграмай пасля забойства яе мужа Ігара падчас збору празмернай даніны з драўлян, а віцебскае месца знаходзілася на важнейшых гандлёвых шляхах, што было ўдалым месцам для збору як даніны з тутэйшых плямёнаў, так і мытаў. Магчыма, складальнік Віцебскага летапісу пераблытаў лічбы, перапісваючы з больш ранняй крыніцы і атрымаў 974 замест 947, магчыма блытаніну ўнеслі яшчэ да яго ранейшыя перапісчыкі, але і магчыма, што гэта проста неверагоднае паданне. Сустракаюцца варыянты падання, дзе заснаванне Віцебска адносяць да 914 года.

Упершыню згадваецца ў 1021 годзе, калі разам з Усвятам быў перададзены вялікім князем кіеўскім Яраславам Уладзіміравічам полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу пры заключэнні міру. Горад атрымаў назву ад ракі Віцьбы, на беразе якой узнік. З 1101 года — цэнтр Віцебскага княства, першы князь Святаслаў Усяславіч, пазней горадам і княствам валодалі яго нашчадкі Васількавічы. У XII—XIII стагоддзях цэнтр на гандлёвым шляху па Дзвіне. З 1321 года ў складзе ВКЛ, адзін з сыноў вялікага князя Гедзіміна Альгерд ажаніўся (1318) з адзінай дачкой апошняга віцебскага князя Марыяй, а пасля смерці цесця (1321) сам стаў віцебскім князем. Да 1351 года у Віцебску пабудаваныя каменныя Верхні і Ніжні замкі, княжацкі палац. У XV—XVI стагоддзях — буйны гандлёвы і рамесны цэнтр; у 1441 годзе названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. У пачатку XVI стагоддзя — цэнтр Віцебскага ваяводства. У выніку войнаў XVI—XVIII стагоддзяў неаднаразова спалены і зруйнаваны. У 1597 горад атрымаў магдэбургскае права і герб. Пасля Віцебскага паўстання (1623) пазбаўлены магдэбургскага права (адноўлена ў 1644) і іншых прывілеяў. У XIV—XVIII стагоддзях у Віцебску пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах дзейнічалі школы. У 2-й палове XVIII стагоддзя стаў 2-ім па велічыні (пасля Магілёва) горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. З 1772 года у складзе Расійскай імперыі, 1772—1777 цэнтр Віцебскай правінцыі, з 1796 года цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. У 1781 годзе зацверджаны новы герб Віцебска з «Пагоняй». У XIX стагоддзі паскорылася развіццё рамяства. У 1825 годзе у ім 16,9 тыс. жыхароў. Тут працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крам, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных устаноў. 24 царквы ўпрыгожвалі горад купаламі. У 1826 годзе створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 годзе — Віцебскае таварыства ўрачоў. Адчынена настаўніцкая семінарыя. У 1838 годзе пачала выдавацца газета «Витебские губернские ведомости». У 1845 годзе адкрыўся гарадскі тэатр, у 1845—1847 гадах тут з’явіўся балет Піёна, а з канца XIX стагоддзя пры тэатры дзейнічаў прафесійны сімфанічны аркестр. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—1854 гадах быў рускі пісьменнік Іван Лажэчнікаў.

У 1866 годзе праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыгуначныя лініі злучылі горад з Масквой, Брэстам, Пецярбургам і Кіевам. У 1898 годзе ў Віцебску пушчаны першы ў Беларусі трамвай. У 1913 годзе ў Віцебску 109 тыс. жыхароў. Гэта — адзін з самых значных прамысловых цэнтраў. У ім дзейнічала 45 фабрык і заводаў. Усяго ў прамысловасці ў той час было занята каля 8 тыс. чалавек, у т.л. 40 % у тэкстыльнай і каля 20 % у металаапрацоўчай галінах. Працавалі першы на Беларусі настаўніцкі інстытут, які быў адкрыты ў 1910 годзе, рэальнае вучылішча. У 1911 годзе адкрылася Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.

У Першую сусветную вайну Віцебск стаў прыфрантавым горадам. Сюды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, іншыя ваенныя ўстановы, шпіталі. Гарнізон горада ў 1916 годзе налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Прадпрыемствы былі пераведзены на выпуск ваеннай прадукцыі, створаны новыя майстэрні, іншыя прадпрыемствы для абслугоўвання патрэб фронту.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Віцебская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўключалася ў склад Беларускай ССР, аднак з 16 студзеня ўвайшла ў склад РСФСР. Ад 3 сакавіка 1924 года, у выніку ўзбуйнення БССР, Віцебск стаў цэнтрам раёна (у 1924—1930 гадах — акругі, а з 15 студзеня 1938 года — цэнтр вобласці).

У 1926 годзе ў Віцебску адкрыўся II Беларускі дзяржаўны тэатр. У 1920-я гады сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму». У гэты ж час у Віцебску пачало дзейнічаць краязнаўчае таварыства, якое выдавала зборнік «Віцебшчына». Сябры мастацкай секцыі таварыства збіралі ўзоры народнага мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і інш.

27 верасня 1938 года Віцебск атрымаў афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. У гэты час тут працавалі 209 прадпрыемстваў, 3 ВНУ, 42 агульнаадукацыйныя школы, 40 бібліятэк, 11 лякарняў, 3 кінатэатры. Горад стаў буйным прамысловым і культурным цэнтрам Беларусі.

У Другую сусветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 года Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У верасні 1941 года ў горадзе заснавалі канцлагер «Пяты полк», дзе да канца нямецкай акупацыі забілі 75 тыс. ваеннапалонных і 4 тыс. віцяблянаў. У Вялікую Айчынную вайну моцна разбураны, дзейнічала Віцебскае гета.

Пасля вайны эканоміка горада аднаўляецца. У структуры яго прамысловага комплексу вылучаецца машынабудаванне і лёгкая прамысловасць, станкабудаванне.

25 красавіка 1958 года ў рысу горада ўключаны населеныя пункты Журжава і ПаўночныУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 25 красавіка 1958 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Віцебска населеных пунктаў Журжава і Паўночны // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1958, № 4..

У 50—60-ыя гады ўладамі ў горадзе метадычна былі знішчаны шэраг старажытных храмаў Віцебска (Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, Касцёл Святога Антонія Падуанскага, Дабравешчанская царква, Касцёл Святога Іосіфа і калегіум езуітаў, Свята-Васкрасенская (Заручаўская) царква).

З 27 ліпеня 1990 года Віцебск у складзе незалежнай Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе створана свабодная эканамічная зона «Віцебск». У горадзе пабудаваны Лядовы палац спорту, з’явіўся характэрны комплекс пірамід гандлёва-забаўляльнага цэнтра Марка-сіці, рэканструяваны Цэнтральны стадыён і Летні амфітэатр знакавага для горада міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску», рэканструяваны чыгуначны вакзал і іншыя аб’екты, аднаўляюцца гістарычныя помнікі, збудаваны шэраг новых храмаў і іншых грамадскіх аб’ектаў, будуюцца новыя жылыя раёны.

Геаграфія

Геалогія і гідралогія