Людві́ка Я́мант (, — 1914, ) — удзельніца паўстання 1863—1864 гадоў, мемуарыстка. Сястра Марыі Ямант і Юзафа Яманта.
Біяграфія Нарадзілася ў Вільні ў сям'і надворнага саветніка Тадэвуша Яманта і Схаластыкі з Макрыцкіх. Мела чатырох братоў і трох сясцёр. Атрымала добрае хатняе выхаванне, закончыла прыватны пансіён. Уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні, які актыўна супрацоўнічаў з рэвалюцыйнай падпольнай арганізацыяй. Яны захоўвалі і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, нарыхтоўвалі правіянт і зброю для будучых паўстанцаў, хавалі паўстанцкія друкарні, разносілі пошту і клапаціліся аб паўстанцах, якія трапілі ў палон.
Захаваліся звесткі, што Людвіка Ямант за спяванне забароненых патрыятычных песняў заплаціла 30 рублёў штрафу.
У сярэдзіне 1850-х выйшла замуж за Людвіка Радзевіча, пазней жылі асобна ад бацькоў у віленскім доме. У 1865 годзе за ўдзел у паўстанні сям'я Радзевіча была саслана ў Разанскую губерню. Пасля ссылкі, калі Радзевічы жылі ўжо ў Варшаве, памёр яе муж і Людвіка выхоўвала дзяцей адна.
З чэрвеня 1863 года на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы ў Вільні знаходзілася адна з галоўных канспіратыўных явак Канстанціна Каліноўскага і нелегальная друкарня, дзе абавязкі сакратара выконваў яе брат — Юзаф Ямант.
У глыбокай старасці напісала ўласныя мемуары «Горсць успамінаў пра 63 год» (). Пасля смерці Людвікі некалькі тоўстых сшыткаў яе рукапісных успамінаў, абкладзеныя жоўтай паперай і аздобленыя здымкамі блізкіх і знаёмых людзей, доўгі час зберагаліся ў прыватных бібліятэках сваякоў і напачатку 1950-х гадоў былі набыты бібліятэкай імя Асалінскіх ва Уроцлаве ў сваякоў Людвікі. Менавіта ва ўспамінах Людвікі Ямант сцвярджаецца пра той факт, што яе сястра Марыя Ямант была нарачонай Канстанціна Каліноўскага.
Пахаваная на віленскіх могілках Роса.
Бібліяграфія Ludwika z Jamontów Radziewiczowa. Garść wspomnień z 63 roku. Rękopis w Bibliotece Zakladu Narodowego imienia Ossolińskich we Wroclawiu, sygnatura 12 273/I
Спасылкі
Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Мемуарысты Людвіка Мацвееўна