Міжнаро́дны купо́н на адка́з, скарочана МКА (; ), або міжнародны паштовы купон, міжнародная паштовая валюта, таксама сустракаецца міжнародны адказны купон (МКА) — купон, створаны Сусветным паштовым саюзам (СПС) для абмену на знакі паштовай аплаты ў дзяржавах-членах СПС. Купон абменьваецца на пошце адпраўшчыкам ліста за мяжу на адну або болей паштовых марак для аплаты мінімальнага паштовага зборуЗ разліковага кошту простага прыярытэтнага адпраўлення або звычайнага авіяліста вагой да 20 г..
Прызначэнне і выкарыстанне Міжнародныя купоны на адказ распаўсюджваюцца пад эгідай СПС. З прычыны, што на сённяшні дзень СПС аб’ядноўвае 190 краін-членаў, а купоны на адказ прымаюць усе ўдзельнікі Саюза, механізм МКА фактычна ахоплівае ўвесь свет.
Прызначэнне міжнароднага купона на адказ — наданне магчымасці асобе, якая набыла яго, даслаць адрасату, які знаходзіцца ў іншай краіне, ліст разам з аплатай кошту перасылкі ліста ў адказ. Калі адрасат знаходзіцца ў той жа самай краіне, то неабходнасці ў такіх купонах няма, бо магчыма выслаць аплачаны канверт з адваротным адрасам. Але калі адрасат жыве ў іншай краіне, то выкарыстанне міжнароднага купона на адказ здымае з яго неабходнасць набыцця знакаў паштовай аплаты або высылкі яму для гэтай пакупкі адпаведнай валюты. Атрымальнік ідзе з лістом у адказ на пошту, абменьвае там ужо прысланы яму ў канверце купон на адпаведную колькасць марак, налеплівае гэтыя маркі на канверт і адсылае яго. Такім чынам, паштовыя выдаткі нясе ініцыятар ліставання.
Паштовыя службы дзяржаў-удзельніц СПС абавязаныя абменьваць такія купоны на знакі паштовай аплаты, але не абавязаныя прадаваць іх. Усе надпісы на вонкавым боку купона зробленыя на французскай мове (як афіцыйнай мове СПС), незалежна ад краіны яго выпуску. На адваротным баку купона знаходзіцца кароткі тлумачальны тэкст на шасці мовах (зверху ўніз) — нямецкай, англійскай, арабскай, кітайскай, іспанскай і рускай:
Міжнародныя купоны на адказ ахвотна выкарыстоўваюць калекцыянеры аўтографаў і этыкетак, філатэлісты, радыёаматары (пры адпраўцы адно аднаму QSL-картакІнфармацыя на сайце аматарскай радыёстанцыі N6HB (ЗША).), нават паэтыАўстралійская паэтычная супольнасць. — г. зн. катэгорыі асоб, якія маюць шырокае кола міжнародных знаёмстваў або пачынаюць шырокую міжнародную перапіску. Традыцыйна прынята лічыць добрым тонам пры пісьмовым звароце да калегі па родзе дзейнасці або хобі ўкласці такі купон і чакаць адказу поштай.
Купоны можна выкарыстоўваць пры перапісцы з замежнымі навучальнымі або навуковымі ўстановамі, камерцыйнымі кампаніямі, міжнароднымі арганізацыямі, калі адпраўшчык разлічвае на лісты ў адказ, і г. д. Нават калі паштовыя выдаткі не ўяўляюць для адрасата вялікай праблемы або яму па шэрагу прычын нязручна выкарыстоўваць купон, адпраўка яму МАК — знак таго, што адпраўшчык дбаў пра камфорт атрымальніка.
Гісторыя
Прамблема папярэдняй аплаты паштовай карэспандэнцыі на нацыянальным узроўні вырашалася паштовымі адміністрацыямі рознымі спосабаміПапярэдняе гашэнне.. Аднак пытанне ўніфікаванай папярэдняй аплаты ліста ў адказ пры перасячэнні дзяржаўных меж заставалася адкрытым. Ідэальным варыянтам, вядома, было бы ўвядзенне ўніверсальнай агульнаміравой паштовай маркі. Гэта ідэя ўпершыню была высунута перад Сусветным паштовым саюзам Артурам Моры ў 1897 г., але яе адхіліліТым не менш праз стагоддзе на пекінскім Сусветным паштовым кангрэсе 2001 г. краіны-члены СПС вярнуліся да гэтага пытання. У рэзалюцыі кангрэса СПС C67/1999 гаворыцца: «Кангрэс (…) просіць Савет паштовых адміністрацый вывучыць у каардынацыі з міжнародным бюро Сусветнай асацыяцыі развіцця філатэліі магчымасць выпуску ўніверсальнай маркі пры як мага больш актыўным удзеле краін-членаў Саюза…».
На парыжскім кангрэсе СПС 1878 г. было заключана пагадненне паміж 13 паштовымі адміністрацыямі, у тым ліку Аргенціны, Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Люксембурга, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Румыніі, Туніса, Францыі і Швейцарыі, пра выкарыстанне паштовых картак з аплачаным адказамГэта сістэма з некаторымі зменамі праіснавала з 1 ліпеня 1897 г. да 1 ліпеня 1971 г. і была ліквідавана рашэннямі такійскага кангрэса СПС у 1969 г.. Аднак няўзгодненая (бо, з прычыны розніцы суверэнітэтаў, яна і не магла быць узгодненай прынцыпова) фінансавая палітыка дзяржаў, некантраляванае змяненне абменных валютных курсаў і спекуляцыйная рызыка, якая магла стаць вынікам усяго гэтага, падаваліся перашкодамі, якія немагчыма пераадолець.
Выхад быў знойдзены ва ўсталяванні сістэмы міжнародных купонаў на адказ. Ідэя іх ужывання была прапанаваная дэлегацыяй Вялікабрытаніі, разгледжаная поруч з канкурэнтнымі праектамі іншых краін і прынятая ў 1906 года на кангрэсе СПС у Рыме. Увядзенне купонаў у зварот адбылося 1 кастрычніка 1907 года.
У той час міжнародны купон на адказ абменьваўся на простую паштовую марку звычайнага тарыфу, якой аплачвалася наземная перасылка карэспандэнцыі ў іншую дзяржаву, паколькі гэта было яшчэ да з’яўлення авіяпошты. Зараз ён абменьваецца ў любой дзяржаве-члене СПС на знак паштовай аплаты мінімальнага паштовага збору за перасылку прыярытэтнага або простага авіяліста за мяжу.
Змена дызайну Міжнародныя купоны на адказ друкуюцца ў фармаце, які дазваляе без цяжкасцей змяшчаць іх у паштовы канверт, на паперы з вадзянымі знакамі і іншымі сродкамі абароны і змяшчаюць сімволіку СПС. Знешне больш за сто гадоў свайго існавання яны змянілі пяць асноўных тыпаў дызайну. Калекцыянеры купонаў падзяляюць іх па гарадах правядзення кангрэсаў СПС, на якіх кожны з тыпаў уводзіўся ў міжнародны зварот. У межах кожнага з гэтых тыпаў існуюць разнавіднасці ў залежнасці ад краіны выпуску, змяненняў паштовых тарыфаў і іншых асаблівасцей і новаўвядзенняў«Postal Reply Coupons». : Рымскі — з 1 кастрычніка 1907 г. (разнавіднасці Ro1-Ro8);. Лонданскі — з 1 ліпеня 1930 г. (разнавіднасці Lo9-Lo17A); Венскі — з 1 снежня 1965 г. (разнавіднасці Vi18-Vi21); Лазанскі — з 1 студзеня 1975 г. (разнавіднасці La22-La30); Пекінскі (разнавіднасці Pe31-Pe33): узор № 1 — з 1 студзеня 2002 г.; узор № 2 — з 1 ліпеня 2006 г.; узор № 2 (юбілейны выпуск) — з 1 лютага 2007 г. Найробскі — з 2009 г.; Дохскі — з 2013 г. Разнавіднасці, у сваю чаргу, падзяляюцца на заводы або «выпускі» — першы, другі і г. д. Гэтакіх знаходзіцца 4—7 у межах кожнай.
Храналагічная табліца ВыяваГорад, у гонар якога названыКангрэс СПСПачатак ужыткуКанец ужыткуАсаблівасціНумарацыя Рым 1906 года 1 кастрычніка 1907 года 1926 год IAS 1 Стакгольм 1924 года 1925 год 1930 год IAS 2 Лондан 1929 года 1 ліпеня 1930 года 1966 год У некаторых краінах пачаў ужывацца ўжо ў маі 1930 года IAS 3 Лондан 1929 года 1 ліпеня 1930 года 1966 год Тэкст быў зменены на Кангрэсе СПС 1952 года ў Бруселі IAS 3a Вена 1964 года 1 студзеня 1966 года 1978 год IAS 4 Лазана 1974 года 1 студзеня 1976 года 31 жніўня 2007 года IAS 5 Пекін 1999 года 2002 год 31 снежня 2006 года IAS ? Найробі 2008 года 2009 год 31 снежня 2013 года IAS ? Доха 2012 года 2013 год 31 снежня 2017 года IAS ?
Фінансавая піраміда Понці Ідэя, што, іграючы на розніцы паштовых тарыфаў у розных краінах пры закупцы танных міжнародных купонаў на адказ у адной краіне для наступнага абмену іх на паштовыя маркі на большую суму ў іншай (арбітраж), можна атрымаць прыбытак, пакладзена ў аснову фінансавай піраміды, арганізаванай у 1920-х гадах амерыканцам італьянскага паходжання Чарлзам Понці (Charles Ponzi; 1882—1949 гг.), — па так званай «схеме Понці».
У жніўні 1919 годзе адзін з іспанскіх бізнесменаў у лісце Чарлзу з запытам на прасоўванне рэкламнай публікацыі прыклаў міжнародны купон на адказ. Убачыўшы купон і высветліўшы падрабязнасці яго звароту, Понці заўважыў, што суадносіны пасляваенных абменных курсаў валют дазваляюць перапрадаваць купоны, набытыя ў краінах большай часткі Еўропы, у Злучаных Штатах. Прадпрымальны дзялок заснаваў кампанію «Securities and Exchange Company» і схіліў некалькіх інвестараў да фінансавання прапанаванай ім аферы ў абмен на просты вэксаль, абяцаючы ім 50 % прыбытку ад трансатлантычнага гандлю ўжо праз 45 дзён.
Насамрэч гэта была падвойная афера: Понці і не збіраўся ўкладаць інвестарскія грошы ў скупку еўрапейскіх купонаў. Ён прыхаваў ад іх невялікую дэталь: па ўмовах СПС тых часоў міжнародны купон на адказ мог быць абменяны толькі на маркі, але не на наяўныя грошы, таму як інструмент спекуляцыі купоны не падыходзілі. Гэтыя звесткі не былі сакрэтнымі — пры невялікім жаданні гэта змог бы высветліць для сябе кожны з укладчыкаў арганізаванай Чарлзам фінансавай піраміды. Тым не менш, да ліпеня 1920 года Понці атрымоўваў ад іх па 250 000 $ штодзень. Ажыятаж падаграваўся, у тым ліку, і прэсай (у прыватнасці, «The Boston Post»), якая публікавала аплачаныя заахвочваючыя матэрыялы.
Піраміды абрынулася толькі пасля публікацыі ў часопісе «Post Magazine», які падлічыў, што для пакрыцця інвестыцый, зробленых у кампанію Понці, у звароце павінны былі знаходзіцца 160 млн купонаў — а ў тыя гады па ўсім свеце на руках іх было каля 27 000 асобнікаў. 10 жніўня 1920 г. пры закрыцці кампаніі Понці федэральныя агенты заўважылі, што ён сапраўды не меў ніякага інвестыцыйнага запасу купонаў.
Понці быў арыштаваны, асуджаны за махлярства ў дачыненні федэральнай паштовай службы ЗША і ўзяты ў турму. Агулам яму ўдалося ашукаць больш за 17 000 укладчыкаў. У 1924 г. рэшткі багацця Чарлза Понці былі прадметам цяжбы з боку некаторых ашуканых ім інвестараў у Вярхоўным судзе краіны. Падчас даследавання справы старшыня суда Тафт, у прыватнасці, абнародаваў інфармацыю, што Понці пачынаў сваё «купоннае» прадпрыемства, маючы толькі 150 $ у кішэні.
З тых часоў прадажная цана купонаў і абменны кошт марак былі скарэкціраваныя такім чынам, каб не пакідаць магчымасці для атрымання прыбытку.
Альтэрнатыўныя міжнародныя праекты
Ідэя міжнароднага купона на адказ аказалася плённай: многія каланіяльныя дзяржавы перанялі паспяховы досвед СПС і, не маючы магчымасці па розных прычынах (пераважна праз розніцу валют метраполіі і розных яе калоній) увесці ў межы сваіх каланіяльных імперый універсальную паштовую маркі ці прынамсі ўніфікаваць паштовыя тарыфы і набор паслуг пошты, увялі альтэрнатыўныя купоны на адказ. Аналагічныя праекты ажыццяўляліся і краінамі-членамі некаторых рэгіянальных паштовых саюзаў. Зрэшты, не ўсе такія праекты аказаліся ў выніку паспяховымі«Postal Reply Coupons». . Францыя 1 лютага 1927 г. увяла франка-каліняльны купон на адказ (coupon-réponse franco-colonial), спачатку проста наддрукоўваючы новую назву на звычайных купонах СПС. У далейшым французскі купон не раз перайменоўваўся. З 1951 года гэта быў купон на адказ Французскага саюза (coupon-réponse de l’Union française), з 1959 г. — купон на адказ Французскай супольнасці (coupon-réponse de la Communauté française), а з 1963 г. і дагэтуль — купон на адказ (Е) (coupon-réponse (E)). Вялікабрытанія з красавіка 1927 г. распаўсюдзіла ў сваіх залежных тэрыторыях імперскі купон на адказ (Imperial reply coupon), які з мая 1953 г. стаў купонам на адказ Садружнасці (Commonwealth reply coupon), а 31 кастрычніка 1975 г. спыніў сваё існаванне. Іспанія 1 чэрвеня 1933 г. запусціла ў сваёй імперыі праект каланіяльнага купона на адказ (Vale de respuesta hispano colonial), які пазней трансфармаваўся ў (Vale de respuesta colonias españolas) і паралельна створаны купон на адказ для іспанскіх тэрыторый у Марока (Vale de respuesta zona de protectorado español en Marruecos). З падзеннем каланіяльнай імперыі Іспаніі патрэба ў адпаведных купонах знікла, таму праекты згарнулі 15 красавіка 1973 г. Іспанія жа ў межах Іспана-амерыканскага паштовага саюза (UPAE) 1 кастрычніка 1937 г. увяла ў зварот Cupón-respuesta americoespañol. Гэты купон на адказ распаўсюдзіўся ў Бразіліі, Калумбіі, Коста-Рыцы, на Кубе, Гаіці, у Эквадоры, Гватэмале, Гандурасе, Мексіцы, Панаме, Парагваі, Сальвадоры, Венесуэле, іспанскіх паштовых аддзяленнях у Андоры і Танжэры і, вядома, у самой Іспаніі. 29 лютага 1956 г. праект быў згорнуты.