Гадзяцкі дагавор, або Гадзяцкая унія — пагадненне паміж Рэччу Паспалітай і Казацкім войскам, якое вызначала ўзаемаадносіны тагачаснай Украіны, Польскай Кароны і ВКЛ, у выніку чаго павінна была паўстаць Рэч Паспалітая Трох Народаў. Падпісана 6(16) верасня 1658 года ў горадзе Гадзяч на Палтаўшчыне. Звязана з падзеямі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667.

Бакі З боку Рэчы Паспалітай дамову падпісалі валынскі кашталян С. К. Бянецкі і смаленскі кашталян Л. К. Еўлашэўскі. З боку Украіны — гетман Запарожскай Сечы Іван Выгоўскі.

Тэкст пагаднення зацвердзіў Сойм, а подпіса кароль Ян II Казімір Ваза.

Асноўныя палажэнні Паводле дамовы з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводстваў утваралася асобная дзяржава. Яна павінна была аб’яднацца з тагачаснай Польшчай і ВКЛ на прынцыпах федэрацыі ў Рэч Паспалітую Трох Народаў.

Украінская дзяржава мела права на ўласныя грошы. Колькасць Запарожскага войска скарачалася да 60 тысяч чалавек. Шляхце, што перайшла на бок Хмяльніцкага і Выгоўскага, даравалася амністыя. Жыхарам праваслаўнага веравызнання гарантавалася роўнае з каталікамі права займаць кіроўныя дзяржаўныя пасады, а кіеўскі мітрапаліт уключаўся ў склад Сената.

Пасля ратыфікацыі гэтага акта Вальным Соймам Рэчы Паспалітай шляхта мела права вяртацца ў свае маёнткі ва Украіну.

Да выбараў караля дапускалася шляхта ўсіх трох дзяржаў новай федэрацыі. Пры гэтым Берасцейская унія не распаўсюджвалася на тэрыторыю Вялікага княства Рускага.

Гадзяцкая унія скасоўвала палажэнні Пераяслаўскай рады, паводле якой тагачасная Украіна пераходзіла пад уладу маскоўскага самадзяржаўя.

Ацэнкі і наступствы Гадзяцкі дагавор лічыцца дыпламатычным поспехам абодвух бакоў, а ягоныя ўмовы цалкам адпавядалі інтарэсам украінскай казацкай старшы́ны.

У выніку казацкае войска перайшло на бок Рэчы Паспалітай, што дазволіла разбіць маскоўскае войска ў Канатопскай бітве.

Аднак поўнасцю дагавор выкананы не быў, бо ў выніку унутрыказацкага паўстання 1659 гетман Выгоўскі быў скінуты і ўцёк.

Гл. таксама

Рэч Паспалітая Трох Народаў

Літаратура

Гадячская (Гадяцька) уния // Большая советская энциклопедия : в 66 т. (65 т. и 1 доп.) / гл. ред. О. Ю. Шмидт. — М. : Советская энциклопедия, 1926—1947. М. С. Грушевский (М. С. Грушевський), «История Украйны-Руси» («Історія України-Руси»). Т. X. Р. III — Киев (Київ), 1936 год.

Спасылкі Копія Гадзяцкага дагавора

Катэгорыя:Мірныя дагаворы XVII стагоддзя Катэгорыя:Падзеі 16 верасня Катэгорыя:1658 Катэгорыя:Запарожская Сеч Катэгорыя:Гісторыя Польшчы Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Запарожскай Сечы