Імша () — асноўнае літургічнае дзянне Рымска-Каталіцкага Касцёла. Здзяйсненне еўхарыстыі ў лацінскім (рымскім) абрадзе. Асноўным момантам Імшы з’яўляецца пераісточанне або кансекрацыя: перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста адпаведна. Для наймення здзяйснення еўхарыстыі ва Усходніх Цэрквах, уключаючы уніяцкія (Усходнія Каталіцкія Цэрквы), выкарыстоўваюцца іншыя тэрміны: Боская Літургія, святая Курбана, Бадарак і інш.
Назва Паводле найбольш распаўсюджанага меркавання, тэрмін Імша ўзнік ад познелацінскага слова «missa», якое выкарыстоўваецца ў апошнім закліку Імшы на лацінскай мове: «Ite, missa est» што прыкладна азначае: «Ідзіце, вольны», пры гэтым маецца на ўвазе сход вернікаў. Непасрэдна ў беларускай мове тэрмін паўстаў ад польскага слова msza. Па-беларуску не прынята ўжываць множны лік назоўніка «імша».
Абрады Першую еўхарыстыю здзейсніў Хрыстос падчас Тайнай вячэры, г.зн. у чацвер перад сваёй смерцю. У выніку культурных, моўных і іншых адрозненняў на розных тэрыторыях гэтае здзяйсненне набыло розную форму, захоўваючы пры гэтым аднолькавую сутнасць. З цягам часу аформіліся асноўныя абрадавыя літургічныя традыцыі (абрады). Звычайна абрад атаясамліваецца з пэўнай хрысціянскай царквой (касцёлам): лацінскі (рымскі) абрад — з Рымска-Каталіцкім Касцёлам, візантыйскі — з Праваслаўнымі цэрквамі, армянскі — з Армянскай царквой і г.д. Усходнія каталіцкія (уніяцкія) цэрквы захоўваюць свае абрады.
Згодна з моту пропрыё (motu proprio) Папы рымскага Бенедыкта XVI, у Рымска-Каталіцкім Касцёле існуюць дзве формы рымскага абраду: звычайная (уведзеная пасля Другога Ватыканскага сабора) і надзвычайная (т. зв. трыдэнцкая). З рымскім абрадам звязаны іншыя традыцыі літургіі заходняга хрысціянства: масарабская, амбразіянская, галіканская, парыжская, ліёнская, розныя манаскія (дамініканская, картуская, кармеліцкая, цыстэрская), якія ў пэўнай ступені захаваліся або цалкам зніклі.
Парадак Імшы ў рымскім абрадзе
Парадак Імшы ў рымскім абрадзе (звычайная форма, курсівам пазначаны элементы, якія могуць быць прапушчаны):
Уступныя абрады Спеў на ўваход. Знак крыжа і прывітанне вернікаў. Уводзіны ў літургію дня. Чын пакаяння. Літанійныя заклікі: Пане, змілуйся (Kyrie). Гімн «Хвала на вышынях» («Gloria»). У буднія дні гэты гімн апускаецца. Выкарыстоўваецца ва ўрачыстасці, святы і нядзелі, на значныя падзеі. Прамінаецца ў перыяды Адвенту і Вялікага поста. Малітва дня (калекта).
Літургія слова Першае чытанне (звычайна бярэцца са Старога Запавету). Спеў пасля чытання (рэспансарыйны псальм або Градуал). Другое чытанне (апрача будніх дзён, з Новага Запавету). Спеў перад евангеллем. Звычайна гэта «аллелюя» з вершам, які звязаны з тэкстам евангелля, якое будзе прачытана. У перыяд Вялікага поста «аллелюя» замяняецца іншай акламацыяй (трактус). Чытанне (спеў) евангелля. Гамілія (казанне). У нядзелі і ўрачыстасці абавязкова прамаўляецца святаром ці дыяканам прамова, якая тлумачыць значэнне прачытаных урыўкаў з Бібліі або змяшчае павучэнне вернікаў. Сімвал веры (Credo). У нядзелі і ўрачыстасці, значныя падзеі. Малітва вернікаў.
Еўхарыстычная літургія Прыгатаванне дароў. Магчыма працэсія з дарамі. Малітва над дарамі. Еўхарыстычная малітва: Прэфацыя. Пачынаецца дыялогам святара з вернікамі. Гімн «Святы, святы, святы…» (Sanctus). Непасрэдна еўхарыстычная малітва. Існуе некалькі фармуляраў: першая еўхарыстычная малітва (рымскі канон), другая, трэцяя, чацвёртая; аб паяднанні, у розных патрэбах. У Імшы з удзелам дзяцей можа выкарыстоўвацца еўхарыстычная малітва, спецыяльна дастасаваная для гэтых выпадкаў. Гэта малітва змяшчае: эпіклезіс — заклік Духа Святога асвяціць ахвярныя дары, анамнезіс — успамін збаўчых дзеянняў Бога, кансекрацыя — паўтарэнне слоў Хрыста з Тайнай вячэры, заступніцкія малітвы за Касцёл і людзей. Еўхарыстычная малітва заканчваецца даксалогіяй (праслаўленнем Тройцы). Абрад камуніі (прычасця). Заклік да малітвы «Ойча наш», эмбалізм — завяршэнне святаром гэтай малітвы. Знак спакою. Малітва «Баранку Божы» (Agnus Dei), падчас якой адбываецца ламанне хлеба і змешванне еўхарыстычных постацей. Прыняцце камуніі (прычасця). Духавенства прымае камунію пад двума відамі (Цела і Кроў Хрыста), вернікі — звычайна толькі Цела Хрыста. Малітва пасля камуніі завяршае еўхарыстычную літургію.
Заключныя абрады (прапускаюцца, калі пасля Імшы адразу пачынаецца нейкае набажэнства). На заканчэнне Імшы могуць прагучаць душпастырскія аб’явы. Затым адбываецца благаслаўленне ўсіх прысутных, гучыць заклік на завяршэнне Імшы і спеў на заканчэнне.
Адрозненне тэкстаў Імшы
Некаторыя дні літургічнага года маюць адмысловае значэнне. Ад гэтага залежыць выбар зменных малітваў Імшы. Адрозніваюць тры ступені літургіі: урачыстасць, свята, успамін (абавязковы і неабявязковы). Урачыстасці (Вялікдзень, Божае нараджэнне і інш.) маюць найбольш значны характар, святы (Узвышэнне святога крыжа, нараджэнне Дзевы Марыі і інш.) — меншы, успаміны (звычайна святых) — найменшы.
Выбар тэкстаў Імшы залежыць таксама ад перыядаў літургічнага года. Калі падчас Імшы адбываецца нейкі абрад (абрадавая Імша), напрыклад святарскія пасвячэнні або шлюб, ужываюцца адпаведныя тэксты Імшы. Ватыўная Імша (votio — просьба) — Імша, тэксты якой датычацца канкрэтнай сітуацыі. Гэта можа быць просьба аб спакоі ў свеце, Імша за галадаючых, аб еднасці хрысціян і інш. Імша за памерлых мае таксама спецыяльны падбор зменных тэкстаў. Прыміцыйная Імша — першая Імша новапасвячанага святара.
Спасылкі Сучасны парадак Імшы на беларускай мове Сучасны парадак Імшы на англійскай мове
Катэгорыя:Каталіцтва