Га́нна Анато́леўна Трухано́віч, у шлюбе і да 2026 года — Канапацкая () — беларуская юрыстка, прадпрымальніца. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання (2016—2019), кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2020 і 2025 гадоў.
Біяграфія Нарадзілася 29 кастрычніка 1976 года. Скончыла мінскую школу № 55, пазней юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да прызначэння дэпутаткай ў 2016 годзе была дырэктаркай ТАА «Грынрэй», якое аказвала юрыдычныя паслугі.
Свабодна ведае англійскую, рускую і беларускую мовы.
Грамадска-палітычная дзейнасць Пазіцыянуе сябе як палітыка апазіцыйнага рэжыму Лукашэнкі.
Дзейнасць у 1995—2019 гадах Сябра Аб’яднанай Грамадзянскай партыі (АГП) у 1995—2019 гадах. У 2013—2016 гадах старшыня мінскай гарадской арганізацыі АГП. З верасня 2016 — сябра Палітрады партыі, у межах якой ўзначальвала камісію па працы з прадпрымальнікамі.
Удзельнічала ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання ў 2012 годзе і выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання ў 2014 годзе.
На Парламенцкіх выбарах 2016 года прызначана дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 Мінска.
Член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. Член дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ажыццяўленні кантактаў з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. Член рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Дзяржавы Кувейт, Парламентам Каралеўства Марока, Парламентам Рэспублікі Сінгапур, Парламентам Рэспублікі Славеніі.
Канапацкая была адказнай за падрыхтоўку праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства» ў пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.
26 студзеня 2017 года Канапацкая правяла брыфінг для журналістаў сродкаў масавай інфармацыі па выніках паседжання камісіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі, якое адбылося 24 студзеня ў межах зімовай сесіі гэтай арганізацыі ў Страсбургу (Францыя).
27-28 чэрвеня 2017 года Канапацкая прыняла ўдзел у парламенцкіх слуханнях у Еўрапарламенце ў Бруселі па сітуацыі ў Беларусі, за што была пазбаўлена аплаты працоўных дзён.
9-10 снежня 2019 года Канапацкая разам з беларускай дэлегацыяй наведала штаб-кватэру НАТА ў межах праграмы «Партнёрства дзеля міру».
Будучы дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, Канапацкая выступала за скасаванне дагавора пра саюзную дзяржаву з Расіяй і крытыкавала тагачаснага пасла ў Расіі ў Беларусі.
Прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за акцыю салідарнасці з палітвязнямі.
Аднапартыйцы засталіся незадаволеныя дзейнасцю дэпутаткі. Дэлегаты з’езда Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў верасні 2019 года прынялі рашэнне адмовіць Ганне Канапацкай у паўторным вылучэнні кандыдаткай у дэпутаткі на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Канапацкая на знак пратэсту заявіла пры прыпыненне членства ў партыі. На выбарах Ганна Канапацкая вылучалася праз збор подпісаў, але яе не зарэгістравалі як кандыдатку ў дэпутаткі.
Удзел у Прэзідэнцкіх выбарах 2020 года
12 мая 2020 года Ганна Канапацкая прапанавалася ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 20 мая зарэгістравала ініцыятыўную групу з 1314 чалавек. 10 чэрвеня паведаміла, што здолела сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам 100 тысяч подпісаў.Канопацкая заявила о сборе необходимых 100 тысяч подписей tut.by (10 чэрвеня 2020)
Да 29 чэрвеня заяўляла пра падачу ў ЦВК 110 тысяч подпісаў, аднак 30 чэрвеня ЦВК паведаміла, што пасля ўсіх праверак у Канапацкай засталося 146 588 сапраўдных подпісаў.
18 ліпеня 2020 года адмовілася ўдзельнічаць у тэледэбатах, зрабіўшы заяву: «Як дасведчаны і сталы палітык, я не маю ні права, ні жадання спаборнічаць з заведама больш слабымі апанентамі. Неўзабаве мне яшчэ краінай кіраваць».
Ганна Канапацкая была адзіным з зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты, хто, паводле звестак на 20 ліпеня, не планаваў праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі.
26 ліпеня 2020 года Канапацкая заявіла, што ў яе адрас, а таксама яе дзяцей і давераных асоб падчас сёлетняй выбарчай кампаніі паступаюць пагрозы, яна прыняла рашэнне адмовіцца ад правядзення вулічных пікетаў. Паводле яе слоў, дзейная ўлада, засяроджаная на барацьбе з іншадумствам і пратэснымі настроямі, не здольная абараніць кагосьці, акрамя сябе, што робіць вулічную агітацыю небяспечнай.
28 ліпеня 2020 года Ганна Канапацкая ў сваёй перадвыбарнай праграме заявіла, толькі выключна нацыянальныя інтарэсы павінны ляжаць у аснове яе знешняй палітыкі. Канапацкая прапанавала рухацца па еўрапейскім шляху, яна выступае за рэалізацыю замацаванага ў канстытуцыі імкнення да дзяржаўнага нейтралітэту, а таксама перагледзець усе падпісаныя раней міжнародныя дамовы, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Паводле афіцыйных даных, на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Ганна Канапацкая набрала 1,67 % галасоў, агулам каля 98 тысяч галасоў выбаршчыкаў, заняўшы 4 месца, пасля пункта «супраць усіх». Пазней адзін з удзельнікаў яе выбарчай кампаніі (Зміцер Каспяровіч) заяўляў, што для вылучэння Канапацкай у прэзідэнты было сабрана ўсяго 6 тысяч подпісаў, а Аператыўна-аналітычны цэнтр Лукашэнкі вылучыў на яе кампанію 20 тысяч долараў. Пэўны час пасля выбараў Канапацкая заяўляла пра іх несапраўднасць, падала скаргу ў Вярхоўны суд аб непрызнанні выбараў.
12 жніўня 2020 года Ганна Канапацкая падала ў Вярхоўны суд скаргу на рашэнне Цэнтрвыбаркама па выніках выбараў кіраўніка дзяржавы. На думку Канапацкай, падставай для непрызнання вынікаў з’яўляецца грубае парушэнне палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага кодэкса пры назначэнні і правядзенні выбараў.
Пасля выбараў заявіла пра намер стварыць партыю.
Удзельніца Усебеларускага народнага схода ў лютым 2021 года.
У 2024 годзе называла апазіцыю ў эміграцыі «самазванцамі і махлярамі».
Удзел у Прэзідэнцкіх выбарах 2025 года
Выбары праводзіліся ва ўмовах палітычнага крызісу і масавых палітычных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі.
31 кастрычніка 2024 года ў Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК) Беларусі былі пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятывай групы Ганны Канапацкай. 4 лістапада група была зарэгістраваная, а 23 снежня ЦВК зарэгістравала Ганну Канапацкую кандыдатам у Прэзідэнты.
1 студзеня 2025 года Ганна Канапацкая апублікавала сваю перадвыбарчую праграму.
Паводле афіцыйных вынікаў набрала 1,86 % галасоў, заняўшы 4 месца (пункт «супраць усіх» сабраў 3,60 %).
У верасні 2025 года разам з прапагандыстамі і старшынёй БРСМ удзельнічала ў сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з «ідэалагічным актывам».
Сям’я Станам на жнівень 2020 года, Ганна Канапацкая даўно ў разводзе, мае двух дзяцей — 21-гадовага сына Аляксея (студэнт эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта) і 18-гадовую дачку Анастасію (вучыцца ў Аўстрыі).
Бізнес Паводле дакументаў, Ганна Канапацкая была дырэктаркай юрыдычнай кампаніі «Грын рэй», але спыніла сваю дзейнасць пасля прызначэння дэпутаткай. У інтэрнэце пра кампанію «Грын рэй» няма падрабязнай інфармацыі, у кампаніі ніколі не было сайта. У перадвыбарчай кампаніі 2016 года задэкларавала прыбытак 293 802 204 рублі за 2015 год.
Крыніцы
Спасылкі
Будет ли в Беларуси первая женщина-президент — интервью с Анной Канопацкой (18 ноября 2024)
Катэгорыя:Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі Катэгорыя:Члены Аб’яднанай грамадзянскай партыі Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі (2020) Катэгорыя:Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі (2025)