Гара́ Рагвало́да і Рагне́ды або Рагне́дзін курга́н (мясцовая назва — Царко́ўка) — узгорак і гарадзішча XII стагоддзя ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці.
Геаграфія і апісанне Абсалютная вышыня ўзгорка складае 158,0 м над узроўнем мора. Гара знаходзіцца за 4 км на ўсход ад вёскі Забор'е і за 0,7 км на паўночны захад ад бліжэйшай вёскі Перавоз. Размешчана на паўднёва-ўсходнім беразе возера Дрысы, паміж вусцем ракі Ушча і вытокам ракі Дрыса з аднайменнага возера.
Гара мае памеры 50 на 20 м, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Узвышаецца над урэзам вады возера Дрысы (145,9 м) амаль на 12 метраў. Вяршыня і схілы густа зараслі высокім хваёвым лесам. Геадэзічная адзнака на вяршыні адсутнічае. На паўднёва-ўсходнім схіле гары, каля канала, які злучае раку Ушча і возера, усталявана тлумачальная таблічка.
Гісторыя і археалогія Як гістарычны аб'ект гара вядомая з 1867 года. На пляцоўцы гарадзішча знаходзіцца старадаўні каменны крыж. У падножжа гары размешчаны некалькі сучасных пахаванняў.
Аб'ект абследавалі ў 1974 годзе Георгій Штыхаў, а ў 1981 годзе — Таццяна Скрыпчанка. У паўночнай частцы гарадзішча ў 1970 годзе Эдвард Зайкоўскі правёў шурфоўку. Культурны пласт складае 0,4 м. Падчас даследаванняў былі знойдзены абломкі ганчарнай керамікі XII стагоддзя, адзін фрагмент ляпной керамікі з арганічнай дамешкай у гліне і грабеньчатым арнаментам, другі — з арганічнай дамешкай і штрыхоўкай. Раней тут таксама знаходзілі каменныя свідраваныя сякеры. Помнік належыць да позняга неаліту ці ранняга бронзавага веку і перыяду Кіеўскай Русі. Маштабныя раскопкі на гарадзішчы не праводзіліся.
Паводле аднаго з мясцовых паданняў, менавіта на гэтым месцы загінуў у бітве полацкі князь Рагвалод, які быў забіты ўдарам каменнага молата.
Турыстычны патэнцыял Аб'ект даследаваўся ў рамках спецыяльных краязнаўчых экспедыцый па вывучэнні беларускіх вяршынь. Паводле метадалогіі экспертных ацэнак турыстычна-рэкрэацыйнага патэнцыялу, распрацаванай беларускімі даследчыкамі, гары Рагвалода і Рагнеды прысвоены рэйтынг 3 балы («ўбачыць па дарозе»).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Гарадзішчы Расонскага раёна Катэгорыя:Узгоркі Беларусі Катэгорыя:Рэльеф Віцебскай вобласці Катэгорыя:Перавоз (Расонскі раён)