Святыя апосталы Пётр і Іаан Багаслоў — нубійская фрэска, якая датуецца перыядам VIII — першая палова X стагоддзяў, выкананая тэмперай па глеістай тынкоўцы ў тэхніцы al seccoK. Michałowski, Faras. Die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, с. 7-8.. Аўтар невядомы.
Праца была знойдзена ў саборы Фараса на тэрыторыі старажытнай Нубіі (сучасны Судан) групай польскіх археолагаў падчас адной з археалагічных экспедыцый, праведзеных у 60-х гадах XX стагоддзя пад эгідай ЮНЕСКА (так званая Нубійская кампанія ці Нубійская аперацыя). З 1964 года фрэска знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве. Пасля рэстаўрацыйных работ была выстаўлена ў VI зале Галерэі ФарасGaleria Faras im. Profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, рэд. B. Mierzejewska, с. 130—131..
Археалагічны кантэкст Фрэска знаходзілася ў двух метрах над падлогай на паўночнай сцяне ў паўночным нефе, размешчаным каля заходняй сцяны, якая аддзяляла неф ад капліцы. Вышыня фігур апосталаў на фрэсцы складае два метры, а іх твараў — 33 сантыметрыK. Michałowski, Faras : die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, с. 113—118.. На сценах нефаў сабора ў Фарасе фрагментарычна захаваліся выявы іншых вялікіх фігур, якія стаяць франтальна, магчыма, гэта таксама апосталы. Іх партрэты ў суседстве з выявамі біскупаў Фараса павінны былі сведчыць аб працягласці апостальскай спадчыныMalowidło ścienne — Św. Piotr i św. Jan Ewangelista, Muzeum Narodowe w Warszawie..
Апосталы Пётр і Іаан разам здзяйснялі місіянерскія падарожжы, таксама апакрыфічныя тэксты згадваюць аб сумесным удзеле абодвух у многіх падзеях, звязаных з Багародзіцай (у прыватнасці, у Ўспенні і выяўленні яе нерукатворнага абраза на слупе храма ў Лідзе). Магчыма, менавіта па гэтай прычыне яны намаляваныя разам.
Іканаграфія Апосталы намаляваныя франтальна ў пазіцыі стоячы. Пётр — ў правай частцы фрэскі, Іаан Багаслоў — у левай. Абодва апранутыя ў доўгія хітоны белага колеру з размешчанымі пасярэдзіне двума вертыкальнымі палосамі (Ποταμοί) фіялетавага колеруFaras. Die Kathedrale aus dem Wüstensand, рэд. W. Seipel, с. 67.. На туніку накінуты плашч гіматый, які пакрывае плечы і даходзіць да каленяў. Контуры адзення намаляваныя чорнай фарбай, зморшчыны — жоўтымі і фіялетавымі лініямі. Святыя носяць характэрны абутак пурпурнага колеру.
Апостал Пётр Рукі апостала Пятра сагнутыя ў локцях, а выступаючыя з-пад гіматыя далоні прыўзняты да ўзроўню жывата. У левай руцэ ён трымае ключ, намаляваны цёмна-фіялетавай фарбай. Твар святога выканана ў стылістыцы ўсходняга мастацтва — выцягнутыя, выразна выдзеленыя фіялетавай фарбай вялікія, круглявыя вочы з добра прыкметнымі зрэнкамі, бялкамі і павекамі. Паміж вачыма намаляваны прамы, доўгі нос, выдзелены фіялетавымі і жоўтымі лініямі. Твар акружаны доўгай барадой і кароткімі валасамі з залысінамі, выразна пазначанымі светла-фіялетавай лініяй. Барада зліваецца з вусамі, якія пакрываюць вусны. Па абодва бакі твару намаляваныя вялікія, адсталыя вушы, яны выдзелены цёмна-фіялетавымі лініямі. Галаву святога акружае німб шэрага колеру з чорным контурам.
Апостал Іаан Багаслоў Іаан Багаслоў заслонены правым плячом Пятра, гэта стварае ўражанне, што ён стаіць крыху ззаду. Яго левая рука сагнутая ў локці, далонь размешчана на жываце. У гэтай руцэ апостал трымае вялікую кнігу, контуры якой пазначаныя чорным колерам. Яе вечка чырвонага колеру, а бакавая частка справа — белага. Вечка дэкараванае белымі прастакутнікамі, вылучанымі чорнай лініяй — верагодна, гэта каштоўныя камяні. Твар Іаана больш вузкі і даўжэйшы, чым твар Пятра. Барада і адсталыя вушы кантрастуюць з ім у меншай ступені, хоць і рысы твару прыкметна вастрэй. Нос прамы і доўгі, як у Пятра, выдзелены чорнымі і жоўтымі лініямі. Вочы міндалепадобнай формы, іншыя чым у Пятра, са зрэнкамі таксама ў выглядзе вялікай чорнай кропкі. Гэтак жа і контур твару, бровы, вусны, барада і вусы намаляваныя чорнымі лініямі. Контур вачэй выдзелены фіялетавай лініяй.
Стыль фрэскі Па свайму стылю фрэска рэалізуе тыповыя для ўсходняга жывапісу каноны: фігуры маюць ідэалізаваны характар, святыя пазбаўленыя якіх-небудзь індывідуальных рыс, характэрных для партрэтнага рэалізму. У адпаведнасці з традыцыяй візантыйскага мастацтва ігнаруецца розніца ва ўзросце паміж старэйшым Пятром і малодшым Іаанам. Іаан, таксама як і Пётр, намаляваны шаноўным чалавекам з велічнай шэрай барадой. Твары апосталаў падкрэслены сімваламі, выпрацаванымі візантыйскімі мастакамі — ключ ў апостала Пятра і кніга, атрыбут евангелістаў, у Іаана Багаслова.
На фрэсцы вылучаюцца дзве вобласці, якія можна назваць лінейнымі. Яны асабліва прыкметныя ў геаметрычным спосабе малюнка шчаціння на шчоках. Гэты спосаб прадстаўлення, нароўні з тварамі даўгаватай формы і выкарыстаннем ліній фіялетавага колеру, характэрны таксама для іншых фрэсак з Фараса, перш за ўсё, для фрэскі з выявай святога Ігнація Антыяхійскага, якая знаходзіцца ў цяперашні час у Нацыянальным музеі Судана ў Хартуме, і для фрэскі з невядомым архібіскупам, якая знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Усе тры карціны з'яўляюцца, хутчэй за ўсё, працай аднаго і таго ж цэха, які распісваў сцены сабора Фараса ў VIII стагоддзі. Зважаючы на стылістычную агульнасць і выкарыстанне фіялетавага пігменту гэты стыль фрэсак называецца «фіялетавым»K. Michałowski, Faras : die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, с. 113—118..
Надпісы на фрэсцы Выявы суправаджаюцца надпісамі на грэчаскай мове, зробленымі цёмнай фарбай.
Надпіс ля апостала Іаана Багаслова мае памеры 55 × 20 см. Ён знаходзіцца злева і напісаны ў два радкі: вертыкальным і гарызантальным. Пачынаецца са знака крыжа: + [Ὁ ἃγ]ιος Ἰωάνν[ης] ἀπ[όστ]ολος εὐαγγελιστής κ(αὶ) θεολόγος (+ Святы Іаан, апостал і евангеліст, багаслоў).
Надпіс ля апостала Пятра мае памеры 60 × 20 см. Ён знаходзіцца ў правай частцы фрэскі. Як мяркуецца, першапачаткова быў ў двух радках: вертыкальным злева і гарызантальным уверсе. У месцы злучэння над галавой Пятра размешчаны знак крыжа. Але, хутчэй за ўсё, мастаку не хапіла месца для ўсяго надпісу і ён скончыў яго, спусціўшы ўніз, на другі вертыкальны радок справа. Гарызантальны радок заканчваецца на слове ἀπόστολος, якое ўключае ў сябе адно выпраўленне — літару τ, размешчаную над літарамі σο: + Ὁ ἃγιος Πέτρος κορυφαί[u]ς τῶν ἀποστ[τ]ό[λω]ν κ(αὶ) κλιδoūχ(oς) [τ]ῆς βασ(ιλείας) τ(ῶν) oὐ(ρα)νῶν (+ Святы Пётр, Князь апосталаў, ахоўнік ключоў Валадарства нябеснага)S. Jakobielski, Inschriften, у: K. Michałowski, Faras. Die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, die Inschriften bearbeitete Stefan Jakobielski, с. 296—297..
Літаратура Faras. Die Kathedrale aus dem Wüstensand, рэд. W. Seipel, Wien 2002. Galeria Faras im. Profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, рэд. B. Mierzejewska, Warszawa 2014. Malowidło ścienne — Św. Piotr i św. Jan Ewangelista, Muzeum Narodowe w Warszawie. Michałowski K., Faras : die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, Warszawa-Dresden 1974.
Катэгорыя:Нубія Катэгорыя:Фрэскі паводле алфавіта Катэгорыя:Экспанаты Нацыянальнага музея ў Варшаве