Галоўная сінагога — сінагога ў цэнтры горада Століна (Беларусь). Пабудавана ў канцы XVIII ст.

Гісторыя

Сінагога — найстарэйшы мураваны будынак Століна і Столінскага раёна.

Пры сінагозе былі тры цёплыя малельныя дамы (бейт-га-мідрашы), галоўная сінагога не ацяплялася, таму рэгулярныя богаслужэнні праводзілі ў цёплых малельнях.

З-за пажараў будынак неаднаразова перабудоўвалі. Падчас пажару ў 1827 годзе тут згарэла біма і сорак світкаў торы.

Яўрэйскай грамада Століна разам з апошнім цадзікам была знішчана нацысцкімі акупантамі ў 1942 годзе.

Архітэктура Сінагога збудаваная з цэглы, знаходзіцца ў цэнтры Століна.

З канца XVIII ст. у архітэктуры мураваных сінагог Беларусі назіраецца адыход ад традыцыйнага цэнтрычнага тыпу пабудовы. Сінагогі атрымліваюць рысы свецкіх будынкаў, іх інтэр'ер губляе былую своеасаблівасць. Яскравым прыкладам гэтых змен з'яўляецца Столінская сінагога.

Сінагога ў плане набліжаецца да квадрата, са скошанымі з паўночна-заходняга боку вугламі. Кампактны аб'ём будынка быў накрыты вальмавым дахам з невялікім трохвугольным франтонам над усходняй сцяной. Фасад раздзяляецца на два ярусы гарызантальным поясам і завяршаецца карнізам. Аконныя праёмы ніжэйшага яруса лучковыя, верхняга з паўцыркульным завяршэннем. Унутры сінагога падзяляецца на тры нефы шасцю круглымі калонамі, якія звязаныя аркамі. Пры ўваходзе з паўднёва-заходняга боку быў другі ярус для жанчын. Сцены дэкараваны ў ніжнім ярусе паўкалонамі, у верхнім — адзіночнымі пілястрамі, а таксама фрэскамі, якія імітуюць архітэктурную пластыку. З паўднёва-заходняга боку знаходзіцца тры асобныя уваходы. У сінагозе няма традыцыйнага амбона са слупамі.

Станам на 2017 год дах і фрэскі не захаваліся, будынак моцна пашкоджаны.

Сінагога з'яўляецца адзіным помнікам сінагагальнай архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму ў Беларусі.Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: С. В. Марцелев (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. С. 382.

Спасылкі

Цуды Беларусі. 7 велічных сынагог, якія руйнуюцца // svaboda.org 1 лютага 2020 Карта гісторыка-культурнай яўрэйскай спадчыны ў г. Столін Столінская сінагога на праекце Globustut.by Праект аднаўлення белай мураванай сінагогі ў г. Столін

Катэгорыя:Сінагогі Беларусі Катэгорыя:Славутасці Століна Катэгорыя:Культавыя збудаванні Столінскага раёна Катэгорыя:1793 год у Беларусі