Віду́шава гара́, Авідыушава гара, Відзіум-гара, Дзедзюш-гара — гара каля вёскі Кажан-Гарадок, недалёка ад утоку ракі Цны ў Прыпяць.

Відуш-гара Паводле Р. Зянкевіча, Авідыушова (Owidyuszowa) гара знаходзіцца над ракой Цной за паўтары вярсты ад яе ўтоку ў Прыпяць. З трох бакоў акружаная балотам.

На сярэдзіну ХІХ стагоддзя, паводле перададзеных Зянкевічам сведчанняў ад мясцовага люду, заставалася ўжо толькі траціна гэтай гары, бо за колькі дзясяткаў гадоў да таго мясцовы ўрадовец высек на гары дрэвы і паставіў вятрак. Вятры пачалі разносіць пяскі з гары нашыркі, на вярсту засыпалі навакольныя балаты і нават пасунулі рэчышча Цны.

Зянкевіч пераказвае мясцовыя аповеды, паводле якіх там у даўніну было мора (паблізу гары Зянкевічу паказвалі месца з бяздоннай глыбінёй), а да пагоркаў навокал гары прыставалі караблі.Zieńkewicz R. O uroczyskach i zwyczajach ludu Pińskiego oraz o charakterze jego pieśni // Biblioteka Warszawska. T. 4. Warszawa, 1852. S. 508-509.

Дзедзюш-гара Той жа комплекс пагоркаў ля Кажан-гарадка апісаў геолаг П. Туткоўскі (1925), які сам абыходзіў прыпяцкі рэгіён. Гара ў яго называецца "Дзедзюш-гара". Гэта гара на правым беразе Цны і насупраць паўднёвай часткі Кажан-гарадка.

Пераказ слоў "старажылаў" у Туткоўскага блізкі да Зянкевічавага апісання: гара была высокая і крутая, але, высекшы векавы лес на ёй, гара была "звеяная" ветрам і паніжэла."Комплекс гэты ўяўляе сабой цэлы лабірынт моцна разасобленых пясчаных градаў і купалападобных вяршыняў, сярод якіх яшчэ выразна адрозніваюцца толькі больш-менш ацалелыя элементарныя барханы, арыентаваныя адтулінамі сваіх дугаў на захад (...); два з іх размешчаныя адзін за адным у мерыдыянальным накірунку, а трэці на захадзе ад іх.

Адносная вышыня градаў сягае 10 метраў; кожная з галінаў элементарных барханаў дасягае даўжыні больш чым паўвярсты; схілы іх суправаджаюцца магутнымі асыпаннямі пяска.

Увесь комплекс аголены ад расліннага покрыва і інтэнсіўна развейваецца. Ён цягнецца з паўднёвага ўсходу на паўночны захад на працягу каля 2,5 вёрстаў пры шырыні ў адну вярсту"Геологические исследования на территории бывшей Минской губернии. По данным научной литературы и собственным исследованиям составил профессор и академик П. А. Тутковский. Часть II. Витебск, 1925. С. 197-198..

"Вітава гара" У слоўніку "Беларуская міфалогія" археолаг Л. Дучыц называе Відушаву гару "сакральнай" і піша, што "даследнікі звязваюць назву са славянскім богам Вітам"Л. Дучыц. Відушава гара // Беларуская міфалогія. 2006. С. 81-82.. У кнізе "Сакральныя ўзгоркі Беларусі" (Л. Дучыц сярод аўтараў) пішацца, што Р. Зянкевіч "у сярэдзіне ХІХ ст. запісаў, што Авідава гара звязвалася і са славянскім богам Вітам"Сакральныя ўзгоркі Беларусі / В.Ф. Вінакураў [і інш.]; навук. рэд.: С.П. Віцязь. Мінск: Беларуская навука, 2021. С. 58..

Гэта памылковы пераказ згаданай публікацыі Р. Зянкевіча. Ён пісаў ва ўмоўным ладзе - што можна было б казаць, быццам гара была "прысвечаная Ругевіту або Віту, славянскаму бажку вайны", толькі "калі б люд кажан-гарадоцкі называў сваю гару Вітуш-гара (...). Але выразна люд кажан-гарадоцкі сваю гару называе Відуш-гара, а мястэчка - Відуш-горад"Zieńkewicz R. O uroczyskach i zwyczajach ludu Pińskiego oraz o charakterze jego pieśni. С. 509..

Іншыя назвы У пісанай крыніцы ХІХ ст. згаданая таксама назва "Відзіум-гара" ("Видіумъ-гора" ля вусця Цны ў Прыпяць)Памятная книжка Минской губернии на 1878 год. Часть II. Мн., 1878. С. 117. Верагодна, гэта апячатка ці неабачлівае прачытанне, ад "Відзіуш".

"Авідава гара", згаданая ў З. Далугі-Хадакоўскага (і пададзеная ў слоўнікавым артыкуле Дучыц), адносіцца да іншага месца, да гары ля Гарадзішча каля Пінску ("въ Пінск. пов. недалече Городыща")Донесения о первых успехах путешествия в России Зорияна Долуга-Ходаковского из Москвы 13 липня 1822 г. // Русский исторический сборник, издаваемый Императорским обществом истории и древностей Российских. Том. 7. М., 1844. С. 84.

Літаратура

Катэгорыя:Кажан-Гарадок Катэгорыя:Узгоркі Беларусі Катэгорыя:Беларуская міфалогія