Навагру́дскі за́мак — унікальны помнік абарончага дойлідства XI—XVI стагоддзяў, гістарычны цэнтр Навагрудка, адна з галоўных рэзідэнцый вялікіх князёў літоўскіх. Уваходзіў у стратэгічную лінію фартыфікацый Ліда — Крэва — Меднікі — Трокі. Замак размешчаны на высокім пагорку (Замкавай гары), абкружаным глыбокім ровам. Да нашага часу захаваліся руіны цэнтральнай вежы Шчытоўкі і Касцельнай вежы, а таксама выведзеныя на паверхню і закансерваваныя рэшткі падмуркаў іншых вежаў і муроў. З'яўляецца выдатным узорам гатычнай архітэктуры і беларускай готыкі. Аб'ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя і эвалюцыя ўмацаванняў Ранні перыяд (XI—XIII стст.) Умацаванні старажытнага Навагрудка складаліся з дзвюх пляцовак: дзядзінца (на Замкавай гары) і вакольнага горада (Малога замка). Археалагічнымі даследаваннямі вызначана, што з пачатку XI і да сярэдзіны XIII стагоддзя на валах дзядзінца стаялі драўляныя сцены рознай канструкцыі. За гэты час яны аднаўляліся і перабудоўваліся не менш за пяць разоў. У другой палове XIII стагоддзя на валах былі пастаўлены моцныя дубовыя зрубы-гародні з двайной пярэдняй сценкай.

У гэты ж час (другая палова XIII ст.) з буйных, груба абчасаных палявых камянёў, складзеных на вапне, была ўзведзена першая мураваная вежа, якая належала да тыпу валынскіх веж-данжонаў. Яна мела чатырохвугольную форму і стаяла з паўночнага боку замка, выступаючы за лінію драўлянага вала. Гэтая вежа адыграла вялікую ролю ў абароне горада: у 1274 годзе галіцка-валынскія і татарскія войскі безвынікова штурмавалі Навагрудак. У XIV стагоддзі замак неаднаразова і беспаспяхова спрабавалі захапіць атрады крыжакоў: у 1314 годзе на чале з магістрам Генрыхам фон Плёцке, у 1391 годзе на чале з Конрадам фон Валенродам і ў 1394 годзе на чале з Конрадам фон Юнгінгенам і маршалам Вернерам Тэтынгерам. У выніку гэтых магутных нападаў і абстрэлаў верхнія ярусы старажытнай каменнай вежы атрымалі моцныя пашкоджанні.

Мураваны замак (XIV—XVI стст.)

У канцы XIV стагоддзя на рэштках старога каменнага данжона, якія паслужылі трывалым падмуркам, была ўзведзена новая вежа з цэглы ў тэхніцы лусковай муроўкі. Яна атрымала назву Шчытоўка (Шчытовая або Цэнтральная). Вежа мела 5 паверхаў з перакрыццямі на бэльках і дасягала 25 метраў у вышыню. Унізе яна мела праёмы брамы і з'яўлялася галоўным уваходам у замак. Да канца XIV стагоддзя Шчытоўка заставалася адзінай мураванай фартыфікацыяй драўлянага замка.

У канцы XIV — пачатку XV стагоддзя пачалося маштабнае будаўніцтва мураваных сцен і новых вежаў. На першым этапе збудавалі тры мураваныя вежы: Касцельную, Малую браму (Уваходную) і Пасадскую, а таксама злучылі іх мураванымі сценамі таўшчынёй да 2,6 метра. Сцяна ад Касцельнай вежы да Шчытоўкі не была канструктыўна перавязана з апошняй, што пацвярджае іх розначасовае будаўніцтва.

Другі этап фарміравання мураваных умацаванняў прыпадае на пачатак XV стагоддзя. У гэты час ля ўсходняга падножжа гары, над крыніцай, збудавалі Калодзежную вежу. Яна злучалася з замкам спецыяльным мураваным праслам сцяны з патаемным ходам, што забяспечвала гарнізон пітной вадой.

Трэці этап прыпадае на канец XV — пачатак XVI стагоддзя і звязаны з пагрозай набегаў крымскіх татар. У 1505 годзе замак вытрымаў чарговую аблогу татарскай арды Біці-Гірэя. У гэты перыяд у паўночна-заходнім куце замка збудавалі магутную мураваную вежу Дазорцу, якая мела ў аснове квадрат 14 на 14 метраў і вызначалася наяўнасцю байніц падэшвеннага бою для гармат. Паміж Дазорцай і Шчытоўкай узвялі сцяну, якая канчаткова замкнула кола мураваных фартыфікацый замка.

Развіццё артылерыі і ўдасканаленне тактыкі аблогі ў XVI стагоддзі прымусіла абаронцаў стварыць дадатковы ніжні пояс абароны (форбург). Ля ўсходняга падножжа гары была збудавана Меская брамная вежа, якая злучалася прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай.

Унутры дзядзінца знаходзілася мураваная царква Успення Прасвятой Багародзіцы (вядомая з XIV ст.), якая ў тым ліку выкарыстоўвалася для захоўвання кніг земскага і Трыбунальскага судоў у пачатку XVIII стагоддзя. З 1581 па 1775 год у горадзе кожныя два гады праходзілі сесіі (так званая «руская кадэнцыя») галоўнага апеляцыйнага суда — Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. На поўнач ад царквы стаяў двухпавярховы мураваны княжацкі палац. Замак доўгі час з'яўляўся цэнтрам палітычнага жыцця Навагрудскага павета: тут традыцыйна праходзілі шляхецкія сеймікі. Для гэтых мэт навагрудская шляхта неаднаразова выдаткоўвала сродкі і будавала на тэрыторыі дзядзінца спецыяльны судовы дом і сеймікавую ізбу. Абавязак зберагаць актавыя кнігі прывёў да таго, што з 1638 года для архіва была прыстасавана вежа Шчытоўка. Такім чынам, у XVI стагоддзі Навагрудскі замак меў 7 вежаў і лічыўся адным з самых магутных для свайго часу на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Разбурэнне замка (XVII—XVIII стст.) Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай 1654—1667 гадоў замак двойчы захопліваўся. У верасні 1655 года яго ўзялі штурмам казакі Івана Залатарэнкі, а ў 1660 годзе крэпасць занялі войскі князя Івана Хаванскага. У выніку гэтых ваенных дзеянняў вежы Меская, Калодзежная, Малая брама і Пасадская, а таксама муры паміж імі былі зруйнаваны да падмуркаў. Канчаткова фартыфікацыі былі знішчаны падчас Паўночнай вайны: у 1706 годзе шведскія войскі падарвалі рэшткі ўмацаванняў.

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі руіны замка працягвалі знікаць. У 1802 годзе літоўскі генерал-губернатар Л. Бенігсен даў загад разабраць рэшткі замкавых вежаў для брукавання вуліц горада. У канцы XIX стагоддзя на тэрыторыю замчышча праз праломы ў мурах пачалі масава звозіць смецце з усяго Навагрудка. Гэты пласт дасягнуў 2 метраў у таўшчыню і амаль цалкам пахаваў пад сабой руіны старажытных пабудоў.

У 1906 годзе абвалілася палова ўсходняй вежы — Шчытоўкі. Каб прадухіліць далейшае разбурэнне, у 1909—1910 гадах дзякуючы намаганням Т. Корзана да яе былі прыбудаваны падпорныя эскарпы-контрфорсы. У 1922 годзе дзякуючы дапамозе Дэпартамента мастацтва і культуры Навагрудская акруговая дырэкцыя грамадскіх работ умацавала эскарпамі і паўднёвую — Касцельную вежу.

Найноўшы час і даследаванні

Першыя прафесійныя археалагічныя даследаванні на Замкавай гары прайшлі ў міжваеннай Польшчы: у 1924 годзе пад кіраўніцтвам кансерватара Навагрудскага ваяводства прафесара Ежы Рэмера, а ў 1930 годзе — пад кіраўніцтвам доктара Станіслава Лорэнца. Гэтыя раскопкі далі магчымасць усталяваць форму замкавых муроў, былі адкрыты падмуркі дзвюх вежаў, барбакана і скляпеністага пераходу да яго.

У савецкі час маштабныя даследаванні працягнуліся. З 1956 года на Замчышчы працавалі археалагічныя экспедыцыі, у тым ліку пад кіраўніцтвам Ф. Д. Гурэвіч. У 1969—1973 гадах фундаментальныя архітэктурна-археалагічныя даследаванні праводзіў М. А. Ткачоў, які дэталёва вывучыў этапы фарміравання і развіцця замкавага комплексу. У 2011 годзе навагрудскія ўмацаванні (Дазорную і Пасадскую вежы) даследаваў А. А. Мяцельскі. Ён удакладніў іх памеры, архітэктурныя дэталі і знайшоў рэшткі мураванай сцяны паміж імі, а таксама даказаў, што Малы замак не быў злучаны мураванымі сценамі з галоўным.

Сучасны стан і кансервацыя

Да пачатку XXI стагоддзя Навагрудскі замак дайшоў у стане моцна разбураных руін. У рамках дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» з 2012 года пачаліся маштабныя кансервацыйна-рэстаўрацыйныя работы, падзеленыя на шэсць пускавых комплексаў. Праект быў распрацаваны УП «Гроднаграмадзянпраект» і ААТ «Белрэстаўрацыя».

У 2013—2014 гадах праводзіліся работы па стабілізацыі схілу Замкавай гары пад Касцельнай вежай (ўсталявана каля 100 бураін'екцыйных паль). Сама вежа была зафіксавана прасторавым металічным бандажом і прыгружана новымі мураванымі канструкцыямі, выкананымі з рэстаўрацыйнай цэглы ручной працы ў тэхніцы «вендскай муроўкі». Для прадухілення далейшых апоўзняў каля Фарнага касцёла (якія фіксаваліся, напрыклад, у 2017 годзе) была ўладкавана новая дрэнажная сістэма.

Пяты этап рэстаўрацыі завяршыўся ў 2024 годзе. Ён уключаў кансервацыю руін замкавых сцен па ўсім перыметры гары і вывядзенне на паверхню рэштак трох вежаў — Уваходнай (Малой брамы), Дазорнай і Пасадскай. Да гэтага яны былі схаваны пад зямлёй. Старажытны мур быў ачышчаны і надбудаваны прыкладна на 1,5 метра новымі камянямі і цэглай, дзякуючы чаму замак атрымаў часткова замкнёны контур.

Шосты этап, які працягнецца ў 2025 годзе, прадугледжвае аднаўленне вежы Шчытоўкі і стварэнне ў ёй музейнай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі замка. Згодна з праектам галоўнага архітэктара А. Карпука, плануецца адрэстаўраваць захаваныя фрагменты і ўзнавіць страчаныя сцены з выкарыстаннем новай цэглы для візуальнага адрознення ад аўтэнтыкі. Вежа будзе мець шасціўзроўневую прастору (ад глыбіні 5 метраў да вышыні 12,5 метра) з драўлянымі вокнамі і вітражамі. Плануецца таксама аднаўленне сярэднявечнага данскера. Музей будзе «халодным» (без падвядзення камунікацый, акрамя электрычнасці, для захавання культурнага пласта). З восені 2024 года ўваход на тэрыторыю Замкавай гары стаў платным для маніторынгу турыстычнай плыні.

Крыніцы

Літаратура

Белорусская ССР. Т. 4 : краткая энцикл. — Мн., 1981. Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского. Энциклопедия. — Мн., БелЭн, 2009. — С. 312. — ISBN 978-985-11-0432-7 Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — С. 8—14. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х.

Ткачёв, М. А. Замки Беларуси. — Мн., 2005.

Спасылкі

Катэгорыя:Замкі Беларусі Катэгорыя:Замкі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Славутасці Навагрудка Катэгорыя:Вуліца Малы Замак (Навагрудак) Катэгорыя:Абарончыя збудаванні Навагрудка Катэгорыя:Навагрудскі замак