Пратэсты ў Беларусі супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» і эканамічнай палітыкі ўлад пачаліся 17 лютага 2017 года з «Маршу абураных беларусаў» у Мінску, а затым перакінуліся на іншыя буйныя гарады краіны — Бабруйск, Баранавічы, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Маладзечна, Оршу, Пінск і інш. Удзельнікі акцый пратэсту патрабавалі адмены Дэкрэта № 3 і адстаўкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які быў ініцыятарам т.зв. «падатку на дармаедства». Большасць акцый прайшла пад назвай «Марш недармаедаў». Пасля 25 сакавіка, калі ў Мінску адбыліся масавыя затрыманні ўдзельнікаў, акцыі былі ўжо адносна нешматлікія, у вулічных пратэстах удзельнічалі пераважана палітычныя актывістыsvaboda.org.
Прычыны 2 красавіка 2015 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выдаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які ўстанавіў абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія ўвесь час пражываюць у краіне, і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў ці ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплаціць збор у памеры 20 базавых велічынь.
Падатковыя органы накіравалі каля 470 тысяч паведамленняў на выплату падатку на дармаедства. 20 лютага 2017 года скончыўся апошні тэрмін выплаты збору. Збор выплацілі толькі каля 54 тыс. грамадзян (прыкладна 11,5 %). Пэўная колькасць грамадзян звярнулася ў мясцовыя органы ўлады з заявамі аб вызваленні ад выплаты збору. Для тых, што не выплаціў збор, або выплаціў яго несвоечасова, прадугледжвалася адміністрацыйная адказнасць. У гэтым выпадку меў быць складзены пратакол, што накіроўваўся на разгляд у суд для рашэння або аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь, або аб адміністрацыйным арышце. У выпадку адміністрацыйнага арышту грамадзянін мусіў быць прыцягнуты да грамадска карысных прац, пасля адбыцця якіх сума збору лічылася б выплачанай. Адміністрацыйны арышт мог быць накладзены на тэрмін да 15 сутак.
У 2011 годзе Беларусь перажыла фінансавы крызіс. Эканамічныя праблемы ў Рэспубліцы Беларусь, адсутнасць структурных рэформаў, а таксама шэраг іншых фактараў (сярод якіх і расійская інтэрвенцыя ва Украіну і далейшая дэвальвацыя расійскага рубля) істотна паўплывалі і на курс беларускага рубля, прывялі да падзення пакупніцкай здольнасці насельніцтва, росту беспрацоўя і г.д.. Таксама ў Беларусі па-ранейшаму адбываліся сістэмныя парушэнні правоў чалавека.
Храналогія
17 лютага — Марш абураных беларусаў
Напярэдадні «Марша абураных беларусаў» ад удзелу ў ім адмовіліся Партыя БНФ, рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду». Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў здагадку, што акцыя стане чарговым «лятучым пікетам», гэта значыць, не збярэ вялікай колькасці ўдзельнікаў і не стане значнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці Беларусі. Таксама ён дадаў, што мэтазгодна сканцэнтраваць грамадскую ўвагу і арганізацыйныя высілкі на Дні Волі. Лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў патлумачыў няўдзел тым, што, на яго думку, пакуль не вычарпаны мірныя і законныя шляхі адмены Дэкрэта № 3. Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч адзначыў, што замест арганізацыі вулічнай акцыі, якая, на яго думку, наўрад ці магла стаць паспяховай, члены арганізацыі сканцэнтраваліся на аказанні юрыдычнай дапамогі тым, хто трапіў пад дэкрэт. Але Губарэвіч не выключыў, што далучыцца да акцыі, калі на яе выйдуць шырокія колы беларусаў.
17 лютага 2017 года ў цэнтры Мінска адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць Дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», на які выйшла больш за 2000 чалавек. Арганізатарамі акцыі сталі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя. Марш пачаўся а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. На прыступках Палаца Рэспублікі з прамовамі выступілі арганізатары і некаторыя ўдзельнікі акцыі. Удзельнікі скандавалі «Не — дэкрэту № 3», «Жыве Беларусь», «Не бойцеся!». Мікалай Статкевіч заявіў, што Дэкрэт № 3 «гэта адкрыты здзек над грамадствам і над кожным з нас», і заклікаў прыняць рэзалюцыю, у якой высоўваюцца патрабаванні адмяніць Дэкрэт, спыніць зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва, адмяніць павышэнне пенсійнага ўзросту, вярнуць народу свабодныя і справядлівыя выбары. Удзельнікі мітынгу падтрымалі рэзалюцыю. Пасля гэтага Марш рушыў па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, размешчанага па вуліцы Савецкай № 9, каля Дома ўрада.
Каля Міністэрства па падатках і зборах адбыўся кароткі мітынг, падчас якога на яго прыступках удзельнікі Маршу спалілі ў вядры свае «лісты шчасця» — паведамленні з патрабаваннем аплаціць збор. У 19:12 арганізатары аб’явілі, што «Марш абураных беларусаў» завершаны. Пад канец Мікалай Статкевіч запатрабаваў ад уладаў выканання ўсіх патрабаванняў мітынгоўцаў да 25 сакавіка. Інакш, паводле яго слоў, у Дзень Волі людзі зноў збяруцца і будуць патрабаваць адстаўкі цяперашняй улады.
Пасля «Маршу абураных беларусаў» невядомыя ў цывільным напалі на актывістаў анархісцкага руху, якія накіроўваліся дамоў. У іх забралі транспарант, аднак самім актывістам удалося пазбегнуць затрымання.
19 лютага
Гомель У нядзелю, 19 лютага 2017 года мітынг супраць Дэкрэта № 3 адбыўся і ў другім па памеры горадзе Беларусі. Сход пачаўся апоўдні на плошчы Паўстання, ад якой праз дзесяць хвілін вялікая калона па вуліцы Савецкай рушыла да плошчы Леніна. На чале калоны ішлі прадстаўнікі палітычных і прафсаюзных рухаў. Гучалі палітычныя лозунгі, лозунгі супраць падаткаў на «дармаедства». Калона расцягнулася на сотні метраў, аўтамабілі віталі ўдзельнікаў шэсця працяглымі гукавымі сігналамі. Удзельнікі акцыі скандавалі «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі».
Па розных падліках, на плошчы Леніна знаходзілася ад адной да трох тысяч чалавек. На мітынг у Гомелі, як і ў Мінску, выйшлі людзі розных узростаў і розных сацыяльных статусаў. Мітынг супраць Дэкрэта № 3 стаў самай масавай вулічнай акцыяй пратэсту ў Гомелі пасля 1990-х гадоў, калі тут праходзілі шматлікія страйкі. Многія ўдзельнікі мітынгу адзначалі, што іх натхніў марш у Мінску.
Арганізатары акцыі пратэсту ў Гомелі заявілі, што, калі ўрад не адменіць дэкрэт, то на Дзень Волі 25 сакавіка будзе арганізавана ўсерэспубліканская акцыя пратэсту.
Магілёў У Магілёве гарадскія ўлады забаранілі правядзенне «Марша недармаедаў» па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Чыноўнікі аргументавалі тым, што арганізатары ў заяўцы на акцыю пратэсту месцам яе правядзення абралі не вызначаную гарвыканкамам пляцоўку для масавых мерапрыемстваў, якая размешчана ўдалечыні ад людных мясцін горада. У выніку было вырашана правесці 19 лютага па той жа вуліцы «Прагулку недармаедаў», у якой узялі ўдзел прынамсі паўтысячы чалавек, у т.л. старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Выступоўцы гаварылі пра антынародную і антыканстытуцыйную скіраванасць дэкрэта аб дармаедах, патрабавалі яго адмены і заклікалі аб’ядноўвацца дзеля абароны сваіх правоў.
Пазней на заяўнікаў «Марша недармаедаў» — каардынатара-актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алега Аксёнава і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава — былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па абвінавачванні ў арганізацыі несанкцыянавага шэсця.
Іншыя гарады У іншых абласных цэнтрах 19 лютага акцыі не былі падрыхтаваны. Пасля падзей у Гомелі людзі пачалі стыхійна збірацца а 14-й гадзіне ў цэнтрах Брэста, Гродна і Віцебска.
У Брэсце сабралося не больш за сто чалавек. Мерапрыемства працягвалася каля гадзіны. Удзельнікі пратэсту выйшлі на плошчу Леніна каля будынку абласнога выканаўчага камітэта без плакатаў і сцягоў. Аўтамабілісты ў знак салідарнасці сігналілі. Шэсце не адбылося, пасля выступу некалькіх удзельнікаў людзі разышліся.
У Гродне на акцыю выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Адначасова на Савецкай плошчы актывісты збіралі подпісы за адмену Дэкрэта № 3.
26 лютага
Віцебск На мітынг у Віцебску людзі сабраліся праз сацыяльныя сеткі, сама акцыя праходзіла досыць стыхійна, малаарганізавана. Удзел у пратэсце ўзялі людзі розных пакаленняў і сацыяльных груп. Удзельнікі акцыі прайшлі шэсцем ад плошчы Перамогі да плошчы Леніна.
Удзельнікі мітынгу скандавалі «Жыве Беларусь!». Некалькі невядомых са схаванымі тварамі час ад часу выкрыквалі «Слава Расіі!», не атрымліваючы падтрымкі ад пратэстоўцаў.
Пад канец акцыі пратэсту член БХД Таццяна Севярынец заклікала правесці наступнае шэсце 25 сакавіка, на Дзень Волі. Пасля заканчэння акцыі, каля 15:10 Севярынец была затрымана супрацоўнікамі міліцыі.
Іншыя гарады У Бабруйску ў акцыі пратэсту на плошчы Леніна ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек. Перад пратэстоўцамі выступіў ураджэнец горада і адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
У Баранавічах у акцыі пратэсту на плошчы Леніна ўзялі ўдзел больш за 300 чалавек. Сярод удзельнікаў пераважалі людзі старэйшага ўзросту, у тым ліку бацькі, чые дзеці не могуць знайсці працу. Падтрымаць пратэстоўцаў прыехаў Анатоль Лябедзька. Машыны, якія праязджалі каля плошчы, сігналілі ў знак падтрымкі.
У Брэсце ў акцыі пратэсту ўзялі ўдзел каля 300 чалавек. Шэсце прайшло ад плошчы Леніна да пешаходнай вуліцы Савецкай. Удзельнікі акцыі скандавалі «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі!», таксама папулярным слоганам падчас пратэсту быў «Баста!». Машыны на вуліцы Леніна сігналілі ў знак падтрымкі.
5 сакавіка — Брэст
Напярэднані, 3 сакавіка 2017 года на выхадзе з пад’езда ўласнага дома была затрымана міліцыяй і змешчана ў псіхіятрычную лячэбніцу Наталля Папкова, актывістка «Маладой Беларусі» і адна з арганізатараў вулічных акцый пратэсту ў Брэсце. Паводле словаў самой затрыманай, ёй не патлумачылі прычыну затрымання, а таксама куды яе вязуць, па прыбыцці ж у лячэбніцу проста трымалі там без якога-небудзь лячэння.
Раніцай 5 сакавіка пад Івацэвічамі затрымалі машыну, у якой на акцыю пратэсту ехалі лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, а таксама актывісты Мікалай Казлоў (АГП) і Вольга Кавалькова (БХД). Іх машыну забралі, Лябедзьку і Рымашэўскага прывезлі ў Бярозаўскае РУУС.
Падтрымаць пратэстоўцаў у Брэсце прыехаў блогер Максім Філіповіч, адзін з актывістаў пратэстнага руху ў Гомелі.
Акцыя пратэсту ў Брэсце 5 сакавіка пачалася апоўдніна плошчы Леніна. Пратэстоўцы з плошчы рушылі да будынка Брэсцкага гарвыканкама, які размешчаны непадалёк. Старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук запрасіў людзей на гутарку ў актавую залу гарвыканкама, на што пагадзілася толькі невялікая колькасць пратэстоўцаў. Большасць пратэстоўцаў засталася на вуліцы, скандуючы «На вуліцу!».
Да мітынгу далучыліся анархісты з транспарантам «Чыноўнік — галоўны дармаед» () і чорнымі сцягамі, якія і ўзялі на сябе функцыю лідараў пратэсту. Удзельнікі акцыі пратэсту скандавалі «Жыве Беларусь!», «Баста!», «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі», а таксама «Нет зарплаты, есть налог — депутату в кошелек!» і «Настоящий дармоед — тот, кто выдумал декрет». Анархісты павялі шэсце праз цэнтр горада, па вуліцах Пушкінскай і Савецкай. Па дарозе шэсце разраслося да некалькіх тысяч чалавек. Людзі з ганкаў крамаў падтрымлівалі дэманстрантаў апладысментамі.
Шэсце завяршылася каля ЦУМа на праспекце Машэрава. Пры канцы актывісты заклікалі людзей 11 сакавіка падтрымаць аналагічны пратэст у Пінску.
Увечары 5 сакавіка міліцыя затрымала чатырох анархістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту. Судовы працэс над імі прайшоў увечары 6 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Усе абвінавачаныя былі прызнаны вінаватымі ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах, трое былі асуджаны на 5 сутак арышту, адзін — на 4 сутак.
10 сакавіка — Маладзечна