Грыгорый Палама (; 1296, Канстанцінопаль — 14 лістапада 1359, Салонікі) — візантыйскі багаслоў і царкоўны дзеяч, прылічаны да святых праваслаўнай царквой (1368).

Грыгорый Палама быў прыхільнікам і сістэматызатарам містычнага вучэння ісіхазму, якому даў філасофскае афармленне. У палеміцы з прадстаўнікамі тэалагічнага рацыяналізму (Варлаам Калабрыйскі, Грыгорый Акіндзін, Нікіфар Грыгара) адстойваў тэзіс, паводле якога аскет-ісіхаст у стане экстазу непасрэдна ўспрымае нятворанае і нярэчыўнае выпраменьванне бога (т.зв. «Фаворскае святло», якое, паводле Евангелля, бачылі апосталы на гары Фавор). Адмяжоўваючыся ад пантэізму, развіў у духу ідэалістычнай дыялектыкі Арыстоцеля вучэнне пра адрозненне сутнасці бога і яго «энергій», або самапраяўленняў: сутнасць знаходзіцца ў сабе і недаступная, «энергіі» праймаюць свет і пераходзяць на чалавека, але такім спосабам, што «прастата́» і непадзельнасць бажаства пры гэтым не парушаюцца і адзінства сутнасці застаецца адзінствам у шматвобразнасці «энергій». Пасля доўгай барацьбы гэтае вучэнне было ў 1351 г. прызнана афіцыйнай дактрынай візантыйскай царквы. Антрапалогія Грыгорыя Паламы, падпарадкаваная практычным мэтам аскетычнай працы над сабою, уключае складаныя псіхалагічныя назіранні. Ідэал Грыгорыя Паламы — такое «прасвятленне» духу, якое б распаўсюдзілася і на цела: паводле яго поглядаў, чалавечы дух богападобны менавіта ў сілу сваёй здольнасці «жыватварыць» цела, у адрозненне ад бесцялеснага духу анёлаў. Грыгорый Палама аказаў моцны ўплыў на традыцыю позневізантыйскай містыкі.

Бібліяграфія (некаторыя творы) Patrologia cursus completas, series graeca, accur. J. P. Migne. T. 150, P., 1865. (Руск. пер.: Три творения. Новгород, 1895.) Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969. С. 366—374.

Літаратура Меуendorff J. Saint Grégoire Palamas et la mystique orthodoxe. P., 1959. Кривошеин В. Аскетическое и богословское учение св. Григория Паламы // Seminarium Kondakovianum VIII. Praha, 1936. S. 99—154.

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя святыя Катэгорыя:Хрысціянскія святыя XIV стагоддзя Катэгорыя:Свяціцелі Катэгорыя:Айцы Царквы Катэгорыя:Постаці Візантыі Катэгорыя:Ісіхазм Катэгорыя:Хрысціянскія містыкі Катэгорыя:Сярэдневяковы Афон Катэгорыя:Крытыкі ісламу Катэгорыя:Асобы